«Ігнаруючы каронавірус, улады дэманструюць, што ім пляваць на простых людзей»


Мінздароўя рапартуе, што на 19 чэрвеня ў Беларусі 760,4 тысячы асобаў атрымалі першую дозу вакцыны супраць COVID-19, з іх больш за 464,4 тысячаў прайшлі поўны курс вакцынацыі. Раней міністр здароўя Дзмітрый Піневіч распавядаў Лукашэнку, што да 1 чэрвеня вакцыну атрымаюць 1,2 млн беларусаў. Але гэтыя планы апынуліся правальнымі.

Тэма каронавіруса і смяротнасці ад гэтай хваробы застаецца адной з галоўных сярод размоваў у грамадстве. Нягледзячы на тое, што афіцыйна пра каронавірус Мінздароўя дае толькі сухую справаздачу па колькасці інфікаваных і памерлых, гэтым лічбам практычна няма даверу. Гэтак, на рынку ў Берасці нават гандляры звяртаюць увагу, што сталых пакупнікоў у іх стала адчувальна меней.

«Звычайна пакупнікамі на рынку з’яўляюцца пажылыя асобы. Моладзь не часта сюды наведваецца, каб нешта купіць, ім зручней хадзіць у гіпермаркеты. А пенсіянеры ж лічаць капейчыну, шукаюць, каб было танней. Вядома, яны набываюць у маёй гандлёвай кропцы не так і шмат, але прыходзяць рэгулярна і заўсёды нешта выбіраюць. І я апошнім часам звярнуў увагу, што маіх сталых пакупнікоў паменела. Нядаўна вось прыходзіў юнак і распавёў, што яго бабуля часта заходзіла да мяне за гароднінай. Яна памерла ад каронавіруса. Хлопец паабяцаў, што будзе часам сам набываць у мяне нешта», – распавёў «Белсату» Мікалай, гандляр гароднінай на рынку ў Берасці.

Людзі апранаюць маскі. Фота — Васіль Малчанаў/«Белсат»

Паводле прадпрымальніка, ён за апошні год страціў больш за дзясятак пакупнікоў, асобаў у пажылым веку, якія часта да яго прыходзілі раней. Мужчына мяркуе, што большасць з іх памерлі менавіта ад каронавіруса.

Аналітыка
Год пандэміі: як каронавірус змяніў Беларусь і беларусаў
2021.02.27 16:55

Да размовы далучылася 55-гадовая жанчына, якая распавяла, што працуе ў шпіталі ў райцэнтры каля Берасця. Жанчына кажа, што насамрэч смяротнасць ад каронавіруса вельмі адрозніваецца ад афіцыйных звестак.

«Я працую ў шпіталі ў райцэнтры, дзе пражываюць 25 тысячаў жыхароў. І гэтай зімой у больніцы ў нас было за дзень восем памерлых ад каронавіруса. Потым я глядзела навіны на БТ, дзе распавялі, што за дзень памерлі ў Беларусі 9 асобаў ад каронавіруса. Тады яшчэ задала сабе пытанне, як жа так можа быць, што толькі ў нашым раёне – 8 смяротных выпадкаў, а па ўсёй Беларусі – 9», – кажа жанчына.

Жанчына распавядае, што сама ў шпіталі заразілася інфекцыяй і толькі дзякуючы шчасліваму выпадку засталася жывой.

«Я вярталася з працы і адчула, што мне стала вельмі кепска. Як раз я была на мосце праз раку. Я упала, страціла прытомнасць. Вечарэла і было даволі цёмна, але на шасце праязджаў побач калега з працы, які спыніўся, патэлефанаваў у хуткую і толькі дзякуючы не ведаю чаму, непадалёку была машына, мяне забралі ў шпіталь. Некалькі тыдняў я потым праляжала ў рэанімацыі ў абласным шпіталі. І калі чую, што гэтая хвароба не вартая ўвагі, то проста аж злосць бярэ. Ігнаруючы гэтую небяспеку, улады паказваюць, што ім пляваць на простых людзей», – абураецца жанчына.

Правал уладаў у барацьбе з каронавірусам

Афіцыйна, паводле Мінздароўя, у Беларусі за ўвесь час распаўсюду інфекцыі памерлі ад COVID-19 тры тысячы трыццаць пяць пацыентаў. За гэты час зарэгістравалі 410 тыс. 096 асобаў з станоўчым тэстам на каронавірус. Андрэй Елісееў, дырэктар даследаванняў у даследчым цэнтры «Цэнтр EAST» раней выказваў меркаванне, што паказнік смяротнасці ў Беларусі можа быць заніжаны ажно ў 15 разоў, а колькасць памерлых у выніку пандэміі ў 2020 годзе можа перавышаць 20 тыс. чалавек. Гэта, на ягоную думку, адпавядае прагнозу, зробленаму яшчэ ў сакавіку на падставе формулы Лонданскага імперскага форуму. Тады смяротнасць для Беларусі прадказвалася ў межах 16–32 тыс. выпадкаў.

Аналітыка
Пандэмія каронавіруса і катастрофа на ЧАЭС: параўноўваем рэакцыю ўладаў
2021.04.26 09:15

Даволі песімістычна выглядае рэалізацыя ўладамі вакцынацыя насельніцтва. Раней Мінздароўя рапартавала, што да 1 чэрвеня вакцыну атрымае 1,2 млн, або каля 13% насельніцтва Беларусі. Але рэальна на сёння два кампаненты вакцыны атрымалі ў нашай краіне каля 465 тысячаў чалавек, што ледзь не ў тры разы меней за запланаваныя міністэрствам лічбы.

Зрэшты, на думку Лукашэнкі, у Беларусі ўвогуле няма неабходнасці ўводзіць абавязковую вакцынацыю ад COVID-19.

«Калі паўстане такая сітуацыя, абавязкова будзе ўведзены такі прынцып. Дзякуй богу, неабходнасці такой няма», – сказаў Лукашэнка падчас наведвання 2-й гарадской дзіцячай клінічнай больніцы.

Лукашэнка ў больніцы 19 чэрвеня.
Фота: БелТА

І гэтыя словы прагучалі пасля таго, як Белстат апублікаваў звесткі, з якіх вынікае, што летась у нашай краіне медыкі выявілі на 600 тысячаў больш хворых, чым у 2019. Пры гэты рост колькасці захворванняў органаў дыхання склаў 700 тысячаў. А менавіта каронавірус выклікае запаленне лёгкіх. Але афіцыйная статыстыка Мінздароўя сведчыць, што за ўвесь перыяд распаўсюду каронавіруса ў нашай краіне інфікаваныя крыху больш за 410 тысячаў асобаў.

Афіцыйныя лічбы Белстату.
Фота: «Comm Беларусь» / Telegram

Агулам Андрэй Елісееў звяртае ўвагу, што ў Еўропе толькі тры краіны, у якіх вакцынацыя яшчэ больш марудная, чым у Беларусі. Але гэтыя краіны перажывалі маштабныя ваенныя дзеянні або знаходзяцца ў стане вайны да гэтага часу (Боснія і Герцагавіна, Косава, Украіна).

«Такім чынам, эпідэмія агаліла непрыемную ісціну – якасць дзяржкіравання ў Беларусі на ўзроўні дзяржаваў, якія перажылі грамадска-палітычную катастрофу кшталту ваенных дзеянняў», – падсумоўвае эксперт.

Аб’ектыў
Чаму смяротнасць засакрэчваюць?
2021.04.02 23:14

СК belsat.eu

Стужка навінаў