Украінскі генерал назваў умову, пры якой Лукашэнка можа напасці на Украіну


Аляксандр Лукашэнка наўрад ці наважыцца найбліжэйшым часам на наступальную аперацыю супраць Украіны. Пра гэта ў інтэрв’ю выданню «Обозреватель» заявіў былы кіраўнік Службы замежнай разведкі Украіны, генерал арміі Мікалай Маламуж.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Аляксандр Лукашэнка.
Фота: kremlin.ru

На ягоную думку, Лукашэнка можа садзейнічаць дзеянням РФ, даючы плацдармы, аэрадромы, размяшчаючы дывізіёны, «Іскандэры» і нават арганізуючы пэўныя правакацыі.

«Але да таго часу, пакуль Расея не пачне больш эфектыўнай наступальнай аперацыі, Лукашэнка не будзе прымаць рашэння аб стратэгічных наступах», – адзначыў генерал.

Паводле Маламужа, Лукашэнка лавіруе, але вымушаны «дэманстраваць лаяльнасць Пуціну і выконваць хаця б частку абавязкаў». У прыватнасці, ён мусіць «адцягваць вельмі вялікія сілы Украіны на вялікай прасторы ўкраінска-беларускай мяжы».

Hавiны
Стольтэнбэрг і Джонсан заклікалі рыхтавацца да працяглай вайны ва Украіне
2022.06.19 09:19

Пры гэтым наступальную аперацыю супраць Украіны генерал лічыць вялікай рызыкай для Лукашэнкі з дзвюх прычынаў.

«Першая: ён разумее, што Пуцін можа прайграць і, адпаведна, ён будзе адказваць ужо за прамую агрэсію супраць Украіны. Пакуль ён саўдзельнік. Другая: Лукашэнка цалкам не ўпэўнены ў сваіх вайскоўцах, асабліва ў кадравых. Я не кажу пра спецслужбы, якія падпарадкаваныя КДБ: паводле нашых разведзвестак, у тых беларусаў, якія служаць у войску, вельмі негатыўнае стаўленне да вайны і іхнага асабістага магчымага ўдзелу ў канкрэтных ваенных аперацыях супраць Украіны, таму большая частка арміі можа не выканаць загаду аб масавых наступальных аперацыях, і гэта правал для Лукашэнкі», – кажа Маламуж.

Таксама, на ягоную думку, грамадзяне Беларусі не пагодзяцца з вайной супраць Украіны і могуць выйсці на новыя пратэсты.

Генерал мяркуе, што Лукашэнка мог бы наважыцца на ўварванне, калі б Расея займалася акупацыяй Украіны.

«Тады Лукашэнка мог бы зайсці з поўначы ці з захаду Украіны, каб зафіксаваць свой удзел на фоне нейкай перамогі. Але такога не прадбачыцца. Расея нясе вялікія страты, мы ўмацоўваем свае пазіцыі, падцягваем рэзервы і атрымліваем узбраенне. Таму перспектывы такога сцэнарыю няма, а перспектыва паразы Расеі ёсць», – рэзюмаваў ён.

Hавiны
Украінскі вайсковы эксперт: Лукашэнка рэальна рыхтуецца да вайны
2022.06.18 14:26

Між тым украінскі вайсковы эксперт Алег Жданаў лічыць, што рэжым Лукашэнкі ў Беларусі рыхтуецца да вайны:

«Усе тыя дзеянні для рыхтавання да вайны, якія ажыццяўляе Лукашэнка, не трэба ўспрымаць як пусканне пылу ў вочы Пуціну, на жаль. Лукашэнка павышае градус напружання, і ўжо ігнараваць ды казаць, што гэта гульня, стоадсоткава немагчыма».

Паводле Алега Жданава, «Лукашэнка, магчыма, з аднаго боку, працягвае адцягваць той час, калі трэба аддаваць загад на ўварванне, але пры гэтым Беларусь рэальна рыхтуецца да вайны».

Таксама і былы кіраўнік Бюро нацыянальнай бяспекі Польшчы, генерал Станіслаў Козей не выключае ўдзелу войскаў рэжыму Лукашэнкі ў нападзе на Украіну, каб адцягнуць украінскія войскі з поўдня ці ўсходу.

Hавiны
«Пуцін ірацыянальны». Польскі генерал заклікаў пачаць ставіць вайсковыя бар’еры Расеі
2022.06.18 15:19

Якуб Хруст belsat.eu

Стужка навінаў