«Вы з «Hrodna.life»? Можна паціснуць вам руку?» Як працуюць рэгіянальныя журналісты, якіх выціскаюць з Беларусі


На мінулым тыдні пракацілася хваля ператрусаў у рэгіянальных незалежных выданнях. Праз небывалыя рэпрэсіі некаторыя рэдакцыі эвакуяваліся ўсім складам за мяжу. Напрыклад, магілёўскі партал 6tv.by, рэдакцыя навінавага парталу Барысава і Жодзіна Ex-press.by.

Аляксей Шота, галоўны рэдактар «Hrodna.life». Горадня, Беларусь. 7 ліпеня 2021 года.
Фота: МК / Белсат

Аднак ёсць і такія, што, не зважаючы на ціск, працягваюць працаваць і даносіць людзям праўду. «Белсат» зазірнуў у рэдакцыю гарадзенскага парталу «Hrodna.life» і даведаўся, чым цяпер жывуць рэгіянальныя журналісты.

«Мы пачалі адчуваць, наколькі мы патрэбныя»

Рэдакцыя гарадскога парталу месціцца на Кірава 3 – адрас, які стаўся ў пэўным сэнсе культавым. Побач культурніцкая пляцоўка «Цэнтр гарадскога жыцця», этнакрама «Цудоўня», крама нацыянальных вырабаў «Адметнасць». У офісе рэдакцыі кожны мае сваё працоўнае месца. Акрамя напісання тэкстаў, тут можна папіць смачнай кавы, згуляць у настольны футбол, адціснуцца на турніку ці паабдымаць вялікую цацачную ружовую акулу Акуліну.

Гісторыя «Hrodna.life» пачалася яшчэ ў 2007 годзе, калі мясцовае грамадскае аб’яднанне «Цэнтр «Трэці сектар» стварыла сайт «Твой стыль» як навучальную пляцоўку для навучэнцаў Школы маладога журналіста. На свой час сайт быў даволі прагрэсіўны: напрыклад, яшчэ ў 2009-м каманда запусціла падкасты. Праўда, тады гэта не стрэліла: і інтэрнэт, і людзі яшчэ былі іншыя. Увосень 2016 года з «Тваім стылем» адбыўся рэбрэндынг – на яго месцы паўстаў партал «Hrodna.life», як дарослы, прафесійны гарадскі інтэрнэт-рэсурс.

«У нас, бадай, адзінае выданне ў Горадні, у якога ёсць дакладная місія. Мы пішам пра Горадню і яе жыхароў, пра гісторыю і сучаснасць, дасягненні і правалы ды разам з нашымі чытачамі робім горад лепшым», – адзначае галоўны рэдактар сайту Аляксей Шота.

Аляксей атрымаў вышэйшую адукацыю ў Польшчы, пражыў там год і ў 2012-м вярнуўся ў Горадню, дзе заняўся стварэннем гарадскога парталу.

У рэдакцыі «Hrodna.life». Горадня, Беларусь. 7 ліпеня 2021 года.
Фота: МК / Белсат

«Я ні разу не пашкадаваў, што вярнуўся з Польшчы ў Беларусь. Мне было цікава жыць і рабіць штосьці тут. Я прынясу больш карысці, калі буду дома, а не за мяжой. Акрамя гэтага, шмат пакаленняў маёй сям’і жывуць у Горадні, я вельмі ўтульна сябе тут адчуваю. Наўрад ці я дзесьці змог бы адчуць такое кам’юніці, як тут, і атрымліваць ад яго фідбэк», – разважае Аляксей.

Гэты момант камʼюніці – ключавы для ўсёй рэдакцыі.

