Паліцыя Чарнігаўшчыны дапамагла вярнуць дадому падлетка, якога расейскія вайскоўцы вывезлі ў Беларусь


Паліцыя Чарнігаўшчыны арганізавала вяртанне 14-гадовага Сяргея Саракопуда дадому ў сяло Ягаднае Чарнігаўскага раёну. Параненага хлопца вывезлі ў Беларусь расейскія вайскоўцы.

Украінскія паліцыянты дапамаглі старэйшай сястры забраць Сяргея з Гомля і суправаджалі іх на ўсіх этапах вяртання ва Украіну.

Падлетак Сяргей.
Фота: Національна поліція України/Facebook

Сям’я падлетка стала адной з тых, хто ў поўнай меры адчуў на сабе вайну. Страта жылля, куды трапіў варожы снарад, некалькі тыдняў няволі ў душным падвале Ягоднянскай сельскай школы, нараўне з амаль чатырма сотнямі грамадзян.

Старэйшая сястра падлетка Аліна ўспамінае, як расейскія вайскоўцы свабодна размясціліся ў Ягадным, жылі па дамах і ў падвалах шматкватэрных двухпавярховак, а шматлікую ваенную тэхніку расставілі ўшчыльную да жылля і агародаў, адтуль абстрэльвалі пазіцыі ўкраінскіх абаронцаў. Між тым больш за тры з паловай сотні чалавек, пераважна мясцовых жыхароў, пакутавалі ў цесным падвале школы. Самаму маладому з іх на момант траплення туды было паўтара месяца, а самаму старэйшаму – за 90 гадоў.

Падчас раптоўнага абстрэлу Сяргея паранілі, што ледзь не каштавала яму жыцця, а затым расейскія вайскоўцы вывезлі падлетка ў невядомым кірунку, нібыта на лячэнне.

Фота: Національна поліція України/Facebook
Фота: Національна поліція України/Facebook

«Раптам мы пачулі свіст снарада, і адразу – выбух. Брат упаў, я падбегла да яго – з рота кроў ужо пайшла, кружыцца галава, нічога не разумее, але рухацца можа. Суседка дапамагла адвесці яго ў медпункт, які расейцы ўладкавалі тут ж, у школе. Там ужо ўбачылі, што брат паранены ў спіну, асколак пайшоў у лёгкае», – узгадвае Аліна.

Расейскія вайскоўцы, як здолелі, аказалі яму першую дапамогу, а пасля ўколу і кропельніцы зноў адправілі начаваць у падвал.

«Раніцай расейцы мяне завезлі машынай у іншую вёску. Казалі, адвязуць у Расею. Потым выявілася, што ў Гомель. Але я не ведаў, дзе гэта. Калі прыбылі, спачатку мяне паклалі ў лякарню разам з іншымі, рабілі перавязкі і ўсё. Тыдні праз тры перавялі ў дзіцячы шпіталь. А ўжо там здзейснілі дзве аперацыі. У мяне былі пераламаныя дзве рэбры, і крыху зачапіла лёгкае», – распавядае Сяргей.

Ніякай сувязі з сям’ёй падлетак спачатку не меў. Толькі калі ўкраінскія войскі выгналі расейцаў з Чарнігаўшчыны, бацькоў адшукалі ўкраінскія вайскоўцы разам з валанцёрамі.

Аказалася, неабыякавыя беларускія медыкі размясцілі ў Facebook паведамленні пра Сяргея: маўлялі, хлопчык шукае родных. Так сямʼя знайшла медсястру, якая даглядала ўкраінца і ў далейшым падтрымлівалі з ёй кантакт.

«З моманту, калі ўбачылі ў Facebook пост беларускай медсястры аб украінскім хлопчыку, паліцэйскія ювенальнай прэвенцыі разам з міграцыйнай паліцыяй, пры дзейснай падтрымцы пракуратуры і валанцёраў, выбудавалі і рэалізавалі ўсю складаную схему вяртання дзіцяці дадому, ва Украіну», – расказваюць у паліцыі.

Фота: Національна поліція України/Facebook

Афіцыйны беларускі бок не згаджаўся аддаць хлопчыка сястры – толькі бацькам. Маці падлетка хварэе і не здольная пакінуць хату хоць бы на дзень, а бацька не мае права перасякаць мяжу. Нарэшце праблему ўдалося пераадолець, і Аліна адправілася за братам – праз Польшчу ў Менск, а затым у Гомель. Пасля гэтага Сяргей з сястрой па бяспечным маршруце вярнуліся ва Украіну.

Аналітыка
Антыпуцінская кааліцыя на мапах. Якія краіны падтрымліваюць Украіну ў вайне
2022.05.19 10:50

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў