Ягор Марціновіч з-за кратаў: Мы спрабавалі выстаяць падчас цунамі


Галоўны рэдактар «Нашай Нівы» Ягор Марціновіч.
Фота: архіў героя

Затрыманыя работнікі «Нашай Нівы» ўжо 11 дзён застаюцца ў ізалятары на Акрэсціна без перадачаў і матрацаў, паведамляе выданне.

Нашаніўцы не выйшлі на волю ўчора, іх затрымалі адразу другі раз з нагоды новага артыкулу. Ягор Марціновіч перадаў праз сукамернікаў пасланне на волю:

«Мы спрабавалі выстаяць падчас цунамі, але ў нас не атрымалася. На жаль, прастора для дзейнасці незалежных СМІ скарацілася да памеру камеры на Акрэсціна ці Валадарцы. Ні я, ні, думаю, мае арыштаваныя калегі не шкадуем, што засталіся ў Беларусі і працавалі з Беларусі да апошняга. Праца нацыянальнага брэнду павінна працягвацца хоць з намі, хоць без нас, таму што «Наша Ніва» – гэта не Марціновіч, Скурко, Дынько і Раковіч (галоўны рэдактар выдання яшчэ не ведае, што бухгалтарку 16 ліпеня вызвалілі. – Заўвага Belsat.eu), а высокапрафесійная журналісцкая каманда і сотні тысяч чытачоў. Як можна нам дапамагчы? Падпішыцеся на нашыя старонкі ў сацыяльных сетках, падпішыцеся на наш тэлеграм-канал!

Чытайце па-беларуску, рэпосціце па-беларуску, размаўляйце па-беларуску! І калі такіх людзей будзе не сотні тысяч, а мільёны, то ўсе мы вызвалімся нашмат раней. Люблю Беларусь!»

Ягора Марціновіча схапілі 8 ліпеня, збілі, а потым учынілі ператрус у ягонай кватэры.

Разам з Ягорам былі затрыманыя галоўны рэдактар «Нашай гісторыі» Андрэй Дынько, кіраўнік аддзелу рэкламы і маркетынгу Андрэй Скурко, галоўная бухгалтарка Вольга Раковіч. Як паведамлялі ў СК, усе затрыманыя «нашаніўцы» праходзяць падазраванымі па ч.1 арт. 342 КК.

Hавiны
Галоўны рэдактар «Нашай нівы» Ягор Марціновіч не выйшаў на волю, яго затрымалі па новым крымінальным артыкуле
2021.07.18 17:56

МГМ, belsat.eu

Стужка навінаў