«Нам вельмі важна ствараць вакол рэдакцыі супольнасць неабыякавых гарадзенцаў і разам з імі ўплываць на жыццё ў нашым горадзе, ствараць горад для жыцця. І я лічу, нам гэта ўдалося. Асабліва за апошні год мы адчуваем моцную салідарнасць чытачоў, якія хвалююцца за нас. Часам бывае, па некалькі разоў спыняць цябе на вуліцы, кажуць: «Вы з «Hrodna.life»? Можна паціснуць вам руку?» Кавай ці марозівам пачастуюць. То бок мы пачалі адчуваць, наколькі мы патрэбныя. Калі падчас гарачых падзеяў жніўня – верасня мінулага года ў звычайным «Белмаркеце» касіркі абмяркоўвалі навіны з «Hrodna.life», я лічу, гэта народнае прызнанне. І гэта вельмі матывуе нас працаваць», – распавядае Аляксей Шота.

Рэдакцыі было вельмі важна прысутнічаць офлайн, а не толькі ў інтэрнэце. У дворыку рэдакцыя ладзіла майстар-класы: напрыклад, як дзяўчыне адрамантаваць ровар ці як згатаваць суп з крапівы. Актуалізавала пытанне ўсталявання памятнай табліцы каралеве Боне ў Горадні, выпускала кнігі. Дзякуючы кампаніі «Hrodna.life» у цэнтры Горадні з 2016 года з’явіліся гістарычныя табліцы са старымі назвамі вуліцаў.

У 2020 годзе «Hrodna.life» атрымаў вышэйшую ўзнагароду ў конкурсе рэгіянальных медыя. Горадня, Беларусь. 7 ліпеня 2021 года.
Фота: МК / Белсат

«Мы заўсёды былі актыўнымі, каб ствараць штосьці для гораду, гараджанаў. Мы ладзілі ўнікальныя экскурсіі нашым чытачам па горадзе. Напрыклад, некалькі гадоў таму ў нас была тэатралізаваная экскурсія па гарадзенскім гета. Праўда, ведаю, што за яе нас хацелі прыцягнуць да адказнасці за несанкцыянаванае масавае мерапрыемства. Але, падумаўшы, як гэта будзе гучаць у СМІ, вырашылі, што лепей не лезці», – згадвае Аляксей.

«Мы годна сустрэлі жнівень»

Выбарчая кампанія мінулага года і падзеі пасля 9 жніўня сталі сапраўдным выпрабаваннем для незалежных журналістаў. Рэдакцыя «Hrodna.life» да гэтага рыхтавалася. Яшчэ з чэрвеня журналісты зразумелі, што да іх будзе пільная ўвага.

«Мы былі ўпэўненыя, што ў дзень выбараў адключаць інтэрнэт. Мы вырашылі, калі інтэрнэту наагул не будзе, паехаць на польскую мяжу лавіць на польскую сімку мабільную сетку, а журналісты з гораду будуць ездзіць машынаю з флэшкамі, перадаваць здымкі, відэа, тэксты. Але гэта не спатрэбілася, бо адключыць інтэрнэт цалкам яны не здолелі. Праз VPN усё лётала. Я быў перакананы, што пасля выбараў нічога не зменіцца, увечары 9 жніўня пашумяць, а на наступны дзень усе пойдуць на працу. У гэтым сэнсе беларусы мяне моцна здзівілі. Тое, што некалькі тыдняў адбывалася пасля выбараў, было для мяне шокам, нечаканасцю, я не верыў, што такое магчыма ў Беларусі», – адзначае Аляксей.

Журналістка «Hrodna.life» Алена Кавальчук. Горадня, Беларусь. 7 ліпеня 2021 года.
Фота: МК / Белсат

На думку рэдактара, праца журналістаў у рэгіёнах была ключавой у тыя дні, бо «хто, калі не мы». Менавіта ад прафесійнай працы рэгіянальных рэпарцёраў на месцах людзі даведваліся, што адбывалася.

