Хто з украінскіх зорак асудзіў вайну ва Украіне, а хто падтрымаў пуцінскую агрэсію


Цывілізаваны свет асудзіў напад Расеі на Украіну. З усіх бакоў гучаць словы падтрымання ўкраінскаму народу і заклікі да пуцінскага рэжыму спыніць вайну. Да гэтых заклікаў далучыліся і многія ўкраінскія зоркі, якія пабудавалі сваю кар’еру ў Расеі. Праўда, сярод вядомых асобаў украінскага паходжання, якія працуюць у Расеі, ёсць і тыя, хто выступіў за агрэсію Пуціна, а некаторыя проста вырашылі прамаўчаць.

Ілюстрацыйны здымак. Месца трапляння расейскай ракеты (на здымку – пасярэдзіне) каля станцыі тэхабслугоўвання аўтаў. У выніку абстрэлу загінулі 7 чалавек, 4 з якіх – працаўнікі СТА, мінімум 11 пацярпелі, у тым ліку адно дзіця. Астатнія ўдары былі здзейсненыя па аб’ектах вайсковай інфраструктуры. Львоў, Украіна. 18 красавіка 2022 года.
Фота: АК / Белсат

Многія ўкраінскія артысты, блогеры, музыкі, якія працуюць у Расеі, публічна асудзілі агрэсію Пуціна і выступілі супраць вайны ва Украіне, якую Расея распачала 24 лютага. У Кіеве вядомы блогер і прадзюсар Пётр Застаўны разам з Марынай Сікорскай стварылі сайт theylovewar.com («яны любяць вайну»), на якім сабралі спіс усіх «зорак» і публічных асобаў, якія падтрымалі вайну ва Украіне. У спісе ёсць зоркі ўкраінскага паходжання, якія не агучваюць сваёй пазіцыі.

Сярод украінскіх знакамітасцяў у спісе – Ані Лорак, Рэгіна Тадарэнка, Сняжана Ягорава, Ганна Седакова, Аксана Марчанка, Нестар Шуфрыч, Яўгеній Мураеў, Алена Бандарэнка, Таццяна Манцян, Джыган, Ігар Круты. Гэтыя асобы прамаўчалі і не агучваюць сваёй пазіцыі. MARUV, Артур Піражкоў у сваіх сацсетках выказалі меркаванне, што кровапраліцце мусіць спыніцца. Але да каго яны звярнуліся – не канкрэтызуюць.

Муж Наталлі Каралёвай Тарзан запісаў відэа, у якім падтрымаў агрэсію Пуціна. Украінцы чакалі, што нейкім чынам на крывавыя падзеі адрэагуе сама Наталля. Але адзінае, што зʼявілася ў ейных сацсетках, – фота, на якой дзве рукі, пафарбаваныя ў колеры ўкраінскага і расейскага сцягоў. Пазней высветлілася, што пост стварыла не спявачка, а адміністратар сайту.

Фота: Наташа Королева / VK

Адметна, што Наталля Каралёва – сябра прапуцінскай партыі «Единая Россия».

У пачатку расейскага ўварвання 58-гадовая спявачка Лаліта Міляўская запісала відэа, у якім заклікала да міру, бо «нічога ў свеце няма даражэйшага за спакой родных». Лаліта нарадзілася ў Мукачаве ва Украіне. У Кіеве ў лютым былі ейная дачка і маці.

Аднак пасля таго, як родныя прыбылі ў Расею, Лаліта вярнулася да «свайго звычайнага жыцця». Яна ні разу не назвала вайну вайной і не выказала словаў падтрымання ўкраінцам.

У спісе theylovewar.com шэраг украінскіх знакамітасцяў, якія не змаўчалі, а падтрымалі пуцінскую агрэсію. Сярод такіх зорак – Станіслаў Бандарэнка, Сняжана Ягорава, Аскольд і Эдгар Запашныя, Джыгурда.

Да сакавіка ў спісе была і вядомая спявачка Святлана Лабада. У першы дзень вайны яна запісала відэа, дзе асудзіла агрэсію, але толькі праз месяц пасля поўнамаштабнага ўварвання Святлана назвала Расею агрэсарам. Цяпер яна ў Польшчы, актыўна дапамагае ўкраінцам-уцекачам. Таксама ў Польшчы і спявачка Вера Брэжнева.

Некаторыя ж украінскія зоркі, якія сталі вядомыя ў Расеі, вырашылі не зʼязджаць з сваёй краіны. Напрыклад, Андрэй Данілка (вядомы як Верка Сярдзючка) застаўся ў Кіеве і заклікае дапамагаць тэрабароне.

32-гадовы кампазітар і спявак Макс Барскіх забараніў выкарыстоўваць сваю музыку на тэрыторыі Расеі ў любым выглядзе. Артыст напісаў у сваім Instagram, што яшчэ месяц таму ён трымаў у руках толькі мікрафон, а зараз будзе вучыцца карыстацца зброяй, і адправіўся на ваенныя вучэнні.

Такім чынам, украінскае грамадства не прымае ад зорак маўчання. На думку людзей, маўчанне – гэта знак згоды. Ухваленне крывавай агрэсіі выклікае ва ўкраінцаў непаразуменне і адрынанне.

Аналітыка
«Тут месца нашым сучасным героям». У адказ на вайну Украіна пазбаўляецца ад рэшткаў «русского мира»
2022.04.19 13:07

belsat.eu

Стужка навінаў