Ціхана Восіпава, якога абвінавацілі ў наездзе на вайскоўцаў падчас пратэстаў, пакаралі 11 гадамі зняволення


Судовая калегія Менгарсуду пад старшынёўствам суддзі Пятра Арлова 19 траўня вынесла прысуд 25-гадоваму інжынеру БНТУ Ціхану Восіпаву, якога абвінавацілі ў наедзе на вайскоўцаў падчас пратэстаў у жніўні 2020 года, ва ўдзеле ў «масавых беспарадках», а таксама ў ілжывым даносе. Пра гэта паведамляе spring96.org.

Менскі гарсуд пакараў Восіпава 11 гадамі калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму. Пракурор Антон Цюменцаў раней запытваў для яго 12 гадоў калоніі.

Восіпава прызналі вінаватым адразу паводле трох артыкулаў Крымінальнага кодэксу: замах на забойства вайскоўцаў (ч. 1 арт. 14 і 362), удзел у масавых беспарадках (ч. 2 арт. 293) і загадзя ілжывы даносе(ч. 1 арт. 400).

25-гадовы інжынер БНТУ Ціхан Восіпаў у зале суда. Яго абвінавачваюць адразу ў трох артыкулах Крымінальнага кодэксу. Згодна з версіяй абвінавачання, у ноч з 10 на 11 жніўня 2020 года хлопец удзельнічаў у акцыях пратэсту, наехаў на BMW на пяцярых вайскоўцаў, пасля чаго ўтапіў свой аўтамабіль у вадаёме і заявіў у міліцыю аб угоне. Менск, Беларусь. 27 красавіка 2021 года.
Фота: АВ / Белсат

Віну Восіпаў прызнаў толькі наконт заведама ілжывага даносу, паводле іншых артыкулаў – цалкам не прызнаў. На судзе ён распавёў, што ўвечары 10 жніўня з сябрамі вырашылі пракаціцца па горадзе і паглядзець на абстаноўку: спачатку паехалі да метро «Грушаўка», на Кальварыйскую, а пазней накіраваліся ў цэнтр. Пакатаўшыся па горадзе з дзве гадзіны, каля 23-й гадзіны яны збіраліся паехаць дадому праз Прытыцкага, дзе быў вялікі затор.

У нейкі момант Ціхан убачыў, як адзін з кіроўцаў у заторы здымае з машыны нумары, і вырашыў таксама зняць іх для ўласнай бяспекі. Пасля Восіпаў заўважыў у люстэрку задняга віду шарэнгу сілавікоў, якія набліжаліся. Яны прайшлі паўз ягоны аўтамабіль, аднак ён пабачыў, як у суседняй паласе людзі са зброяй выцягнулі людзей з машыны, паклалі на зямлю і пагражалі зброяй.

«У гэты момант я запанікаваў, да мяне таксама падышлі, пачалі тузаць за дзверы, я спрабаваў перастроіцца і з’ехаць, але ў гэты момант па ўсім аўтамабілі пачалі біць. Я баяўся, што да мяне будзе ўжыты фізічны гвалт, таму я паспрабаваў уцячы, бачачы, як выцягваюць людзей з іншых машын, прыстаўляючы да іх зброю».

Змяніўшы паласу, хлопец пачаў з’язджаць і пабачыў перад сабою групу сілавікоў. Яны адышлі ўбок, але калі Восіпаў праязджаў міма, пачалі біць па машыне. «Я пабачыў, як у мой бок накіроўваюць зброю, і на нейкі момант страціў кіраванне аўтамабілем, схаваўшыся за стырно», – распавёў на судзе Восіпаў.

Аб’ектыў
Ратаваў жыццё і заехаў у натоўп сілавікоў, цяпер на лаве падсудных
2021.04.12 23:08

Потым хлопец працягнуў рух і праз нейкі час спыніўся, развярнуўся каля ГЦ «Скала» і пабачыў мікрааўтобус. Падумаўшы, што яго пераследуюць, вырашыў схавацца праз парк, дзе не было асвятлення, з-за чаго заехаў у вадаём.

«Калі я прыйшоў дадому, вырашыў расказаць жонцы, што аўтамабіль скралі. Жонка параіла звярнуцца ў міліцыю, і з раніцы я адправіўся ў аддзяленне», – казаў Ціхан на судзе.

Пасля таго, як машыну дасталі з вадаёму, Ціхан прызнаўся і распавёў, як усё было. Яго затрымалі паводле арт. 293 КК і пакінулі ў РУУС, забралі рэчы. Потым хлопцу выставілі новае абвінавачанне паводле арт. 362 КК.

На судовым працэсе выступілі трое пацярпелых. Усе яны распавялі, што альбо наогул не бачылі, як Восіпаў пад’язджаў да іх на машыне, альбо пабачылі толькі ў апошні момант. Таксама вайскоўцы заявілі, што не атрымалі сурʼёзных траўмаў, бо былі ў амуніцыі, а пасля здарэння працягнулі нясенне службы. Некаторыя з іх памянялі ўласныя паказанні, і сказалі, што цяпер не ўпэўненыя, што Восіпаў здзейсніў наезд спецыяльна, як гэта сцвярджае пракурор.

Абноўлена
Справу Ціхана Восіпава, якога вінавацяць у наездзе на вайскоўцаў, пачалі разглядаць паўторна
2021.05.05 12:56

ІІ belsat.eu

 

 

Стужка навінаў