«Калі адпраўляеш журналіста працаваць «у полі», натуральна, заўсёды хвалюешся. Першы тыдзень мы працавалі на знос, у першыя дні пасля 18:00 было проста небяспечна выходзіць з офісу, што ў цэнтры гораду. Калі выйшаў – гарантавана дамоў ты не вернешся. Таму мы сядзелі да другой – трэцяй гадзіны ўначы, пакуль усё не супакойвалася, і толькі тады ішлі дадому. Мы тады годна сустрэлі жнівень і добра папрацавалі. Я ганаруся камандай, яны вялікія малайцы. Толькі адзін чалавек сышоў ад нас, усе астатнія засталіся, і я магу толькі падзякаваць ім за гэта. На якасць нашай працы паказвае проста касмічны рост у «Інстаграме» – з 16 да 34 тысяч падпісчыкаў, у «Тэлеграме», які мы практычна не вялі, быў рост з тысячы да амаль дзевяці», – пералічвае Аляксей.

«Спатыкнуўся дзесьці – і цябе разарвалі на кавалкі»

За гэты год рэдакцыя «Hrodna.life» адчула на сабе ўвесь спектр рэпрэсіяў, што закранулі практычна ўсіх журналістаў. У жніўні затрымалі і збілі Руслана Кулевіча. Праз моцны псіхалагічны прэсінг і пагрозы ён з’ехаў за мяжу і цяпер робіць свой відэапраект «Мы вернемся» – гутаркі з беларусамі, якія апынуліся ў вымушанай эміграцыі пасля выбараў. Падчас выбарчай кампаніі затрымлівалі Алену Кавальчук, якая працавала «ў полі», рэдактарку спецпраектаў Ірыну Новік, відэааператара-фрылансера Андрэя Ломава, які адседзеў содні і атрымаў штраф паводле артыкулу 23.34 КаАП. Рэдакцыя перажыла ператрус, падчас якога вынялі шмат дарагой тэхнікі.

Нагавіцы журналіста «Hrodna.life» Руслана Кулевіча на яго працоўным месцы. Горадня, Беларусь. 7 ліпеня 2021 года.
Фота: МК / Белсат

У дачыненні Аляксея Шоты чынілі правяранне за сцяг у вакне кватэры. Таксама яго фактычна выкралі каля дому – з бусам і АМАПам. 19 сакавіка адбыўся першы суд за распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў. Тады Аляксею Шоту прысудзілі штраф 400 базавых велічыняў (11 600 рублёў) як прадстаўніку арганізацыі і 25 базавых велічыняў (725 рублёў) як фізічнай асобе. Канфіскаваную яшчэ ўзімку тэхніку рэдакцыі дасюль не вярнулі.

18 чэрвеня адбыўся яшчэ адзін суд – за экстрэмізм. Прычынаю новай справы сталася фота, размешчанае праз памылку. Яно правісела на сайце некалькі гадзінаў, але гэтага было дастаткова, каб «Hrodna.life» прысудзілі штраф 500 базавых велічыняў (14 500 рублёў) – максімальна магчымы паводле часткі 2 артыкулу 19.11 КаАП («Распаўсюд інфармацыйнай прадукцыі з Рэспубліканскага спісу экстрэмісцкіх матэрыялаў»). Яшчэ адзін штраф – 25 базавых велічыняў (725 рублёў) – за гэты ж здымак атрымала рэдактарка спецпраектаў «Hrodna.life» Ірына Новік. Яна правяла трое содняў у ізалятары.

9 ліпеня Ленінскі суд Горадні прызнаў тэлеграм-канал «Hrodna.life» экстрэмісцкім.

«Ніякія планы не ўратуюць, калі ёсць загад цябе знішчыць. Калі прыйшлі да нас з ператрусам, мы, хоць ужо стрэляныя, аказаліся непадрыхтаванымі. Спрацоўвае чалавечы фактар: дзесьці не дасочыш, не даглядзіш. А ў сілавікоў часу шмат, яны гатовыя чакаць. Спатыкнуўся дзесьці – і цябе разарвалі на кавалкі. У такой атмасферы працаваць цяжка. Ты разумееш, што можаш быць наступным. Сядзіш і чакаеш увесь час, што да цябе прыйдуць.

