«Тут месца нашым сучасным героям». У адказ на вайну Украіна пазбаўляецца ад рэшткаў «русского мира»


Поўнамаштабная расейская вайна ва Украіне цягнецца ўжо амаль два месяцы. Канфлікт, задуманы для далейшага прасоўвання «русского мира», не дасягнуў сваіх мэтаў. Хутчэй наадварот – паспрыяў глыбейшай адмове ўкраінцаў ад усяго, звязанага з Расеяй ды СССР.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Людзі ідуць міма плота, упрыгожанага плакатамі з вокладкай часопісу «TIME», прысвечанай падзеям ва Украіне. Львоў, Украіна. 20 сакавіка 2022 года.
Фота: Яўген Атцецкі / Белсат

Канчатковае вырашэнне ўкраінскага пытання

Яшчэ перад вайной Уладзімір Пуцін распавёў сваю версію ўкраінскай гісторыі:нібыта Украіну стварылі на расейскіх землях камуністы на чале з Уладзімірам Леніным. І, наколькі б гэта ні гучала дзіўным, у адказ на знос ва Украіне помнікаў камуністычным дзеячам і перайменаванне такіх самых назваў паабяцаў украінцам паказаць самую «сапраўдную дэкамунізацыю».

Праз некалькі дзён да «дэкамунізацыі» дадаліся яшчэ «дэнацыфікацыя» і «дэмілітарызацыя» – менавіта гэтак тлумачыліся прычыны і мэты пачатку поўнамаштабнай вайны. Але, як паказалі практыка і наступныя падзеі, усе гэтыя тры «дэ-» хаваюць за сабой адну галоўную мэту – «дэўкраінізацыю» ды павальнае насаджэнне ва Украіне «русского мира».

Барацьба з усім украінскім выявілася ў непрыхаваным генацыдзе ўкраінцаў: масавых ваенных злачынствах, разбураных ушчэнт гарадах, тысячах забітых цывільных украінцах, згвалтаваных украінскіх жанчынах і нават у спальванні ўкраінскіх падручнікаў па гісторыі.

Даходзіць да таго, што расейскія прапагандысты на старонцы дзяржаўнага інфармагенцтва РФ ледзь не наўпрост заклікаюць да «канчатковага вырашэння» ўкраінскага пытання.

«Дэнацыфікацыя непазбежна будзе з’яўляцца і дэўкраінізацыяй – адмовай ад пачатага яшчэ савецкай уладай маштабнага штучнага раздзімання этнічнага кампанента самаідэнтыфікацыі насельніцтва тэрыторый гістарычных Маларосіі і Наваросіі», – апраўдвае вайсковыя злачынствы расейскі прапагандыст.

І дадае: «Назва «Украіна», відаць, не можа быць захаваная ў якасці тытулу ніякага цалкам дэнацыфікаванага дзяржаўнага ўтварэння».

Аднак імперскія мары Расеі рэалізаваць пакуль не атрымліваецца. Саступаючы Украіне на полі бою, Крэмль не здольны выйграць і на ідэалагічным фронце. Карэспандэнты «Белсату» распавядалі раней, што ўслед за расейскім вайсковым караблём кіруецца і Расейская праваслаўная царква. Але гэта далёка не адзіны аскепак «русского мира», які за апошнія два месяцы ва Украіне і не толькі сціскаецца як шагрэневая скура.

Аналітыка
«РПЦ пачынае разыходзіцца па швах». Як патрыярх Кірыла падтрымаў вайну і згубіў Украіну. І не толькі яе
2022.04.05 10:35

Не – расейскім вуліцам

Адным з адказаў жыхароў Украіны на вайну стала рашэнне пазбавіцца ад назваў вуліц, станцыяў і сквераў, якія так ці інакш звязаныя з Расеяй. І што б ні казалі ў РФ, такіх назваў хапала нават у Заходняй Украіне, якую расейская прапаганда традыцыйна лічыць апірышчам украінскіх «нацыстаў».

Гэтак, у Кіеве чыгуначную станцыю «Кіеў-Маскоўскі» ўжо назвалі «Кіева-Дзямееўскім», а сквер сяброўства паміж Кіевам і Масквой стаў скверам Герояў Дняпра.

Ва Ужгарадзе ў спіс да перайменавання ўвайшлі 58 звязаных з Расеяй і расейскімі дзеячамі вуліц, у Львове – больш за 30, у Івана-Франкоўску і Дняпры – больш як 20, у Тэрнопалі – 10. Лідарам жа ў перайменаванні можа стаць Луцк. Тут кандыдатам на змену назвы стала 101 вуліца.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Рабочыя вешаюць сцягі ў старой частцы Львова, Украіна. 3 красавіка 2022 года.
Фота: Marcin Nowak / REPORTER / East News

Найбольш жа не шанцуе назвам, звязаным са сталіцай РФ. У Мікалаеве былая вуліца Маскоўская стала Марыупальскай. А ў Ніжыне яе перайменавалі ў гонар абаронца Украіны, які загінуў у баях з расейскімі акупантамі.

Сваіх назваў пазбаўляюцца нават напоі. Гэтак, у Роўне бровар вярнуў «Жыгулёўскаму» піву гістарычную назву «Венскае». А ў Кіеве з назвы рэстарацыі «Гагарын і Бакараш» уласнікі прыбралі прозвішча савецкага касманаўта. Пераназвалі ва ўкраінскай сталіцы і бібліятэку, што насіла імя расейскага партызана.

Не толькі Расея, але і Беларусь

З прычыны таго, што рэжым Аляксандра Лукашэнкі падтрымаў расейскую вайну супраць Украіны, хваля перайменаванняў закранае і назвы, звязаныя з Беларуссю. Гэтак, у Кіеўскім метро, сярод іншага, могуць знікнуць не толькі станцыя «Площа Льва Толстого», але і названыя ў гонар беларускіх гарадоў «Мінська» і «Берестейська». Беларускі паэт Алесь Плотка, які дагэтуль жыве ў Кіеве, прапанаваў лепш дэрусіфікаваць станцыю, названую ў гонар беларускай сталіцы: з «Мінська» у «Менська». Але невядома, ці прымуць гарадскія ўлады такую прапанову.

Артыкулы
У Роўне з’явіцца вуліца Кастуся Каліноўскага
2022.04.05 13:40

Падобная сітуацыя і ў Роўне, дзе пазбаўляюцца не толькі ад Кастрамской вуліцы і вуліцы Тувінскіх добраахвотнікаў, але і ад Віцебскай. Праўда, апошнюю гарадскія ўлады вырашылі назваць у гонар беларускага паўстанца 1863–1864 гадоў Кастуся Каліноўскага – беларускі батальён ягонага імя ваюе ў складзе ЗСУ за незалежнасць і самастойнасць Украіны.

Помнікі таксама ўплываюць

Разам з назвамі знікаюць і іншыя напаміны пра расейскую акупацыю. Гэтак, з Тэрнопалю, Мукачава і Ужгараду прыбралі помнікі расейскаму паэту Аляксандру Пушкіну, верш якога «Клеветникам России» вельмі добра пераклікаецца з сённяшняй крамлёўскай прапагандай. Ва Ужгарадзе помнік Пушкіну некаторы час паспеў пабыць помнікам амерыканска-французскаму спеваку Джоў Дасэну.

Дэмантаваны помнік у Тэрнопалі. Крыніца: Укрінформ | Новини України / Telegram

Знікаюць і іншыя помнікі расейскага і савецкага часу. З Харкава – помнік Жукаву, з Роўна і Мукачава – савецкія танкі і гэтак далей. У Ноўгарадзе-Северскім дэмантавалі мазаікі з выявамі Леніна і Сталіна, ва Ужгарадзе – пліту да 300-годдзя аб’яднання Украіны і Расеі. У Адэсе з памятнага знаку на Думскай плошчы прыбралі ўказальнікі на расейскія гарады, а з алеі славы ў Чарнаўцах – зорку спевака Васіля Герэлы, які падтрымаў расейскую вайну.

Расейская мова больш не патрэбная

Расейскай мовы ва Украіне неўзабаве можа стаць істотна менш. Гэтак, упаўнаважаны ў абароне дзяржаўнай мовы Тарас Крэмень прапаноўвае з 1 верасня замяніць ва ўкраінскіх школах дысцыпліну «расейская мова» іншымі навучальнымі прадметамі – гісторыяй Украіны, украінскай мовай, украінскай літаратурай, матэматыкай і англійскай мовай.

Падобнага меркавання прытрымліваецца і адукацыйны омбудсман Сяргей Гарбачоў.

«Калі мы згаджаемся на выкладанне расейскай мовы, то, думаю, кожны ўрок расейскай мовы павінен пачынацца словамі: Расея – краіна-агрэсар, Пуцін – ваенны злачынец, Расея вінаватая ў генацыдзе ўкраінскага народу. Вось на такіх умовах можна вывучаць гэтую мову», – мяркуе ён.

Ад пабу да варэнікаў

Сваю тапанімічную салідарнасць з Украінай у вайне выказваюць і заходнія краіны. Перадусім гэта датычыць дыпламатычных прадстаўніцтваў РФ. На вуліцах у гонар абаронцаў Украіны і яе незалежнасці цяпер стаяць расейскія амбасады і кансулаты ў Празе (Чэхія), у Вільні (Літва), Рызе (Латвія), Таронта (Канада), Тыране (Албанія). А ў Браціславе (Славаччына) пасля пачатку вайны расейскае пасольства «перамясцілася» на вуліцу ў гонар забітага расейскага апазіцыянера Барыса Нямцова. Гучаць падобныя прапановы і адносна амбасады РФ у сталіцы Канады Атаве.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Ля амбасады Расеі ў Лондане, Вялікая Брытанія. 10 сакавіка 2022 года.
Фота: Vuk Valcic / SOPA Images / Shutterstock / East News

Замежны бізнес таксама не хоча мець дачынення да РФ. Пасля пачатку вайны ад сваёй шыльды і назвы пазбавілася крама «Taste of Russia» («Смак Расеі») на вуліцы Брайтан-Біч у амерыканскім Нью-Ёрку. А ў Ерусаліме уладальнік выдаліў назву з пабу «Пуцін». Ёсць нават спробы пераназваць пароды жывёлінаў, у назве якіх змяшчаецца слова «расейскі».

Праўда, месцамі перайменаванні заходзяць задалёка. Гэтак, у Польшчы варэнікі пераназвалі з «рускіх» ва «ўкраінскія» або ўвогуле прыбралі геаграфічную частку назвы. Але, як адзначае польская журналістка Сыльвія Майхэр, такія змены не маюць сэнсу, бо ў польскай мове слова «ruski» мае дачыненне не да Расеі, а да Беларусі ды Украіны.

«Пазбавіцца ад усяго расейскага»

«Чарговай непазбежнай хваляй дэкамунізацыі» і «жаданнем пазбавіцца ад усяго расейскага» назвала ў каментары «Белсату» апошнія тэндэнцыі журналістка Іванна Гошый з Тэрнопалю.

Нагадаем, што ў горадзе пасля 24 лютага дэмантавалі помнікі Аляксандру Пушкіну і савецкім лётчыкам ды вырашылі перайменаваць дзесяць вуліц, названых у гонар расейскіх дзеячаў – Юрыя Гагарына, Міхаіла Глінкі, Міхаіла Ламаносава, Аляксандра Пушкіна, Антона Чэхава, Фёдара Дастаеўскага, а таксама савецкіх вайскоўцаў – Жывава, Карпенкі, Танцарова, Чалдаева.

«Цяперашнія забойствы мірных украінцаў, разбурэнне гарадоў і вёсак, наўмыснае знішчэнне Расеяй украінскай нацыі не пакідаюць нам выбару. Гэта боль і вялікая рана ўкраінскага народу… Мы не хочам, каб нешта нам нагадвала пра краіну-агрэсара. І тут гаворка не пра музыку, паэзію ці навуку, а ўвогуле пра пратэст супраць «русского мира», пратэст супраць расейскага народу, які патурае і падтрымлівае страшныя злачынствы Крамля», – адзначыла Іванна Гошый.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Andrea Ronchini / NurPhoto / NurPhoto via AFP / East News

На думку журналісткі, на вуліцах Тэрнопалю павінны быць помнікі асобам, якія маюць дачыненне да гораду і якія праславілі Украіну.

«Тут месца нашым сучасным героям, якіх вельмі шмат, і якія натхняюць нас быць незламанымі, адстойваць нашу незалежнасць, на іх прыкладзе мы выхоўваем сваіх дзяцей», – падкрэсліла суразмоўца.

ПС belsat.eu

Стужка навінаў