Што можна зрабіць беларусам цяпер, каб прыспешыць змены? Дыскусія экспертаў


Больш за паўтара года прайшло пасля беларускай рэвалюцыі, якая запусціла працэсы, што спыніць ужо не магчыма. Але ўвесь гэты час уладу ў Беларусі кантралюе Лукашэнка. Штабы апазіцыі не могуць сур’ёзна ўплываць на працэсы ўнутры краіны, а актывістаў у Беларусі жорстка караюць за любыя дзеянні. Таму ўзнікае пытанне: што рабіць далей? Палітолаг Андрэй Ягораў у эфіры ток-шоу «План: Б» прапанаваў сур’ёзна разгледзець пытанне перамоваў з рэжымам. На ягоную думку, гэта дазволіць перазапусціць працэсы ў Беларусі.

Але ці гатовая беларуская апазіцыя размаўляць з Лукашэнкам, ці ёсць у гэтым нейкі сэнс? І ці ёсць нейкі канкрэтны план для найбліжэйшай будучыні? Пра гэта мы паразмаўлялі з экспертамі.

Мікалай Халезін: перамовы з Лукашэнкам сёння ўжо немагчымыя. Адзінае, мы маглі б выслухаць ягоныя прапановы наконт перадачы ўлады

Кіраўнік «Creative Politics Hub» і дырэктар Беларускага свабоднага тэатру Мікалай Халезін лічыць, што шанец на спакойную старасць Лукашэнка ўжо страціў, бо цяпер ён пераходзіць у статус ваеннага злачынцы.

– Я мяркую, што сёння перамовы з Лукашэнкам ужо немагчымыя. Мы б маглі, напэўна, выслухаць ягоныя прапановы наконт перадачы ўлады, але цяпер гэта вельмі складаная канструкцыя. Раней фармавалася міжнародная група, дзе былі ўплывовыя палітыкі, якія прапаноўвалі вывезці яго. І дзеля таго, каб ніхто больш не загінуў і не лілася кроў, даць Лукашэнку месца, дзе ён бы ціха дажываў. Такі варыянт быў: і ў жніўні 2020 года, і ў першай палове 2021 года, і нават, бадай, на пачатку 2022 года можна было пра гэта казаць. Але цяпер, калі Лукашэнка пераходзіць у статус ваеннага злачынцы, такога варыянту няма. У яго не будзе ціхай старасці. Гінулі людзі на ягоны загад, гінулі тысячамі, беларусам складана будзе адпусціць яго на спакой, а ўкраінцам і пагатоў. Адзін з варыянтаў – перамовы з сілавікамі, якія маюць які-небудзь уплыў, але я таксама не ўпэўнены, што там такія цяпер ёсць, – лічыць Мікалай Халезін.

Запись новогоднего поздравления Светланы Тихановской на 2022 год, Николай Халезин
На здымку – Мікалай Халезін у цэнтры. Побач Наталля Каляда і Уладзімір Кобец. Вільня, Літва. 22 снежня 2021 года.
Фота: ММ / Беларусь

На думку кіраўніка «Creative Politics Hub», пытанне Беларусі ўжо не вызначаецца ў самой краіне, гэта даволі складаная канструкцыя, на якую цяпер вельмі моцна ўплываюць іншыя чыннікі.

– Нам трэба дакладна зразумець, што без развязання ўсіх праблемаў геапалітычнага вузла Беларусь – Украіна – Расея ніякіх зменаў не адбудзецца, толькі з развязаннем праблемаў трох краінаў можа развязацца ў тым ліку і праблема Беларусі. Гэта дастаткова складаны працэс. Спачатку мы нават не ўяўлялі, што падобнае можа здарыцца ў нашым жыцці, але, тым не менш, гэта здарылася. Паколькі гэта агрэсія Расеі супраць Украіны, першае, што нам сёння трэба, – гэта займацца дапамогай Украіне. Іншых варыянтаў у беларусаў няма, – кажа Халезін.

Таксама, на думку спадара Мікалая, дапамога Украіне можа паспрыяць яшчэ важнаму пытанню: аддзяліць беларускі народ, які да гэтых злачынстваў не мае ніякіх адносінаў, ад рэжыму Лукашэнкі. Беларускі народ не толькі гэта разумее, але і актыўна дзейнічае.

– Дапамогай Украіне беларусы займаюцца розным чынам – ужо ёсць беларускія вайсковыя батальёны, мы бачым велізарную колькасць гуманітарных ініцыятываў, людзі, якія самі сталі ўцекачамі, дапамагаюць Украіне. І гэта адбываецца ва ўсіх краінах: ад краінаў Балтыі і Польшчы – аж да ЗША, – адзначае Халезін.

Халезін кажа, што ёсць некалькі варыянтаў пераходу ўлады.

– Механізм перадачы ўлады ад Лукашэнкі ёсць. Тут няма нічога новага, гэта ўжо адпрацавана ў свеце і ў многіх краінах, дзе адбывалася такая трансфармацыя. Пытанне толькі ў тым, наколькі радыкальна адбываецца гэты пераход. Калі гэта радыкальная гісторыя, як гэта адбывалася ў Румыніі, – гэта адно. Калі паўзучая сітуацыя, як у Вугоршчыне, дзе паступова маладыя выціскалі камуністычных дзядоў са сваіх пляцовак, – гэта іншае. Што да нас, нам бліжэйшы першы варыянт. Бо фактычна кіраваць яму няма чым. Бо існуе сітуацыя з Расеяй, якая як хацела, так і паводзіла сябе на тэрыторыі Беларусі. Так і эканоміка, што ніякаму кантролю не паддаецца, нягледзячы на малітвы прэмʼер-міністра Галоўчанкі, – кажа спадар Мікалай.

Як хутка Лукашэнка будзе адхілены ад улады, цяпер спрагназаваць немагчыма, гэта залежыць ад розных чыннікаў – напрыклад, ад супольнай і хуткай пазіцыі Еўразвязу і ЗША, каб сінхронна працавалі санкцыі.

– Калі гэтая гарманізацыя адбудзецца, гэта аблегчыць гаманец Пуціна для вядзення вайны. Мы цягам некалькі гадоў можам стаць сведкамі распаду Расеі, а калі падобнае адбудзецца, падзе і рэжым Лукашэнкі, – кажа Халезін.

Наш суразмоўца адзначае, што не варта дзяліць людзей у Беларусі і за межамі краіны.

– Пасля рэйкавай партызаншчыны, пасля стварэння «Беларускага Гаюна», пасля ўсіх працэсаў, што рабілі беларусы ўнутры Беларусі, пасля таго, якую мужнасць яны праявілі, не хачу іх падзяляць. Мы адна краіна і адзін народ. Але тым, хто ўнутры краіны, трэба старацца захаваць сваё жыццё і здароўе, дзейнічаць у рамках магчымага. Прашу іх быць вельмі асцярожнымі, бо мы маем справу з беларускімі і расейскімі нацыстамі, для якіх расстрэл – лёгкая справа. Тыя, хто за мяжой, робяць вельмі шмат, я бачу іхную беспрэцэдэнтную дапамогу Украіне, прычым дапамагаюць людзі, якія літаральна ўчора ці сёння выехалі з тэрыторыі Беларусі, – адзначае драматург.

Раман Кісляк: Пакуль я не бачу, каб Лукашэнку было б выгадна весці перамовы

Праваабаронца Раман Кісляк лічыць, што менавіта Лукашэнка не збіраецца весці перамоваў.

– Цяперашні рэжым Беларусі можна змяніць толькі ў выпадку калапсу ўсёй сістэмы кіравання, таму цяпер для гэтага няма магчымасці ў кароткачасовай перспектыве, у найбліжэйшай перспектыве такіх умоваў няма. І безумоўна, трэба дачакацца, калі такая магчымасць зʼявіцца. Такія моманты былі, у жніўні – верасні 2020 года. Але, на жаль, мы, беларусы, не скарысталі гэты момант, гэтую магчымасць, не ператварылі яе ў новую Беларусь, – адзначае Раман Кісляк.

Роман Кисляк, правозащитник из Бреста
Раман Кісляк, старшыня беларускай дыяспары Аджарыі. Раман – праваабаронца з Берасця, сябра ўправы руху «За свабоду», з’ехаў з Беларусі пасля ператрусу ў ліпені 2021 года. Батумі, Грузія. 18 лютага 2022 года.
Фота: Белсат

Перамовы могуць адбывацца толькі тады, калі стануць выгаднымі абодвум бакам. Пакуль жа рэжым не бачыць прычынаў, каб на роўных размаўляць са сваімі апанентамі, і з яго боку размовы ідуць выключна з пазіцыі сілы.

– Пакуль не я бачу, каб Лукашэнку было выгадна весці перамовы. Таму няма сэнсу нават гэта абмяркоўваць. Тыя размовы, што былі ў СІЗА, ці іншыя варыянты, не былі перамовамі. Гэта былі размовы, піяр-акцыі, але не перамовы. Улада лічыць сябе дастаткова моцнай, каб не размаўляць з намі. Цяперашняя ўлада працягвае затрымліваць, арыштоўваць, забіваць, здзекавацца – таму пра перамовы з грамадзянскай супольнасцю не ідзецца. Улады могуць ісці на перамовы з Захадам, але гэта не датычыць грамадзянскай супольнасці, – кажа Раман Кісляк.

Што цяпер могуць зрабіць беларусы?

На думку праваабаронцы, цяпер беларусы, якія застаюцца ўнутры Беларусі, мала што могуць зрабіць без рызыкі трапіць пад рэпрэсіі.

– Я магу толькі раіць захоўваць сябе, назапашваць патэнцыял, вучыцца і рыхтавацца. Я думаю, гэты момант надыдзе, калі можна будзе больш смела дзейнічаць унутры Беларусі. Тыя беларусы, якія зʼехалі, якія цяпер за мяжой, могуць значна болей. Беларусы за мяжой могуць візуалізаваць пратэст, паказваць, што мы, беларусы, супраць цяперашняй улады, супраць парушэнняў правоў чалавека, супраць усіх гэтых жорсткасцяў, што ўлада чыніць. Мы можам праяўляць салідарнасць і дапамагаць як адно аднаму тут за мяжой, так і тым, хто застаўся ў Беларусі. Гэта, бадай, найважнейшае. Трэба думаць наперад, у сярэднечасовую перспектыву, што рана ці позна зʼявяцца новыя магчымасці, сітуацыя зменіцца, і мы мусім да гэтага быць гатовымі. У жніўні – верасні 2020 года беларусы не маглі пайсці далей, да грамадзянскага непадпарадкавання, да масавых страйкаў, і вось вынік цяпер мы назіраем, – падводзіць рысу Раман Кісляк.

Сяргей Верамеенка: З Лукашэнкам нельга ісці на перамовы, паколькі ён не ёсць легітымным прадстаўніком Беларусі, і мы будзем рабіць усё, каб гэтага не адбылося

Беларусы за мяжой адраджаюць партыйныя структуры, над гэтым апошнія некалькі месяцаў актыўна працуе БХД. Кіраўнік беластоцкай суполкі БХД Сяргей Верамеенка расказаў «Белсату», якім ён бачыць развіццё сітуацыі ў Беларусі.

Сяргей Верамеенка.
Фота: Белсат

Для беларусаў, якія засталіся ў нашай акупаванай Беларусі, няшмат выбару. Тут могуць быць, як мы бачым, дваровыя патаемныя сходы, партызанка ў выглядзе надпісаў, падтрыманне нашых змагароў – суседзяў. Для беларусаў, якія выехалі за мяжу, якія выехалі ў еўрапейскія дэмакратычныя краіны, адкрываюцца магчымасці. Мы цяпер у свабоднай краіне, значыць, мы можам свабодна дзейнічаць. Ізноў адкрываюцца магчымасці супрацы з партнёрамі і валанцёрамі, мы можам самі дапамагаць, мы можам ахвяраваць сродкі або рэчы для нашых змагароў ва Украіне. У прыватнасці, БХД аднаўляе сваю працу на тэрыторыі Польшчы, і не толькі Польшчы, нашыя сябры цяпер практычна па ўсёй Еўропе, – кажа Верамеенка.

На ягоную думку, вайна ва Украіне дае беларусам шанец на змены.

– Самы галоўны фактар – гэта вайна, на жаль. Вайна гэта заўсёды гора і разбурэнне. Але гэта магчымасці для Беларусі: расейская імперыя зноў пачне валіцца – і гэта будзе чарговы шанец для Беларусі. Часта пытаюцца, калі гэта будзе, але гэта будзе – мы гэта адчуем і пабачым, і мы вернемся. І вельмі важна, каб мы прыехалі гатовымі для гэтых пераменаў, каб мы не былі разгубленымі, каб улада не валялася пад нагамі, каб яна стала нашай уладай, народнай уладай, – адзначае спадар Сяргей.

Нягледзячы на тое, што шэраг палітолагаў прапануе разгледзець варыянт перамоваў з Лукашэнкам, Верамеенка лічыць, што з чалавекам, які цяпер кантралюе ўладу ў Беларусі, размаўляць не толькі не варта – але і шкодна.

– Лукашэнка не ёсць легітымным прадстаўніком Беларусі. Перамовы можна весці толькі з прадстаўнікамі дэмакратычных структураў, і перамовы могуць ісці пасля выканання тых патрабаванняў, што ўжо былі агучаныя раней: гэта выпусціць усіх палітвязняў, спыніць рэпрэсіі і правесці выбары пад наглядам міжнародных арганізацыяў без Лукашэнкі. У Лукашэнкі толькі адзін шлях – пад суд. І спробы сепаратных перамоваў мусяць спыняцца, яны мусяць адсочвацца. БХД ужо заявіла, што ўсе спробы перамоваў з Лукашэнкам немагчымыя, – адзначае наш эксперт.

На думку Сяргея Верамеенкі, чарговы шанец беларусы атрымаюць, калі Расея будзе вымушаная заняцца сваімі ўнутранымі справамі.

– На жаль, сілавое вызваленне цяпер немагчымае, мы не можам ізноў выйсці на вуліцы, каб усё змянілася, мы не можам цяпер са зброяй пайсці ў бок сваёй краіны, бо там сіла, там грубая фізічная сіла. І там стаяць не толькі беларускія войскі, што нас не падтрымалі – але там стаяць войскі Расеі. І чарговая магчымасць будзе, як толькі Расея пачне адступаць. Расея адступіць з Украіны і адступіць з Беларусі, – упэўнены эксперт.

Алег Саакян: Лукашэнка – гэта перш за ўсё праблема беларусаў, але цяпер ён стаў часткай праблемы для ўсяго свету

Украінскі палітолаг Алег Саакян кажа, што цяпер Лукашэнка стаў часткай праблемы для ўсяго свету, цяпер яго нельга разглядаць асобна, а толькі ў звязцы з Пуціным.

– Лукашэнка – перш за ўсё праблема саміх беларусаў, але ён ёсць часткай праблемы для ўсяго свету. Ён фактычна пачаў анексію Беларусі з боку Расеі. Па-другое, ён выступае часткай вайсковай праблемы, бо гэта ўдарны кулак і плацдарм для ўсіх – для нападу на Балтыйскія краіны, Польшчу, для нападу на Украіну, як мы гэта ўжо пабачылі. Па-трэцяе, ён працуе на расейскую прапаганду, – кажа Алег Саакян.

Фота: Белсат

Таму яго можна разглядаць як частку праблемы для свету і сусветнай бяспекі. Але дакладна не як ключавы элемент – гэта дадатак да Пуціна.

Але найперш гэта праблема беларускага грамадства. Цяжар транзіту ўлады і адходу ад аўтарытарызму перш за ўсё кладзецца на плечы саміх беларусаў. На жаль, іншага гісторыя не можа прапанаваць. Але палягчэннем будзе тое, што Лукашэнка выступае часткай праблемы сусветнай бяспекі – а гэта значыць, беларусы могуць спадзявацца на свет, на яго падтрыманне. І на тое, што ў рамках перамогі Украіны над Расеяй захістаецца і рэжым Лукашэнкі, гэта можа стаць часткай агульнага працэсу дэмакратызацыі Усходняй Еўропы. Таму тут Лукашэнка частка праблемы, якую будзе развязваць свет. Але перш за ўсё беларусам трэба разлічваць на сябе і разумець, што гэта выклік, які стаіць перад беларускай нацыяй, – адзначае палітолаг.

Артыкулы
Абʼяднанне вакол бяды: у Варшаве дзякуючы беларусам і італьянцам адкрыўся шэлтар для ўцекачоў
2022.05.19 12:04

АС belsat.eu

Стужка навінаў