Беларускія рытэйл і сельская гаспадарка б’юць рэкорды ў даўгах


Беларускія рублі. Менск, Беларусь. 27 красавіка 2021 года.
Фота: АВ / Белсат

Абноўленая афіцыйная статыстыка сведчыць пра рэкордныя запазычанасці адразу ў некалькіх галінах беларускай эканомікі. Увагу на гэта звярнулі banki24.by.

Доля стратных і нізкарэнтабельных сельскіх гаспадарак у 2021 годзе склала 64,3 %, прычым 32,4 % флагманаў аграрнай галіны мелі страты ад рэалізацыі прадукцыі. На 1 красавіка сумарныя іх даўгі склалі Br 15,384 млрд. Гэта рэкордная значэнне доўгу за час падлікаў паводле бягучай методыкі. Папярэдні рэкорд пратрымаўся толькі месяц.

З пачатку 2016 года да 1 красавіка 2021-га памер абавязкаў вырас на 37,1 %.

Сярэдняя рэнтабельнасць продажаў у сельскай гаспадарцы за І квартал склала 4,9 % супраць 5,2 % годам раней.

Рэкорд пратрымаўся месяц

Таксама чыноўнікі падвялі вынікі працы раздробнага гандлю на пачатку 2021 года. Раздробнае тавараабарачэнне ў краіне за чатыры месяцы скарацілася на 1,7 % да 2020 года, тады як за такі ж перыяд мінулага года продаж вырас на 4,7 %. Продаж рытэйлу знізіўся на ўсёй тэрыторыі Беларусі, акрамя Меншчыны, дзе раздробнае тавараабарачэнне за студзень – красавік вырасла на 0,3 %.

Сярэдняя рэнтабельнасць продажаў у рытэйле за І квартал склала 1 % супраць 1,8 % у 2020 годзе. Каля 43,2 % флагманаў галіны за тры месяцы паказалі страты ад рэалізацыі прадукцыі, а яшчэ 44,6 % выйшлі на рэнтабельнасць ад 0 % да 5 %. Рэальны рост выручкі быў сціплы – толькі 1,6 % да ўзроўню 2020 года.

Прыбытак ад рэалізацыі ў раздробным гандлі ўпаў у намінале на 36,6 %. З папраўкаю на інфляцыю прыбытак скараціўся на 41,5 %.

Сумарныя даўгі флагманаў раздробнага гандлю на 1 красавіка склалі Br 9,962 млрд. Гэта максімальнае значэнне доўгу за ўсю гісторыю вымярэнняў паводле актуальнай методыкі. Папярэдні рэкорд пратрымаўся ўсяго адзін месяц. За 2016–2020 гады даўгі рытэйлу выраслі на 60,9 %. За І квартал 2021 года дадалося яшчэ 2,6 %.

МГ belsat.eu

Стужка навінаў