Унутраны дворык на Кірава 3, дзе месціцца рэдакцыя «Hrodna.life». Горадня, Беларусь. 7 ліпеня 2021 года.
Фота: МК / Белсат

Людзям жа патрэбная прафесійная журналістыка, асабліва ў такі час. Мы працуем паводле прафесійных стандартаў, нават ва ўмовах цяперашняй інфармацыйнай вайны: правяраем інфармацыю, па магчымасці даём выказацца двум бакам, калі не ўпэўненыя ў чымсьці – не публікуем. Гэта вельмі важна: людзі павінны валодаць праўдзівай інфармацыяй пра тое, што адбываецца», – перакананы Аляксей.

«Шкада, што цяпер мы не можам развівацца, нам трэба выжываць»

Цяпер усе рэгіянальныя СМІ – пад вельмі вялікім ціскам. Напрыклад, берасцейскае выданне «Бінокль» было фактычна змушанае спыніць дзейнасць. Моцна ціснуць і на больш сталыя рэдакцыі, з традыцыямі, наладжанымі працэсамі, з вялікаю колькасцю чытачоў: «Газету Слонимскую», «Intex-press». Пэўна, не засталося ніводнай рэгіянальнай рэдакцыі, якая так ці інакш не сутыкнулася з ціскам.

Аляксей Шота мяркуе, што ў гэтых умовах, усё ўлічваючы, трэба працягваць працаваць і прафесійна выконваць сваю працу:

«Вядома, трэба дбаць пра бяспеку, але варта разумець, што цябе могуць затрымаць у любы момант з любой прычыны. Не важна, якіх правілаў бяспекі ты прытрымліваешся, ці ўключаеш самацэнзуру, наколькі сябе абмяжоўваеш. Калі прыйдзе ў галаву якому пракурору, як Клішыну (гарадзенскі пракурор, які ініцыяваў справу супраць «Hrodna.life». – Заўвага Belsat.eu), што ты экстрэміст і цябе трэба пакараць, ты ўжо не выкруцішся. Цяпер яны хочуць спыніць нашую дзейнасць. Паглядзелі, што першыя два штрафы не спрацавалі, таму пачалі шукаць іншыя шляхі. Але мы працуем далей. Будзем гнуткія, глядзець на сітуацыю, прыстасоўвацца і аператыўна рэагаваць.

Аляксей Шота, галоўны рэдактар «Hrodna.life». Горадня, Беларусь. 7 ліпеня 2021 года.
Фота: МК / Белсат

Калі прымаецца рашэнне, што рабіць далей, на шалях – дзве рэчы: захаваць максімальна эфектыўную працу выдання і захаваць людзей. Часам цяжка іх ураўнаважыць. Захаванне працы рэдакцыі ў тым жа тэмпе падстаўляе людзей пад удар. Захаванне людзей зніжае тэмп і якасць працы рэдакцыі. Але цяпер у нас на першым месцы – людзі. Я не магу патрабаваць ад іх шмат. Усе вельмі стомленыя. У любым выпадку рашэнні ў нас прымаюцца калектыўна».

У лепшы час у рэдакцыю пастаянна прыходзілі людзі – са сваймі справамі, праблемамі, тэмамі. Цяпер гэтага бракуе: некаторыя офлайн-актыўнасці падкасіў каронавірус, ад шмат якіх планаў давялося адмовіцца. Пасля паўплываў і палітычны крызіс.

