Ціханоўская сустрэлася з дзяржсакратаром ЗША ў Вашынгтоне


Сёння, 19 ліпеня, Святлана Ціханоўская ў Вашынгтоне правяла сустрэчу з дзяржсакратаром ЗША Энтані Блінкенам, а таксама з намеснікам дзяржсакратара Вікторыяй Нуланд і дарадцам Дзярждэпартаменту ЗША Дэрыкам Шоль.

Святлана Ціханоўская ў Вашынгтоне правяла сустрэчу з дзяржсакратаром ЗША Энтані Блінкенам. 19 ліпеня 2021 года.
Фота: tsikhanouskaya / Telegram

Разам яны абмеркавалі захоп самалёта «Ryanair», напады на грамадзянскую супольнасць і медыя, арганізаваную рэжымам нелегальную міграцыю ў Літву як спробу беларускіх уладаў помсціць Еўрапейскаму звязу.

Таксама Святлана Ціханоўская высока ацаніла дапамогу амерыканскага амбасадара ў Беларусі Джулі Фішэр.

Акрамя гэтага падчас перамоваў Ціханоўская заклікала ЗША:

  • прыняць пакет экстранай дапамогі для беларускіх незалежных СМІ, тэлеграм-каналаў, Youtube-праектаў, журналісцкіх расследаванняў;
  • пашырыць дапамогу грамадзянскай супольнасці, прыватнаму бізнесу ў Беларусі, палітвязням і іх сем’ям;
  • павялічыць колькасць стыпендыяльных праграм для падтрымкі студэнтаў і даследчыкаў;
  • даць сігнал Расеі, што падпісаныя кантракты і пагадненні з рэжымам не будуць прызнаныя юрыдычна і анулююцца;
  • узмацніць разам з партнёрамі палітычны і эканамічны ціск на рэжым;
  • аказаць дыпламатычную падтрымку беларускім дэмакратычным сілам у іншых краінах;
  • прыняць актыўны ўдзел у арганізацыі і правядзенні канферэнцыі высокага ўзроўню па рашэнні крызісу ў Беларусі.
Святлана Ціханоўская ў Вашынгтоне правяла сустрэчу з дзяржсакратаром ЗША Энтані Блінкенам. 19 ліпеня 2021 года.
Фота: Белсат

Паведамляецца, што дзяржсакратар прыняў Ціханоўскую ў прыёмнай залі Дзярждэпартаменту. Уся сустрэча доўжылася гадзіну. Таксама Блінкен сказаў, што ён у пастаянным кантакце з Белым домам і прэзідэнтам Байдэнам і яны абмяркоўваюць беларускае пытанне.

Заўтра, 20 ліпеня, Ціханоўская ў Белым доме сустрэнецца з дарадцам прэзідэнта ЗША па нацыянальнай бяспецы Джэйкам Саліванам. Таксама яна наведае Сенат і сустрэнецца з сенатарамі.

Астатняя працоўная праграма ў Вашынгтоне будзе доўжыцца да 23 ліпеня.

Hавiны
Распачаўся працоўны візіт Святланы Ціханоўскай у ЗША
2021.07.18 17:21

АД, belsat.eu

Стужка навінаў