«Я ў любым выпадку іду да канца». Правілы жыцця Марыі Калеснікавай


Марш Міру і Незалежнасці. У краіне ўжо 22 дзень пратэстуюць супраць фальсіфікацыі вынікаў прэзідэнцкіх выбараў. Менск, Беларусь. 30 жніўня 2020 года.
Фота: АВ / Vot Tak TV / Белсат

24 красавіка дзень нараджэння адзначае музыкант і палітык Марыя Калеснікава. Адна з трох грацый беларускага пратэсту знаходзіцца за кратамі з 7 верасня 2020 года. «Белсат» сабраў правілы жыцця Марыі Калеснікавай – чалавека, які прыдумаў лозунг «дзяўбці, дзяўбці і дзяўбці гэтую ўладу».

Пра музыку

Я чэрпаю натхненне з немузычных крыніц. Цяпер мяне вельмі цікавяць сацыяльныя тэмы, у тым ліку звязаныя з музыкай: музыка Галакосту, музыка і палітыка, жанчыны ў музыцы, музыка і тэхналогіі.

У любым узросце можна пачынаць займацца музыкай: вывучаць тэорыю, ці проста граць на інструменце, альбо спяваць. Чыста фізіялагічна музыка развівае мозг, эмпатыю і эмацыйны інтэлект, з’яўляюцца новыя нейронавыя сувязі, хутчэй вывучаюцца замежныя мовы.

Талент тут наогул не мае значэння: усе здольнасці развіваюцца, і самы вялікі стэрэатып – не займацца музыкай з-за адсутнасці слыху. Слых ёсць ва ўсіх. Ён развіваецца, як і пачуццё рытму. Але на гэта патрэбны час.

Пра мастацтва і палітыку

У еўрапейскіх краінах гэта абсалютна натуральна, калі чалавек мастацтва уцягнуты ў палітычную жыццё. Таму што існуе цалкам відавочная сувязь паміж рэжымам і тым, наколькі свабодна я магу займацца культурай і міжнароднымі праектамі ў галіне сучаснага мастацтва.

Марыя Калеснікава паказвае сімвал штаба Віктара Бабарыкі, сэрца, праходзячы праз грамаду людзей. Брэст, Беларусь. 2 жніўня 2020 года.
Фота: АВ / Белсат

Пра працу і поспех

Увесь шлях у мастацтве, праз які я прайшла, вельмі моцна загартоўвае.

Важна быць адкрытым свету і спазнаваць усё, што блізка і далёка, каб сябе ўзбагачаць. Паверце, не было ніводнага прафесіянала ў сваёй галіне, якому б не казалі, што ўсё, што ён робіць, дрэнна і было б лепш, каб ён гэтым не займаўся. Усе праз гэта праходзяць, абсалютна ўсе. Трэба ніколі не спыняцца і проста атрымліваць асалоду, бо калі праца прыносіць радасць, ты на слушным шляху.

Аб мужчынах і жанчынах

Жанчыны, якія не дапамагаюць іншым жанчынам, гараць у пекле.

Я думаю, што фемінізм перастане быць лаянкавым словам. Я ўпэўненая, што большасць жанчын не падазрае, што яны феміністкі, ды і мужчыны таксама.

Мне падабаюцца разумныя мужчыны з пачуццём гумару, якія здольныя слухаць і чуць. Мне падабаюцца мужчыны, якія не баяцца браць адказнасць за свае ўчынкі і могуць прымаць рашэнні. Тое ж самае можна сказаць і ў адносінах да жанчын, якія мне падабаюцца.

Марыя Калеснікава на «Маршы новай Беларусі» ў Менску, Беларусь. 23 жніўня 2020 года.
Фота: ІА / Белсат

Я мэтанакіравана падтрымліваю жанчын, таму што ведаю, што кожная з тых, якая прыйшла да нейкай самарэалізацыі або жаданні нешта рабіць самастойна, праходзіць гэты шлях нашмат больш складана, чым мужчына. Ёсць такі выраз, што калі вы едзеце ў ліфце наверх, вазьміце з сабой кагосьці. Вось я пастаянна бяру з сабой некага, каб не ехаць у гэтым ліфце адной.

Я дакладна ведаю, што без сваёй каманды я не змагла б рабіць тое, што я раблю. У гэтай камандзе вельмі шмат мужчын. Трэба разумець, што іх павага і стаўленне да мяне ўсяляе ў мяне ўпэўненасць, што ў беларускім грамадстве мы прыходзім да разумення таго, што усё роўна, якога ты полу. Важна як ты працуеш, што ты можаш рабіць і якую можаш браць на сябе адказнасць.

Аб пратэстах і палітыцы

Гэта не барацьба за ўладу, гэта барацьба за пачуццё ўласнай годнасці.

Грамадства вельмі моцна змянілася дзякуючы збегу некалькіх абставінаў – гэта такія «чорныя лебедзі», якія ў адзін момант зляцеліся ў адзін пункт – Беларусь.

Я пакідаю кожнаму права рабіць так, як ён лічыць патрэбным. Але, як кажуць, «прыйдуць па ўсіх». Калі вы лічыце, што вы апалітычныя і тое, што адбываецца, вас не тычыцца, то вы памыляецеся. Не ўсе разумеюць, што кошт кавы ў бары залежыць ад палітыкі, ад дзеючай улады.

Калі шчыра, я не адчуваю сябе палітыкам. Я нават не ведаю, што гэта такое. Гэта значыць, я з боку бачыла, як гэта выглядае. Я адчуваю, што я прыняла вельмі вялікую адказнасць за сябе, за сваё жыццё, за тое, як я кантатктую з людзьмі, за тое, якія меседжы я пасылаю. Я адчуваю вялікую адказнасць за надзеі людзей.

Трэба разумець, што Савецкі Саюз даўно скончыўся. У часы штучнага інтэлекту, развітых тэхналогій і ўсяго астатняга, што мы маем, няма месца аўтарытарным рэжымам. У іх ёсць толькі страх і дубінкі, а ў нас — увесь свет і трэцяе тысячагоддзе!

Аб гвалце

Рэжым пераступіў усе межы, у ім больш не засталося нічога людскага. Гэта абсалютнае зло, якое павінна быць спынена.

У краіне развязаная бойня супраць усяго жывога, чалавечага, таленавітага і прафесійнага.

Вераніка Цапкала, Марыя Калеснікава і Святлана Ціханоўская ў машыне пасля заканчэння сустрэчы з выбаршчыкамі. Салігорск, Беларусь. 4 жніўня 2020 года.
Фота: АВ / Vot Tak TV / Белсат

Я баюся, што чым далей улада зойдзе ў гвалце, тым складаней нам будзе вярнуцца да міру. Бо рэжым падзе, а нам усім тут жыць: і тым, хто біў і саджаў, і тым, каго білі і саджалі.

Пра Лукашенку

Лукашэнка, дарэчы, дагэтуль, па-мойму, не зразумеў, што ён нарабіў, але для развіцця фемінізму ў Беларусі ён выпадкова зрабіў больш, чым хто-небудзь.

Чалавек, які сам сябе называе дыктатарам, не давярае нікому, ведаючы, што яго могуць здрадзіць. І гэта абсалютная праўда. Красаўцы пакінуць яго і вокам не міргнуць. Хто ж захоча адказваць за кроў, гвалт і развал краіны разам з ім? Правільна, ніхто. А ўсе гэтыя бясконцыя «жахі» пра танкі, аўтаматы, Чаўшэску, Кадафі з яго вуснаў — самае дакладнае таму пацверджанне. Ён баіцца да жудасці, бо ведае, што ў рэшце рэшт застанецца зусім адзін.

Будзе перамога. Калі яе не будзе, уся Беларусь будзе закатаная ў асфальт. Усе крэатыўныя, свабодныя, незалежныя людзі, дробны, сярэдні бізнэс, людзі мастацтва, навукоўцы з’едуць. Тут не застанецца нічога. Але першым з’едзе, вядома, бізнес, таму што абсалютна ўсім зразумела, што калі застанецца Лукашэнка, сістэме каб выжыць, прыйдзецца закатаць усю краіну ў асфальт.

Марыя Калеснікава ідзе побач з Нінай Багінскай падчас традыцыйнага нядзельнага маршу. Менск, Беларусь. 30 жніўня 2020 года.
Фота: ТК / Белсат

Пра турму

Турма не месца для слёз і журбы, а смяюся я гэтак жа гучна і ад душы. Спытайце ў супрацоўнікаў і следчых.

Свет гукаў, у якім я жыву апошнія 30 гадоў, моцна адрозніваецца ад таго, што я чую тут. Адсутнасць музыкі і ёсць катаванне. Ратуе памяць, калі я заплюшчваю вочы і слухаю ўнутры сябе Баха, Моцарта і тое, што я грала сама.

Як і любы нармальны чалавек, час ад часу я магу адчуваць страх. Але страхі не звязаныя з турмой, КДБ і людзьмі ў масках. Калі разумееш, што тыя, хто спрабуе цябе запалохаць, застрашыць, на самрэч баяцца больш за цябе — страх знікае сам. Не адразу, але знікае.

Святлана Ціханоўская і Марыя Калеснікава на адным з агітацыйных мітынгаў.
Фота: Пул Першай / Telegtam

Мару пра той дзень, калі ўбачу сваіх блізкіх і калегаў, мы будзем абдымацца, шмат-шмат смяяцца і размаўляць. І, вядома, мару аб вольнай і новай Беларусі.

Пра перамогу

Рэжым можа справіцца з плошчай, але з доўгім, рэгулярным і разнастайным пратэстам большасці – не здольны. І ў яго застаецца два шляхі: альбо рэформы і допуск людзей да кіравання, альбо стаць адкрыта паліцэйскай дзяржавай-меншасцю, што супрацьстаіць большасці, без усіх гэтых «палатак», ЦВК ды іншых пацёмкінскіх вёсак. Але на рэформы патрэбна смеласць, а на паліцэйскую дзяржаву патрэбныя грошы. Ні таго, ні іншага ў рэжыму няма.

Народ не забудзецца на гэты кашмар і гэтае супрацьстаянне.

Мы ўжо перамаглі – сябе, свой страх, І мы дакладна ведаем, чаго хочам. Але нас яшчэ спрабуюць закатаць у чырвона-зялёны асфальт. Свабодных моцных людзей больш ніколі не загнаць «пад плінтус». А нам галоўнае памятаць: цямней за ўсё перад світаннем.

Для сябе я вырашыла – я ў любым выпадку іду да канца.

Марыя Калеснікава звяртаецца да ўдзельнікаў «Агульнаграмадзянскага маршу За Свабоду». Менск, Беларусь. 16 жніўня 2020 года.
Фота: АВ / Белсат



Пры падрыхтоўцы матэрыялу выкарыстаны публікацыі выданняў: 34mag.net, Govorim.by, Forbes.ru, Naviny.online, BBC, Meduza.io, The Village, The Bell, DW, «Настоящее время».

МГ/АА belsat.eu

Стужка навінаў