«Шкада, што цяпер мы не можам развівацца, нам трэба выжываць. Напрыклад, у нас была вар’яцкая ідэя выдаваць друкаваны гарадскі часопіс. Зрабілі пробны бясплатны выпуск, пра выбары. Скончылася ўсё канфіскацыяй падчас ператрусу. Было шмат іншых ідэяў, звязаных з тым, як рабіць якасны і прыбытковы медыябізнес у рэгіёне. Мы шмат чытаем пра тэндэнцыі ў новых медыях, чэрпаем ідэі з медыяў у іншых краінах, таму мелі ідэі, новыя для Беларусі. Але нічога з гэтага немагчыма рабіць, прынамсі цяпер. Мы не можам займацца і журналістыкай, і нейкімі праектамі, бо нам проста не хопіць сілаў. Таму мы імкнёмся не паніжаць якасці сваёй працы, а цікавыя ідэі адклалі да лепшага часу», – кажа Аляксей Шота.

«Чым больш на нас ціснуць, тым мацней хочацца яшчэ больш прафесійна выконваць сваю працу»

Журналісты парталу жывуць ад стрэсу да стрэсу, але як адзін кажуць: галоўнае ў іхнай працы – прыносіць карысць.

Дошка Ігара Банцэра на яго працоўным месцы ў рэдакцыі «Hrodna.life». Горадня, Беларусь. 7 ліпеня 2021 года.
Фота: МК / Белсат

Алене Кавальчук 24 гады, з адукацыі – журналістка. Пачала пісаць яшчэ для сайту «Твой стыль», а апошнія тры гады працуе ў рэдакцыі «Hrodna.life» напоўніцу.

«Я з гадоў 10 марыла стаць журналістам. Сваякі пужалі, што, маўляў, гэта вельмі небяспечная прафесія, журналістаў могуць нават забіць. Я казала, ды не, гэта не пра мяне, я буду пісаць пра культуру. І вось мы апынуліся ў такой сітуацыі, калі тыя словы гучаць даволі смешна», – кажа Алена.

Падчас жнівеньскіх падзеяў журналістка радавалася, што не мае сваёй сям’і, дзяцей, хворых бацькоў, якіх трэба глядзець: калі яе затрымаюць – ніхто ад гэтага не будзе пакутаваць:

«Мы тады жылі адным днём, адным момантам, адчуваннем, што, можа, заўтра ўсё зменіцца, таму хацелася напоўніцу адчуць гэтыя змены і нейкім чынам спрычыніцца да іх. Пытання працаваць ці не працаваць не было, ты проста ішоў у вір падзеяў. Часам на ватных нагах, але ішоў».

Паводле Алены, яны тады і цяпер рабілі тое, што заўсёды. Проста ў гэты час пошук, збор інфармацыі, якасная журналісцкая праца зрабілася каштоўнасцю для большасці людзей.

«Мяне вельмі парадавала падтрымка ад родных. Ніхто не казаў: «Куды ты лезеш?!» Наадварот, спачувалі і вельмі перажывалі за мяне. Гэта вельмі каштоўна. Калі да кагосьці прыходзяць, становіцца страшна, але пасля адпускае. Стараешся радавацца жыццю нават у такіх умовах. Дзесьці з кастрычніка ў маім заплечніку заўсёды ёсць запасныя шкарпэткі, бялізна, зубная шчотка – усё на выпадак затрымання», – распавядае Алена.

Журналісткі Алена Кавальчук і Надзея Вішнеўская ў рэдакцыі «Hrodna.life». Горадня, Беларусь. 7 ліпеня 2021 года.
Фота: МК / Белсат

Настрой – працягваць працаваць. Журналістка адзначае, што на фоне трэшу навокал з’яўляецца нейкая злосць, якая падтрымлівае і падштурхоўвае не здавацца:

«Чым больш на нас ціснуць, тым мацней хочацца яшчэ больш прафесійна выконваць сваю працу. Мне не хочацца змяняць сферы дзейнасці, не хочацца з’язджаць. Хочацца быць тут і цяпер, у гэты гістарычны момант. Я адчуваю каштоўнасць таго, што я раблю, гэта адчуваюць і нашыя чытачы, якія дзякуюць за працу».

СП, belsat.eu

Стужка навінаў