У Еўропе і ЗША асудзілі разгром TUT.by


Офіс TUT.by.
Фота: mogilev.online

Міністэрствы замежных справаў краін Балтыі, амбасады Еўразвязу і ЗША, а таксама міжнародныя структуры асудзілі рэпрэсіі ў дачыненні незалежнага інфармацыйнага парталу TUT.by.

«Паралізаваць працу»

Адным з першых на пераслед выдання адрэагавалі ў прадстаўніцтве Еўрапейскага Звязу ў Беларусі.

«Беларускі партал TUT.by – флагман беларускай журналістыкі на працягу 20 гадоў, яго чытаюць і шануюць большасць карыстальнікаў інтэрнэту ў краіне і многія за яе межамі, у тым ліку і дыпламаты, якія працуюць з Беларуссю. Свабода медыяў павінна быць гарантаваная», – гаворыцца ў заяве.

Амбасада ЗША таксама выпусціла заяву, у якой асудзіла «неаслабны пераслед рэжымам Лукашэнкі незалежнага парталу TUT.by, яго журналістаў і супрацоўнікаў».

«Ператрусы ў офісах TUT.by, а таксама ў дамах супрацоўнікаў, з фіктыўнай нагоды расследавання падатковага махлярства сталі апошнімі ў серыі карных захадаў, скіраваных супраць сродку масавай інфармацыі, чыё галоўнае «злачынства» палягае ў аб’ектыўным асвятленнi мірных пратэстаў супраць сфальсіфікаваных выбараў 2020 года і гвалтоўных і жорсткіх дзеянняў рэжыму ў адказ», – гаворыцца ў заяве.

На думку амерыканскіх дыпламатаў, улады Беларусі «маюць намер паралізаваць яго працу, абвінаваціўшы ў парушэннях падатковага заканадаўства».

«Гэтыя спробы выкараніць незалежнае мысленне – у духу найгоршых падзеяў мінулага стагоддзя. Беларусь узяла на сябе міжнародныя абавязацельствы паважаць правы чалавека і асноўныя свабоды, і Злучаныя Штаты чакаюць, што Беларусь гэтыя абавязацельствы будзе выконваць», – заявілі ў амбасадзе.

«Сумна бачыць рэпрэсіі»

Таксама з асуджэннем пераследу TUT.by выступілі міністэрствы замежных справаў Літвы, Латвіі і Эстоніі.

«Нелегітымнымі беларускі рэжым баіцца незалежных медыяў і сістэматычна іх знішчае. Ганебны пераслед найбуйнейшага навінавага сайту краіны tut.by – яшчэ адзін прыклад такой палітыкі. Вольныя медыі не задушаць, злачынствы супраць беларускага народу будуць раскрытыя », – гаворыцца ў паведамленні МЗС Літвы.

А кіраўнік ведамства Габрыелюс Ландсбергіс заявіў, што «Літва гатовая стаць домам удалечыні ад дому для ўсіх, хто шукае прытулку. Разам мы пераможам тыранію і хлусню!»

Кіраўнік МЗС Латвіі Эдгар Рынкевіч заявіў, што разгром TUT.by – «недапушчальна і супярэчыць міжнародным абавязкам Беларусі». Ён заклікаў афіцыйны Менск «аднавіць працу сайту і спыніць пераслед журналістаў».

«Рашуча асуджаем рэпрэсіі супраць найбуйнейшага навінавага сайту Беларусі TUT.by. Беларусь не могуць і не прымусяць замаўчаць! Будзем сачыць за развіццём падзеяў, хвалюючыся за бяспеку журналістаў, у тым ліку Марыны Золатавай», – гаворыцца ў заяве МЗС Эстоніі.

«Спыніць ціск на медыі»

У Арганізацыі бяспекі і супрацы ў Еўропе (АБСЕ) таксама занепакоеныя дзеяннямі ўладаў Беларусі. Падзеі вакол гэтага СМІ «яшчэ раз падкрэсліваюць трывожную сітуацыю са свабодаю медыяў, доступам да інфармацыі і бяспекай журналістаў» у Беларусі, заявіла прадстаўніца АБСЕ ў пытаннях свабоды СМІ Тэрэза Рыбэйра, перадае DW.

Паводле яе, блакаванне парталу ёсць крайняй мераю і непрапарцыйным умяшаннем у дзейнасць медыяў. Яна заклікала ўлады ў Менску «спыніць гэтую небяспечную тэндэнцыю, якая негатыўна адбіваецца на свабодзе медыяў і свабоды слова ў Беларусі». Рыбэйра паабяцала ўважліва сачыць за развіццём падзеяў у Беларусі.

А Рада Еўропы лічыць блакаванне працы TUT.by парушэннем свабоды выказвання меркаванняў.

«Рада Еўропы заклікае ўлады Беларусі спыніць далейшы ціск на медыі. Апошнія крокі ў дачыненні TUT.by і журналістаў выклікаюць трывогу ды супярэчаць прынцыпам свабоды выказвання меркаванняў, адным з асноўных правоў чалавека», – заявіў афіцыйны прадстаўнік генеральнага сакратара арганізацыі Даньель Гёльтген.

https://twitter.com/CoESpokesperson/status/1394744477777006594

Нагадаем, што Святлана Ціханоўская апублікавала адмысловую заяву ў сувязі з атакаю сілавікоў на TUT.by. Яна кажа, што ейная каманда трымае сувязь з кіраўніком Еўракамісіі Урзуляй фон дэр Ляен.

«Мы патрабуем неадкладнай рэакцыі ЕЗ, тэрміновага запуску праграмы падтрымання незалежных СМІ, абароны журналістаў і дапамогі для працягу працы, насуперак рэпрэсіям. Мы настойваем, што трэба ўвесці санкцыі ў дачыненні ўсіх адказных за рэпрэсіі рэдакцыяў, журналістаў і блогераў», – дадала яна.

Hавiны
Святлана Ціханоўская: Гэта сапраўдны акупацыйны рэжым
2021.05.18 14:26

МГ belsat.eu

Стужка навінаў