«ByPol» апублікаваў расследаванне пра злачынствы ДАІ


Нападзенне сілавікоў на кіроўцу ў Менску. Скрыншот відэа «ByPol»

«ByPol» расследуе злачынствы работнікаў ДАІ, якія грамілі ў жніўні 2020 года аўтамабілі, беспадстаўна затрымлівалі і збівалі кіроўцаў.

На адным з урыўкаў відэа паказаны момант, калі больш за 10 работнікаў ДАІ спыняюць на менскай вуліцы аўтамабіль, выцягваюць і збіваюць кіроўца Аляксея Шчытнікава. Пры гэтым бачныя нумары аўтамабіляў, якімі прыехалі злачынцы.

Злачынны загад на такія дзеянні пацвярджае аўдыязапіс размовы патрулёў ДАІ на вуліцы Арлоўскай і праспекце Пераможцаў:

«Абіраем сабе па адным транспартавым сродку і жорстка з ім працуем… Па любым транспартавым сродку і прасоўваемся».

Як паведамляе расследаванне ініцыятывы, такое затрыманне было абгрунтаванае нібыта тым, што кіроўца сутыкнуўся з іншым аўтам, з’ехаў з месца аварыі ды не рэагаваў на патрабаванні спыніцца. На мужчыну аформілі некалькі пратаколаў, а потым перадалі АМАПу і змясцілі ў ІЧУ на Акрэсціна з яшчэ адным пратаколам за ўдзел у мітынгах.

У сюжэце называюцца выканальнікі ды аўтар загадаў наконт такога абыходжання з людзьмі. Сярод іншых вылучаюць лейтэнанта міліцыі Дзяніса Корзуна, вядомага тым, што ён не раз збіваў затрыманых, а пазней быў узнагароджаны медалём за выбітную ахову грамадскага парадку.

Яшчэ адзін эпізод закранае выпадак, калі чалавек у чорным бʼе машыну, што праязджае міма, а калі кіроўца спыняецца і выходзіць даведацца, што адбылося, яго спачатку вядуць да аўтобуса з сілавікамі, а потым пачынаюць збіваць проста на дарозе і цягнуць у аўтобус.

На відэа таксама бачны бартавы нумар машыны ДАІ, што дазваляе вылічыць удзельнікаў нападу на кіроўцу.

МГМ, belsat.eu

Стужка навінаў