У ЗША адрэагавалі на ўвядзенне ў Беларусі смяротнага пакарання за замах на акт тэрарызму


Дзяржсакратар ЗША Энтані Блінкен выступіў з заявай наконт увядзення ў Беларусі смяротнага пакарання за замах на ўчыненне злачынстваў, прадугледжаных чатырма артыкуламі Крымінальнага кодэксу за акт тэрарызму.

Энтані Блінкен.
Фота: Getty Images

Энтані Блінкен лічыць, што рэжым Лукашэнкі знайшоў новыя спосабы запалохвання і пакарання сваіх жа грамадзян, у тым ліку шляхам зацвярджэння заканадаўства аб прымяненні пакарання смерцю да прадэмакратычных актывістаў і тых, хто выступае супраць вайны Расеі ва Украіне.

У прыватнасці, новыя папраўкі ў Крымінальны кодэкс дапускаюць прымяненне пакарання смерцю да асоб, асуджаных за «замах на тэрарыстычны акт».

«Рэжым высунуў палітычна матываваныя абвінавачванні ў «экстрэмізме» і «тэрарызме» супраць многіх з больш за 1100 палітычных зняволеных і выкарыстаў такія ярлыкі для затрымання яшчэ дзясяткаў тысяч. Гэта грамадзяне Беларусі, якія імкнуцца свабодна ажыццяўляць свае асноўныя свабоды – мірныя пратэстуючыя, члены грамадзянскай супольнасці, журналісты, палітычныя апаненты і арыштаваныя за супрацьдзеянне неабгрунтаванай вайне Расеі супраць Украіны і спрыяльнай ролі Беларусі ў ёй. Гэтыя грамадзяне зараз таксама сутыкаюцца з пагрозай смяротнага пакарання», – гаворыцца ў заяве Блінкена.

Дзяржсакратар ЗША адзначыў, што гэтыя дзеянні належаць аўтарытарнаму лідару, які адчайна спрабуе чапляцца за ўладу праз страх і запалохванне. Аднак беларускі народ працягвае дэманстраваць, што рэжым не можа заглушыць ягоныя заклікі да дэмакратыі. Паводле яго слоў, толькі ўнутрынацыянальны дыялог з удзелам дэмакратычнага руху здольны вывесці Беларусі з цяперашняга палітычнага тупіку, а пазіцыя ЗША адносна сітуацыі ў Беларусі не мяняецца.

Таксама Блінкен заявіў, што напярэдадні Дня палітвязняў у Беларусі 21 траўня ЗША паўтарае заклікі да безумоўнага вызвалення ўсіх палітвязняў, спынення гвалту ў дачыненні да грамадзян і агульнанацыянальнага дыялогу з удзелам грамадзянскай супольнасці і дэмакратычнага руху, які вядзе да свабодных і справядлівых выбараў пад міжнародным назіраннем.

Hавiны
Запалохаць грамадства і адвесці ўвагу людзей ад сапраўдных праблемаў. Навошта ўлады прынялі «расстрэльныя артыкулы»
2022.05.19 00:47

Аляксандр Лукашэнка 18 траўня падпісаў законапраект, які прадугледжвае пашырэнне сферы выкарыстання смяротнага пакарання. Цяпер расстрэлам можа карацца не толькі здзяйсненне тэракту, але і замах на акт тэрарызму.

Закон набудзе моц праз 10 дзён пасля афіцыйнага апублікавання. Раней гэты законапраект ухваліла Палата прадстаўнікоў і Савет Рэспублікі Нацыянальнага сходу.

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў