Не толькі «1984». Вядомыя кнігі, якія таксама падрываюць стабільнасць у Беларусі


18 траўня стала вядома, што ў Беларусі прызналі экстрэмісцкай кнігай «Сабакі Еўропы» Альгерда Бахарэвіча і «1984» Джорджа Оруэла. Паколькі гэта не першыя і, відаць, не апошнія кнігі, якія былі і будуць забароненыя, карэспандэнты «Белсату» вырашылі скласці свой спіс кнігаў, якім не месца ў краіне імя Аляксандра Лукашэнкі.

«Мы»

Калі забараняць «1984», то, відавочна, трэба заняцца і раманам «Мы» расейскага пісьменніка Яўгена Замяціна, што наўпрост паўплываў і на Оруэла, і Гакслі, і іншых антыўтапістаў. Тым больш, што і савецкія традыцыі такім чынам можна захаваць: напісаны ў 1920 годзе твор не публікаваўся ў СССР да 1988-га, бо з’яўляўся «ідэалагічна варожым» і «паклёпніцкім».

Раман распавядае пра «Адзіную Дзяржаву» будучыні, дзе «ўсе будзе ў кайф»: людзі без імёнаў, а толькі з нумарамі, аднолькавы вонкавы выгляд і ўвогуле ідзе барацьба з тым, каб у людзей не «ўтварылася душа».

Раман-антыутопія Замяціна «Мы» быў напісаны ў 1920 годзе. Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Ruslan Shamukov / TASS / Forum

Хаця ёсць і карысныя парады. Напрыклад, у людзей «секундная хуткасць мовы павінна быць заўсёды крыху меншай за секундную хуткасць думкі, а ўжо ніяк не наадварот». Бо вы ж самі ўсё разумееце.

А электаральныя працэсы павінны быць зусім не падобныя «на бязладныя, неарганізаваныя выбары ў старажытных, калі – смешна сказаць – нават невядомы быў загадзя самы вынік выбараў».

«Будаваць дзяржаву на зусім не ўлічаных выпадковасцях, усляпую – што можа быць больш бессэнсоўным? І вось усё ж, выяўляецца, патрэбныя былі стагоддзі, каб зразумець гэта», – гаворыцца ў кнізе пра выбары, таямніцу якіх даўно раскрылі ў беларускім ЦВК.

«Ферма»

Ну і з Оруэлам, канечне, беларускі рэжым пакуль не дапрацоўвае. У пісьменніка хапае твораў, якія не дараслі да таго, каб прадавацца ў Беларусі, як, напрыклад, «Даніна Каталоніі», дзе камуністычны рэжым параўноўваецца з фашысцкім. Але перадусім, вядома, трэба разабрацца з «Фермай».

Там, свіння (sic!) Напалеон, выгадаваўшы сваіх чорных сабак, і пры падтрыманні яшчэ адной свінні Віскуна захоплівае ўладу на ферме, асуджае завочна да смерці свайго суперніка Сняжка, што ўцёк за мяжу, ды карае смерцю сваіх праціўнікаў. Заадно ён мяняе мясцовую канстытуцыю так, пакуль там не застаецца толькі адзін тэзіс:

«Усе жывёлы роўныя. Але некаторыя жывёлы раўнейшыя за іншых».

«Восень патрыярха»

Не варта абыходзіць увагай і «Восень патрыярха» Габрыеля Гарсіі Маркеса, да якой ужо, праўда, прыглядаюцца прапагандысты. Гэтую кнігу ўжо неяк дарыла Лукашэнку Ксенія Сабчак, хваліў яе і Генадзь Давыдзька, кажучы пра аналогіі з сучаснай Беларуссю. Праўда, наўрадці нехта з беларускіх чыноўнікаў яе ў выніку прачытаў.

Людзі аддаюць даніну павагі калумбійскаму пісьменніку Габрыелю Гарсію Маркесу. Мехіка, Мексіка, 21 красавіка 2014 года. Гарсія Маркес памёр ва ўзросце 87 гадоў у сваім доме ў мексіканскай сталіцы 17 красавіка. 2014 года.
Фота: Sáshenka Gutiérrez / EFE / Forum

Кніга распавядае пра састарэлага прэзідэнта адной з лацінаамерыканскіх краін, які знаходзіцца ва ўладзе так доўга, што ўжо нават ніхто не памятае колькі. У яго практычна няма блізкіх людзей, ягонае жыццё цалкам абрасло легендамі, якія часцяком супярэчаць адна адной. Невядомыя ані дата нараджэння, ані смерці.

