У Кіеве cканфіскавалі 20 беларускіх грузавікоў МАЗ на суму амаль 700 тысяч долараў


Падольская акруговая пракуратура Кіева супольна з праваахоўнікамі арыштавала і перадала ў Агенцтва вышуку і менеджменту актываў 20 беларускіх грузавікоў МАЗ і карпаратыўныя правы двух прадпрыемстваў Беларусі, паведамляе Офіс генеральнага пракурора Украіны.

Сканфіскаваныя ў Кіеве беларускія грузавікі МАЗ.
Фота: Офіс генеральнага пракурора Украіны

Падчас дасудовага расследавання на прадпрыемствах прайшлі ператрусы, былі вынятыя 20 грузавікоў маркі МАЗ на суму звыш 20 млн грыўняў (каля 680 тысяч долараў), на якія пасля быў накладзены арышт.

«Выяўлена, што ажыццяўляюць сваю дзейнасць два прадпрыемствы – «АўтаМАЗ Украіна» і ТАА «Гандлёвы дом «МАЗ Украіна», канчатковыя бенефіцыярныя ўласнікі якіх – дзяржаўная структура, падкантрольная ўраду Рэспублікі Беларусь», – заявілі ў пракуратуры.

Цяпер пракуратура праводзіць дасудовае расследаванне ў крымінальнай справе па фактах прысваення маёмасці і фінансавання дзеянняў, учыненых з мэтай гвалтоўнай змены або зрынання канстытуцыйнага ладу або захопу дзяржаўнай улады, змены межаў тэрыторыі або дзяржаўнай мяжы Украіны.

Арыштаваныя аўтамабілі перададзеныя ў Нацыянальнае агенцтва Украіны ў пытаннях выяўлення і кіравання актывамі, атрыманымі ў выніку карупцыйных злачынстваў (АРМА).

12 траўня Вярхоўная Рада Украіны прыняла закон, які дазваляе на рашэнне суда канфіскоўваць маёмасць тых, хто падтрымлівае вайну Расеі ва Украіне. Закон прадугледжвае прымусовую нацыяналізацыю расейскай ці беларускай уласнасці ва Украіне без выплаты якіх-небудзь кампенсацыяў.

Так, 12 траўня ўкраінскія праваахоўнікі арыштавалі беларускія аўтамабілі і тэхніку на 7,5 млн долараў у афіцыйнага дылера.

Беларус беларусу
Легендарны «Жывемабіль» ператварыўся ў «Славамабіль»
2022.05.18 20:39

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў