За падпал танку на чыгуначнай станцыі пракурор запрасіў 10 гадоў калоніі

Па крымінальнай справе за падпал танку пракурор запрасіў для абвінавачанага 26-гадовага Ягора Міхайлава 10 гадоў калоніі, паведамляюць праваабаронцы «Вясны».

Ягор Міхайлаў. Фота: spring96.org

Менчука абвінавачваюць у падпале танка Т-72 на чыгуначнай станцыі ў Сцяпянцы, нібыта ён кінуў у яго «кактэйль Молатава» з надпісам «ОГСБ» уначы 31 студзеня. Відэа палаючага танка з’явілася ў інтэрнэце ў пачатку лютага, але дзяржСМІ назвалі яго фэйкам, а Мінабароны прадэманстравала непашкоджаны і цэлы танк.

Ягор Міхайлаў абвінавачваецца па ч. 1 арт. 289 Крымінальнага кодэксу («Акт тэрарызму»). Па версіі абвінавачвання, у выніку дзеянняў абвінавачанага ўзнікла «аб’ектыўная небяспека гібелі людзей», але патрулюючыя вайскоўцы ў ноч падпалу нават не заўважылі ўзгарання.

Ніякай шкоды танку прычынена не было, Мінабароны не заяўляла пазову аб кампенсацыі.

Пылаючы танк Міністэрства абароны. Фота: скрыншот

Міхайлаў прызнаў віну часткова: ён прызнаўся, што здзейсніў падпал танка, але не пагадзіўся з кваліфікацыяй свайго дзеяння і тым, што гэта было зроблена з палітычных матываў. Але пракурор у спрэчках заявіў, што падпал быў здзейснены з палітычных матываў — гэта даказаны факт. Галоўны доказ — чыстасардэчнае прызнанне Міхайлава ў СІЗА КДБ пасля затрымання.

Адвакат Міхалайва ў спрэчках падкрэсліў, што ўзгарання танка не было, а была толькі ўспышка. Акрамя таго, Міхайлаў на судзе распавядаў, што ён зрабіў «кактэйль» такім чынам, каб не нанесці вялікай шкоды танку. Усе паказанні сведкаў заснаваныя на здагадках, прамых доказаў таго, што вайскоўцы рэальна напужаліся не было.

У выніку, дзяржабвінавачванне запрасіла для Ягора Міхайлава пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі тэрмінам на дзесяць гадоў ва ўмовах узмоцненага рэжыму.

Прысуд Ягору Міхайлаву будзе абвешчаны 26 ліпеня ў 12 гадзін.

«ByPol» апублікаваў расследаванне пра злачынствы ДАІ

АД, belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны