Беларусы Нямеччыны: Мы дапамагаем украінцам, але праблема палітвязняў не знікла


Аб’яднанне беларусаў Нямеччыны «Разам» афіцыйна зарганізавалася ў жніўні 2020 года для дапамогі землякам на радзіме і тым, хто быў вымушаны пакінуць бацькаўшчыну праз пераслед. Цяпер супольнасць багата высілкаў прыкладае для падтрымання ўкраінцаў. Аднак праблемы беларусаў для «Разам» не адышлі на другі план.

Даведка
Ганна Шкор, удзельніца рады аб’яднання беларусаў «Разам».
Фота: асабісты архіў

Да таго як пачалася вайна ва Украіне з расейскімі войскамі, у Нямеччыне актывісты з беларускай і ўкраінскай дыяспары ўжо былі знаёмыя.

«Мы бралі ўдзел разам у акцыях перад вайной, і як установа мы прыходзілі. Былі прамовы ад нашай арганізацыі з беларускай непраўладнай пазіцыі, каб было зразумела, як развіццё падзеяў бачыць беларускае грамадства. Плюс у нас былі ўкраінскія партнёры, бо ва Украіну з Беларусі ўцякала шмат людзей, і нам патрэбная была там падтрымка на месцы», – распавядае перадгісторыю шчыльнай супрацы Ганна Шкор, удзельніца рады аб’яднання беларусаў «Разам».

«Разам» шчыльна супрацоўнічаў з «Free Belarus Center», які месціўся ва Украіне да пачатку ваенных падзеяў. Праз гэтую арганізацыю беларусы Нямеччыны дапамагалі землякам, якія бягуць з Беларусі, знаходзіць жытло на першы час, а таксама падтрымлівалі адзеннем і неабходнымі рэчамі.

Пасля пачатку ўварвання расейскіх войскаў ва Украіну некаторыя ўдзельнікі BFC былі вымушаныя эвакуявацца, цяпер частка застаецца ў Варшаве ды працягвае падтрымліваць беларусаў, а таксама арганізоўвае эвакуацыю мірнага насельніцтва з Украіны.

Hавiны
Free Belarus Center пераехаў з Украіны ў Польшчу
2022.03.23 21:44

Ганна адзначыла, што арганізацыя беларусаў аказалася карыснаю, калі прыйшоў час хутка рэагаваць на падзеі ва Украіне і дапамагаць уцекачам:

«У Берліне, як і ў Нямеччыне агулам, даволі шмат арганізацыяў ды ініцыятываў украінскіх, але яны не інстытуцыялізаваныя, як «Разам». Яны не вельмі вялікія паводле колькасці ўдзельнікаў ці не маюць неабходнай структуры. Таму яны звяртаюцца да нас па дапамогу. Так быў зарганізаваны склад для дапамогі ў Доме статыстыкі, дзе ў нас офіс».

У Доме статыстыкі праходзілі розныя культурніцкія імпрэзы з удзелам ці пры падтрыманні «Разам». Цяпер у частцы грамадскай арганізацыі збіраюць рэчы і ежу ўцекачам ці для перасылання ва Украіну.

«Калі пачалася вайна, шмат хто ўзяўся збіраць гуманітарную дапамогу. Спачатку немцы ў парыве дапамагчы хоць неяк неслі ўсё запар. Потым мы зразумелі, што ва Украіну мы можам дасылаць кансервы толькі ў метале. Разабраліся, якую ежу лепей прыносіць, якія медыкаменты мы можам адпраўляць і розныя іншыя арганізацыйныя пытанні. Таксама не было ясна, што рабіць з адзеннем, думалі нават не збіраць яго. Але і праз Берлін едзе шмат уцекачоў, апранутых не паводле надвор’я. Таму ў другой частцы офісу мы зарганізавалі выдачу адзення, вазкоў, валізак, торбаў, заплечнікаў. Кожны дзень там выдаюць людзям неабходнае. То частка рэчаў ідзе тым, хто прыехаў у Берлін, а частка – ва Украіну», – распавяла Ганна.

Мазаічны плакат #StandWithUkraine на чыгуначнай станцыі, дзе ўкраінскія ўцекачы высаджваюцца з цягнікоў з Польшчы. Берлін, Нямеччына. 22 сакавіка 2022 года.
Фота: Stefan Boness/Panos Pictures / Panos Pictures / Forum

Беларуска адзначыла, што з часам праца «Разам» пашыраецца згодна з запытамі і прапановамі мясцовых жыхароў:

«Прыйшоў чалавек і прапанаваў раздаваць гарачую ежу. І цяпер раз на дзень мы харчуем прыгатаванай ежай. У асноўным прыходзяць жанчыны з дзецьмі».

Удзельнікі набылі дом на колах, каб валанцёрам на мяжы Польшчы ды Украіны было дзе спаць, бо праз вялікую колькасць людзей у рэгіёне знайсці прытулак на ноч амаль немагчыма. Акрамя таго, «Разам» даслала 20 інвалідных вазкоў ва Украіну.

Актывістка адзначае, што цяпер вельмі шмат ініцыятываў, накіраваных на дапамогу Украіне, нягледзячы на тое, што ў Нямеччыне даволі высокі ўзровень бюракратыі. Паводле эксперткі, досвед спрыяння беларусам пасля жніўня 2020 года вельмі дапамог у цяперашняй сітуацыі хутка ўзяць сябе ў рукі і пачаць дзеяць:

«У нас быў шок, натуральна. І вам не трэба тлумачыць, але ў Нямеччыне нам выпадае даводзіць, што для беларусаў няма адчування, што гэтая вайна недзе далёка ў чужой краіне. Гэта вайна, якая кранае тваіх блізкіх, сяброў, знаёмых. Адчуванне, што вайна на тваёй радзіме. Не ўсе ўкраінцы ведаюць пра падзеі ў Беларусі, пратэсты і тое, што цяпер у Беларусі. Сярод іх былі пытанні, чаму ракеты з тэрыторыі Беларусі. Але ў размовах удаецца патлумачыць, чаму так.

У нас ужо быў досвед супрацы адно з адным, ёсць наладжаныя кантакты, ёсць структуры і людзі на месцах, ёсць разуменне, што трэба рабіць, ёсць голас у нямецкім грамадстве.

Да нас звяртаюцца па пошук асобаў для каментароў, напрыклад. Яшчэ ў нас было такое, што людзі эмацыйна выгаралі і вярталіся зноў. То мы ўжо ведалі, што такое можа быць і як з гэтым даваць рады, людзі навучыліся з такім працаваць».

Беларускае пытанне нікуды не дзелася

Ганна адзначыла, што, не зважаючы на вялікую колькасць працы для ўкраінцаў, «Разам» працягвае дапамагаць і беларусам:

«Мы пастараліся данесці пазіцыю грамадзянскай супольнасці да немцаў. Тут дасюль няма разумення, чаму Беларусь аказалася ўцягнутая, што рэжым Лукашэнкі акупацыйны. Мы даводзім гэта. Таксама ў Нямеччыне няма разумення, што беларусам для ўезду ва Украіну не трэба было візаў, і там паўгода не трэба было афармляць віду на жыхарства. І калі прымаліся законы, было складана патлумачыць палітыкам, што беларусы за два гады былі вымушаныя двойчы ўцякаць, яны не могуць вярнуцца на радзіму. Было напісана шмат лістоў у розныя міністэрствы.

Нешта ўдалося данесці, але беларусам усё адно выпадае з юрыстамі ці валанцёрамі хадзіць і даказваць, што яны маюць права на такі ж статус, як і ўкраінцы.

Хаця на дзяржаўным узроўні гэтае прызнаецца, але на месцах клеркі бачаць беларускі пашпарт і прапаноўваюць ці вяртацца ў Беларусь, ці атрымаць не ваеннае ўцякацтва, а звычайнае. А гэта нашмат горшае становішча, калі нельга працаваць пэўны час ды іншае».

І гэтыя высілкі прыносяць вынік. Гэтак, кіраўніца МЗС Нямеччыны Аналена Бэрбак заявіла:

«Вайна ва Украіне – гэта вайна Пуціна. Кожны, хто варожа ставіцца да беларусаў ці расейцаў у Нямеччыне, нападае не толькі на нашых суграмадзянаў, але і на асноўныя прынцыпы нашага суіснавання. Мы трымаемся разам. Мы мацнейшыя за нянавісць».

Супольнасць падрыхтавала памятку тым, хто прыбывае ў Нямеччыну, каб застацца і легалізавацца ў гэтай краіне.

«Разам» падтрымлівае і тых асобаў, хто быў вымушаны ўцякаць ад пераследу ў Беларусі, а потым ад вайны ва Украіне і застаўся ў Польшчы. Гэта дапамога ажыццяўляецца праз FBC, які цяпер у Варшаве.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Акцыя салідарнасці ў Нямеччыне. Фота для рэдакцыі

Даволі не складана падчас жахлівых падзеяў забыцца, што ў Беларусі працягваюцца рэпрэсіі. «Разам» падтрымлівае 42 сям’і палітычных вязняў. Ганна адзначыла, што збіраць грошы на гэтыя патрэбы стала складаней:

«Гэтая праблема нікуды не сышла. Для блізкіх палітвязняў сітуацыя зусім бязрадасная: грошай па-ранейшаму не стае, кармільцы застаюцца ў турмах, а зборы ідуць на іх вельмі складана. Але мы прыцягваем да гэтага ўвагу».

«Разам» трымае кантакт з беларусамі ў Беларусі ў пытаннях уцякацтва ды эканамічнага падтрымання і, наколькі магчыма, дапамагае землякам.

У планах беларускай супольнасці на будучыню – працягваць даводзіць нямецкім палітыкам, што адбываецца ў Беларусі, і падтрымліваць грамадзянскую супольнасць унутры краіны.

Гісторыі
Беларусы Нямеччыны: «Кавалак Берлінскай сцяны стаіць дагэтуль з беларускімі сімваламі»
2022.03.13 14:00

МГМ belsat.eu

Стужка навінаў