Незразумела, дзе ён, а дзе – ягоны двайнік, дзе праўда, а дзе – выдумка.

Пры гэтым «краіна была яшчэ дастаткова жывой, каб ён не адчуваў сябе ў бяспецы нават ва ўласным кабінеце».

«451 градус па Фарэнгейту»

Чарговая антыўтопія ў нашым спісе кандыдатаў на забарону – раман Рэя Брэдбэры «451 градус па Фарэнгейту», што распавядае пра свет, дзе забаранілі кнігі. Дый сама назва адсылае да тэмпературы, пры якой гарыць папера.

У гэтым свеце пажарныя ўжо не тушаць пажары, а, наадварот, іх чыняць. Пры тым спальваюць не толькі кнігі, але і дамы, дзе жылі тыя, у каго іх знайшлі. Такі сабе ГУБАЗіК на максімалках.

Кадр з фільму «Фарэнгейт 451».
Фота: HBO / Planet / Forum

Гэта шлях, па якім ідзе лукашэнкаўская Беларусь, дзе «спачатку класікаў зрэзалі да пятнаццаціхвіліннага радыёшоу, затым зноў зрэзалі – да калонкі ў кнізе, на чытанне якой сыходзіць дзве хвіліны, і нарэшце ўсё скончылася артыкулам у энцыклапедычным слоўніку з дзесяці ці дванаццаці радкоў».

Замест кніг тут тэлевізар, які «кажа вам, пра што належыць думаць, і ўбівае гэта вам у галаву. Ён заўсёды і абавязкова мае рацыю».

Але і ў гэтым свеце, ёсць тыя, хто памятае часы, калі пажарныя «перадухілялі пажары, замест таго каб падліваць газу і распальваць іх».

«Галодныя гульні»

Падчас забаронаў не варта забываць і пра больш маладыя пакаленні. Напрыклад, тых, хто мог бы дацягнуцца да трылогіі «Галодныя гульні» амерыканскай пісьменніцы Сузэн Колінз, дзе звычайная дзяўчына воляй лёсу стала сімвалам і лідаркай зменаў для падданых састарэлага дыктатара.

Тут ёсць і шмат іншых беларускіх флэшбэкаў, як то забароненыя сімвалы ці ўзяты ў палон актывіст, якога гвалтам прымушаюць перайсці на бок рэжыму. І паўстанне, якое працягваецца, нягледзячы на рэпрэсіі, бо:

«Вы можаце забіваць нас, бамбаваць, спальваць нашыя дыстрыкты, але паглядзіце на гэта. Агонь разгараецца!»

«Нязнайка на месяцы»

Ёсць жа кнігі, якія ўвогуле вучаць дзяцей супраціву ці не з дзіцячага садка. Адзін з самых яскравых прыкладаў гэтага – «Нязнайка на месяцы» Мікалая Носава, што паляцеў на іншую планету і патрапіў у незнаёмы для яго свет.

У суседняй Расеі праваахоўнікі ўжо даўно прыглядаюцца да гэтай кнігі. Гэтак, яшчэ ў 2017 годзе яе правяралі на экстрэмізм за тое, што мясцовы актывіст цытатамі з кнігі нібыта распальваў варожасць да паліцыянтаў.

«– А хто такія гэтыя паліцыянты? – спытала Сялёдачка.

– Бандыты! – з раздражненнем сказаў Каласок.

– Шчырае слова, бандыты! Насамрэч, абавязак паліцыянтаў – абараняць насельніцтва ад рабаўнікоў, у рэчаіснасці ж яны абараняюць толькі багатых».

У Беларусі кнігу ад забароны ратуе, відаць, тое, што ў ёй гаворка ідзе не пра міліцыянтаў.

«Прыгоды Чыпаліна»

Не давядуць дзяцей да дабра і «Прыгоды Чапаліна» італьянскага пісьменніка Джані Радары. Кнігі, дзе супраць дыктатуры паўстала нават гародніна.

Сын палітвязня Чыпаліна гуртуе аднадумцаў і пачынае змаганне з прыгнятальнікамі простага народу. У выніку рэжым падае, палітычныя зняволеныя выходзяць з-за кратаў і пачынаюць шчаслівае жыццё.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Vyacheslav Prokofyev / TASS / Forum

Беларусь жа пакуль працягвае жыць у казцы, дзе «турмы пабудаваныя для тых, хто крадзе і забівае, але ў прынца Лімона ўсё наадварот: злодзеі і забойцы ў яго ў палацы, а ў турме сядзяць сумленныя грамадзяне».

