«Ні адной хвіліны не пашкадавала, што я педыятр». Гісторыя 82-гадовай Ірыны Янкоўскай


Ірына Іванаўна ў свае 82 гады працягвае працаваць участковым урачом-педыятрам. Сокол, Беларусь. 15 чэрвеня 2021 года.
Фота: прадстаўлена Belsat.eu

Ірыне Янкоўскай 82 гады, яна працуе ўчастковым педыятрам, а за плячыма – стаж 60 гадоў, 50 з якіх – на адным месцы.

Спадарыня Ірына нарадзілася ў 1939 годзе ў Ханжонкаве на Данеччыне ў сям’і настаўнікаў. Потым была вайна, бацька рана загінуў на фронце, а маці засталася адна з чатырма малымі дочкамі. Перажыўшы ўсе нягоды, дзяўчынкі выраслі і атрымалі вышэйшую адукацыю.

«Я прыйшла ў медыцыну з вялікім жаданнем. З пяці гадоў мяне называлі сястрою міласэрнасці».

Сокол, Беларусь. 15 чэрвеня 2021 года.
Фота: прадстаўлена Belsat.eu

У 1955 годзе ў Менску паступіла ў МДМІ (цяпер БДМУ) на лячэбны факультэт. Адразу хацела быць патолагаанатамам, ёй падабалася фраза «мёртвыя дапамагаюць жывым». Але лёс склаўся інакш: яна была найлепшай у групе на практычных занятках па тэрапіі, было відавочна ўсім, у тым ліку і ёй, што ейнае пакліканне – менавіта лячыць.

Скончыўшы ўніверсітэт, з 1961 года Ірына Янкоўская і дасюль працуе ўчастковым педыятрам.

Пасля катастрофы на Чарнобыльскай АЭС дактарам прапаноўвалі паехаць у 60-кіламетровую зону працаваць.

«Я пастанавіла, што паеду: камусьці трэба, мы так былі выхаваныя»

У траўні 1986 года цягам 3 тыдняў яна, перабываючы ў 60-кіламетровай зоне, працавала ў прафілакторыі ды выконвала медычны нагляд за людзьмі, якіх перасялялі з 30-кіламетровай зоны адчужэння. А пазней суправаджала цягнік з перасяленцамі ў Менск, што складаўся з 18 вагонаў, якія прыбылі з-пад Адэсы. Спадарыня Ірына была адзінаю доктаркай у ім, ёй дапамагалі дзве медсястры.

Ірына Янкоўская больш як 30 гадоў ездзіць у дзіцячыя лагеры доктаркаю. І цяпер яна працуе ў летніку, бо сапраўды любіць сваю працу і дзяцей. Сёлета будзе 60 гадоў медычнага стажу практычна без перапынку.

Ірына Іванаўна на змене ў дзіцячым аздараўленчым лагеры «Змена». Сокол, Беларусь. 15 чэрвеня 2021 года.
Фота: прадстаўлена Belsat.eu

З захапленняў спадарыня Ірына вылучае шахматы і заняткі матэматыкаю з унучкай.

Усе работнікі паліклінікі ды ейныя пацыенты, якіх Ірына Янкоўская выгадавала не адно пакаленне, паважаюць і шануюць яе як кампетэнтную доктарку, добрую і адказную асобу. Паводле калег, спадарыня Ірына – «захавальніца мудрасці і неацэннага досведу».

АК, belsat.eu

Стужка навінаў