З кім Ціханоўская сустрэнецца ў ЗША і што будзе, калі з ёй не сустрэнецца Байдэн?


Святлана Ціханоўская 18 ліпеня распачала візіт у Злучаныя Штаты. Запланаваныя сустрэчы на высокім узроўні, але не факт, што адбудзецца сустрэча на найвышэйшым – з прэзідэнтам ЗША.

Ілюстрацыйнае фота. Джо Байдэн, 7 студзеня 2021 года.
Фота: RS/MPI / Capital pictures / Forum

У першы дзень візіту Святлана Ціханоўская сустрэлася з беларускаю дыяспарай у Вашынгтоне. Яна анансавала сустрэчы на высокім узроўні ў Дзяржаўным дэпартаменце ЗША (19-га) і Белым доме (20-га), мае наведаць адкрыццё двухпартыйнага беларускага кокусу (сход кангрэсменаў, нацэлены на адну толькі беларускую тэму) у Кангрэсе ЗША і сустрэцца з сенатарамі ад Дэмакратычнай і Рэспубліканскай партыяў, а таксама з кіраўніком агенцтва міжнароднай дапамогі USAID.

Hавiны
Распачаўся працоўны візіт Святланы Ціханоўскай у ЗША
2021.07.18 17:21

На сёння Ціханоўская анансавала сустрэчу з дзяржаўным сакратаром ЗША (фактычна міністрам замежных справаў) Энтані Блінкенам, намесніцаю дзяржаўнага сакратара Віктор’яй Нулэнд і дарадцам Дзяржаўнага дэпартаменту Дэрэкам Шале. На заўтра анансавалі сустрэчу з дарадцам прэзідэнта ЗША Джэйкам Саліванам і сенатарамі Мэнэндэзам, Рышам, Шэгін, Портмэнам ды іншымі. Візіт у Вашынгтон мае працягнуцца да 23 ліпеня, потым запланаваныя візіты ў Нью-Ёрк, Сан-Францыска і Лос-Анджэлес.

А з Байдэнам?

Яшчэ ў мінулым лістападзе Ціханоўская казала, што запрошаная на сустрэчу з прэзідэнтам ЗША Джо Байдэнам. Група кангрэсменаў заклікала Байдэна сустрэцца з Ціханоўскаю падчас цяперашняга ейнага візіту, тое ж прэзідэнту ЗША раіла рэдакцыя ўплывовага выдання «The Washington Post».

Чаму сустрэча з Байдэнам так цяжка ладзіцца і што будзе, калі сустрэча не адбудзецца, «Белсат» спытаў аналітыка Валера Карбалевіча.

Журналіст і палітолаг Валер Карбалевіч.
Фота: liberalclubbelarus / Facebook

Усё пазнаецца ў параўнанні, кажа ён. ЗША – вялікая краіна, прыярытэтныя справы амерыканскай дыпламатыі вялікія, Беларусь там не на першым месцы. Статус Ціханоўскай няпэўны: лідар беларускай дэмакратыі, але гэта не дзяржаўны ўзровень. Калі б туды прыехаў намеснік міністра замежных справаў Беларусі, наўрад ці ён мог бы сустракацца з чыноўнікамі высокага рангу.

Аднак Ціханоўская будзе ладзіць сустрэчы ў Белым доме, таму магчымыя сюрпрызы, мяркуе Карбалевіч. Тым больш улады Беларусі па-свойму дапамаглі Ціханоўскай праз атаку на журналістаў і асабліва праз пагром радыё «Свабода», бо гэта амерыканскае выданне. Гэты чыннік можа падштурхнуць амерыканскую адміністрацыю да больш высокага ўзроўню сустрэчаў з Ціханоўскай.

Hавiны
Прэзідэнт праўлення Польскага тэлебачання: Маштабы пераследу журналістаў у Беларусі выклікаюць жах
2021.07.17 11:32

І калі з Ціханоўскай не сустрэнецца ні Байдэн, ні нават Блінкен, не будзе паразы ці пажывы для беларускай прапаганды, даводзіць Карбалевіч. Тая прапаганда заўсёды знойдзе, з чаго пакпіць. А ў Ціханоўскай несумнеўна будзе сустрэча з кангрэсменамі, чыноўнікамі Белага дому і Дзяржаўнага дэпартаменту. Гэта дапаможа захаваць беларускую тэму ў парадку дня амерыканскай замежнай палітыкі і амерыканскай дыпламатыі. Менавіта ў гэтым Карбалевіч бачыць місію паездкі:

«Я не выключаю, што гэты візіт, як і пагром радыё «Свабода», падштурхне ЗША да нейкіх больш жорсткіх санкцыяў адносна афіцыйнага Менску. ЗША ў мінулым анансавалі прыняцце новых санкцыяў, а цяпер магчыма, гэты працэс будзе паскораны. Гэта магчымы вынік візіту».

АА, belsat.eu

Стужка навінаў