Думалі мы згадаць і «Казку пра рыбака і рыбку», дзе старой надакучыла «быць вольнаю царыцай» і яна захацела «быць уладарніцай морскай», але ў выніку засталася з разбітым карытам. Але Пушкіна ўсё адно не забароняць, бо ягоны верш «Клеветникам России» вельмі добра кладзецца ў сённяшнюю прапаганду, а «памылкі» ў мінулым былі нават у Дзерманта і Марзалюка.

«Каласы пад сярпом тваім»

Калі казаць пра беларускую літаратуру, то першым пад забарону падыходзіць раман Уладзіміра Караткевіча «Каласы пад сярпом тваім». Кніга распавядае пра Беларусь напярэдадні паўстання Кастуся Каліноўскага, якога даўно хаяць прарасейскія прапагандысты, а Рыгор Азаронак нават называе «структурным аналагам» украінскага Сцяпана Бандэры.

Пры гэтым у кнізе ўздымаюцца пытанні нацыянальнай ідэнтычнасці, мовы, гісторыі, адрозных ад «русского мира». Што «білі беларуса за тое, што беларус».

І ў адрозненні ад звычайнай школьнай праграмы гаворка тут не столькі пра сумны і гаротны лёс селяніна, колькі пра дзейнага і актыўнага беларускага князя, гатовага браць адказнасць і за сябе, і за Радзіму.

Узнікненне «расейцаў са знакам якасці» пасля ўдумлівага прачытання такіх твораў можа сур’ёзна ставіцца пад пытанне.

Канстытуцыя

Ну і куды ж без «Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь». Крамолу з гэтай кнігі старанна прыбіралі з 1995 года, пакуль у 2022 годзе фармаванне беларускага канстытуцыйнага парадку дасягнула найвышэйшай кропкі. Але і дагэтуль у кнізе застаюцца артыкулы, якія могуць засмуціць ідэалагічна няспелыя галовы.

Фота: Аліса Ганчар / Белсат

Чаго варты артыкул пра тое, што «забеспячэнне правоў і свабод грамадзян Рэспублікі Беларусь з’яўляецца найвышэйшай мэтай дзяржавы»?! Тут жа не пазначаныя прозвішчы гэтых грамадзянаў. А значыць, можна падумаць, што гэта датычыць усіх.

Дый артыкул «Рэспубліка Беларусь выключае ваенную агрэсію са сваёй тэрыторыі ў адносінах да іншых дзяржаў» таксама наводзіць цень на пляцень. Хаця, магчыма, у ім проста варта прапісаць, што агрэсія дапушчальная, калі можаш паказаць на мапах, «адкуль на Беларусь рыхтаваўся напад».

Біблія

Услед за Канстытуцыяй, вядома, трэба будзе забараніць і Біблію. Толькі экстрэмісцкае выданне можа ўключаць у сабе такія антыдзяржаўныя пункты, як дзесяць запаведзяў.

Што значыць, «не забі»? А калі чалавек «нахабна» стаіць перад міліцыяй? Ці замахнуўся на «тэракт» – балты, напрыклад, раскідаў ці рэлейную шафу падчас вайны на чыгунцы падпаліў?

А «не крадзі»? Што, нават галасы на выбарах?

Ці не сведчы ілжыва? А як тады будзе працаваць беларуская судовая сістэма?

І гэта мы маўчым пра тое, што не трэба ствараць сабе куміра. У краіне, дзе ёсць чалавек, што вышэй за Бога.

Карацей, адзін суцэльны экстрэмізм.

Увогуле ж, можна не спыняцца, а ўслед за «451 градусам па Фарэнгейту» проста спаліць усе кнігі. Дый увогуле забараніць прынесеныя з-за мяжы літары, бо, як казаў нядаўна Аляксандр Лукашэнка, «ідэі, не ўласцівыя нашаму славянскаму менталітэту, а часам згубныя для нашага духоўнага развіцця, экспартуюцца да нас звонку найперш з тэхналогіямі».

Аналітыка
«Зрабілі быллю і Кафку, і Оруэла…» За што выдаўца Андрэя Янушкевіча кінулі за краты і ў чым «вінаватыя» кнігі
2022.05.18 18:14

Макар Мыш belsat.eu

Стужка навінаў