«Выявілася, што я вельмі моцны чалавек». Праз паўгода зняволення выйшла на волю журналістка TUT.by Кацярына Барысевіч


Кацярына Барысевіч на волі.
Фота: TUT.by

19 траўня на волю выйшла журналістка TUT.by Кацярына Барысевіч, асуджаная за інфармаванне пра праўдзівы дыягназ забітага пратэстоўцы Рамана Бандарэнкі.

Сустракалі карэспандэнтку з гомельскай калоніі, куды яе этапавалі ў апошнія дні зняволення. Каля калоніі ў гэты час стаялі характэрныя мікрааўтобус і легкавік з чалавекам у пагонах унутры, перадае TUT.by.

Прыкладна ў 7:30 раніцы Кацярына Барысевіч выйшла з калоніі. Найперш яна патэлефанавала 18-гадовай дачцэ Дашы, якая чакае маці ў Менску. За паўгода зняволення журналістка атрымала каля 500 лістоў.

«Мяне загадзя папярэдзілі, што сёння раніцай я выйду, таму з 4-5 раніцы я чакала, калі мяне паклічуць – і ўсё, выйду на свабоду. Я да гэтага перахварэла, але займалася спортам, гадзіну ў дзень, як мае быць, дыхала свежым паветрам», – распавяла Кацярына Барысевіч.

Паводле яе, яна найбольш хоча «абняць блізкіх і родных, зʼесці матчыных сырнікаў і баршчу. А яшчэ мацней за ўсё хочацца паехаць у сваю вёску і вырошчваць кветкі. Дарэчы, у калоніі я папрасіла сабе хоць нейкую працу. Мне далі высаджваць календулы і валошкі. Атрымала неймавернае задавальненне».

«Выявілася, што я вельмі дужы чалавек»

Каця шмат пісала на крымінальную тэматыку, але кажа, што шмат якіх дэталяў яна не ведала: як адбываецца этап, як людзі выязджаюць на суд, што гэта насамрэч вельмі працяглы працэс. «Перабываць ўсярэдзіне гэтага – гэта цяжкія адчуванні», – кажа яна.

У камунікаванні з людзьмі ў яе праблемаў не было. «Я на тое і журналіст, каб знайсці агульную мову з усімі».

Цяжка было, што ў камеры курылі па 12-14 чалавек, а Каця не паліць, і таму яна хадзіла ў медычнай павязцы.

А ў Гомлі, куды яе этапавалі перад вызваленнем, кураць на вуліцы, і гэта сталася для яе добраю навіною.

Каця распавядае, што наагул умее цешыцца малому, а цяпер «навучылася на ўсе вар’яцкія рэчы глядзець спакойна».

«Я не магу сказаць, што я зрабілася іншаю. Выявілася, што я вельмі дужы чалавек», – дзеліцца Каця.

У яе быў момант, калі ёй хацелася плакаць у першыя дні, але ў камеры былі 19-гадовыя студэнты, аднагодкі яйнае дачкі, і яна не магла дазволіць сабе слёзаў.

Упершыню ж у зняволенні яна плакала ад радасці – праз месяц, калі вызваліўся чалавек, які ўжо зрабіўся ёй блізкім, а таксама калі Ала Шарко (праграмная дырэктарка «Прэс-клубу») малявала ёй вёску.

«Калі хочаш атрымліваць нейкае задавальненне ў гэтым жыцці, але жыццё ў цябе вось такое, то я брала максімум», – кажа Каця.

Яна расказвае, што стварала для сябе свой свет, разумеючы, што застаецца ў калоніі.

«Я разумела, тое, як я буду сябе адчуваць, залежыць толькі ад мяне. Таму былі танцы, песні і добры настрой. Так, мяне пазбавілі волі, але ўнутрана я была вольным чалавекам», – расказвае Каця.

Жоўтая нашыўка на вопратцы

Пракаментавала Каця і жоўтую нашыўку на вопратцы.

«Гэта проста, што я Барысевіч, знаходжуся ў калоніі», – распавяла журналістка.

Паводле яе, нашыўка патрэбная проста для абазначэння знаходжання ў калоніі і не мае дачынення да пазнакі палітзняволеных.

Артыкулы
За два дні да вызвалення журналістку Кацярыну Барысевіч перавялі ў гомельскую калонію
2021.05.17 17:20

Кацярыну Барысевіч затрымалі 19 лістапада 2020 года. Крымінальная справа была заведзеная за нібыта выдаванне медычнае таямніцы (арт. 178 ч. 3 КК). Прычына – матэрыял Кацярыны пра тое, што загінулы на Плошчы Пераменаў Раман Бандарэнка быў цвярозым. Хоць родныя Рамана не раз заяўлялі, што не маюць прэтэнзіяў ні да журналісткі, ні да доктара Арцёма Сарокіна, з якім яна размаўляла, у сакавіку суд Маскоўскага раёну Менску прысудзіў Кацярыне шэсць месяцаў калоніі, а таксама штрафу ў 100 базавых. Доктару далі два гады пазбаўлення волі з адтэрмінаваннем выканання пакарання на год, а таксама штраф у 50 базавых.

МГ belsat.eu

Стужка навінаў