Пераслед у Беларусі працягваецца. Падагульненне за 19 траўня

«Белсат» сабраў асноўныя падзеі і з’явы пераследу, пра якія стала вядома грамадскасці і праваабаронцам цэнтру «Вясна».

Былы палітвязень Арцём Дубскі, які знік без вестак пасля затрымання невядомымі ў Асіповічах, знайшоўся на Акрэсціна. Арцём Дубскі з 2011 года жыў у Польшчы, а 10 траўня прыехаў наведаць сваякоў, якія жывуць у Асіповічах. На наступны дзень яны паехалі ў Менск, дзе Дубскага затрымалі, збілі, пасля чаго адвезлі на допыт у КДБ.

Збіты сілавікамі Арцём Дубскі знайшоўся на Акрэсціна праз пяць содняў

Мянчанку Алену Жарынай затрымалі за бел-чырвона-белыя шторы – супраць яе распачата крымінальная справаза «Арганізацыю і падрыхтоўку дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак альбо актыўны удзел ў іх».

Палітвязню Арцёму Касакоўскаму, асуджанаму да пяці гадоў калоніі, пракурор запрасіў яшчэ 1,5 года. Ён адбываў тэрмін у пяць гадоў зняволення па мінскай «справе чата» ў наваполацкай калоніі, але цяпер яго судзяць за ўдзел у акцыях пратэсту ў родным горадзе Ліда ў жніўні 2020 года.

У Гарадзенскім абласным судзе распачалі працэс ліквідацыі Гарадзенскага абласнога грамадскага аб’яднання былых малалетніх вязняў фашысцкіх канцлагераў. Паседжанне ў межах працэсу пачалося 17 траўня. Рашэнне аб ліквідацыі арганізацыі будзе прымаць суддзя Юрый Карэцкі.

У Горадні могуць ліквідаваць грамадскае аб’яднанне былых малалетніх вязняў фашысцкіх канцлагераў

У Полацку за абразу Лукашэнкі судзяць Святлану Фірсаву: пракурор просіць два гады пазбаўлення волі. У лютым Святлану асудзілі на 200 базавых штрафу за «Апаганьванне збудаванняў і псавання маёмасці» (арт. 341 КК), калі тая наносіла надпісы і БЧБ выявы на слупах электраперадач, дрэвах, лаўках на прыпынках транспарту, асфальце.

Старшыня Беларускага Незалежнага прафсаюзу Максім Пазнякоў атрымаў 15 сутак арышту. Так яго пакаралі за аватарку ў Facebook: сцяг Украіны і выраз «я за незалежнасць».

Выява: Максім Пазнякоў/Facebook

Жыхара Вязынкі асудзілі на 13 содняў арышту за «несанкцыянаванае пікетаванне». Першыя тры дні яго трымалі ў «стакане», а тры ночы запар з 20:00 да 6:00 хлопца выводзілі ў спецыяльны кабінет. Там некалькі гадзінаў яму паказвалі відэа з выступамі Лукашэнкі, а ён павінен быў увесь час стаяць і глядзець.

Сілавікі катавалі арыштанта ўсяночнымі выступамі Лукашэнкі

Двух братоў асудзілі да двух гадоў калоніі за ўдзел у акцыях пратэсту. Цяпер Андрэй і Сяргей Клютчэні чакаюць разгляду апеляцыі ў магілёўскай турме.

У Гомлі на працоўным месцы сілавікі затрымалі навуковую супрацоўніцу Веткаўскага музею Вольгу Афанасьеву.

Палітвязня Юрыя Бялько, якога перавялі ў «крытую» турму, змяшчаюць у ШІЗА. За апошнія пяць месяцаў Юрыя закідвалі ў ШІЗА пяць разоў, а апошнія два месяцы ў калоніі яго ўтрымлівалі ў ПКТ.

У Беларусі працягваюцца рэпрэсіі: людзей вінавацяць у тэрарызме, абразе, непадпарадкаванні

Марыя Мурашка, belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны