Сюжэт з замахам на правадыра

ФСБ і КДБ распавялі пра раскрыццё страшнай змовы супраць кіраўніцтва Беларусі. Фарбаў у гэтую гісторыю дадаў і сам Аляксандр Лукашэнка. Гучныя заявы раскручвае беларуская прапаганда. Палітызаваная публіка чухае патыліцу і адзначае нестыкоўкі ў падачы гісторыі, задаецца пытаннямі, на якія пакуль няма адказу. Незалежныя медыя дружна бяруць словы «змова», «змоўцы», «пераварот» у двукоссі, піша для vot-tak.tv Аляксандр Класкоўскі.

На суботніку 17 красавіка Лукашэнка заявіў, што затрымалі групу, якая нібыта планавала замах на яго і ягоных дзяцей ды была звязаная са спецслужбамі ЗША. «Мы іх захапілі ў Маскве», – распавёў беларускі правадыр.

ФСБ у сваю чаргу паінфармавала, што разам з КДБ ім удалося спыніць супрацьпраўную дзейнасць Юрыя Зянковіча і Аляксандра Фядуты:

«Яны планавалі ажыццявіць вайсковы пераварот у Беларусі паводле адпрацаванага сцэнара «каляровых рэвалюцыяў» з прыцягненнем мясцовых і ўкраінскіх нацыяналістаў, а таксама фізічную ліквідацыю прэзідэнта А. Лукашэнкі».

ФЯДУТА, КАСТУСЁЎ І ІНШЫЯ

Сказаць, што гэтыя весткі шакавалі людзей, якія ведаюць Фядуту, а таксама затрыманага ў гэтай справе ў Беларусі Рыгора Кастусёва, значыць нічога не сказаць.

Аляксандр Фядута – публіцыст і філолаг, знаўца творчасці Пушкіна. Так, ён пісаў з’едлівыя для рэжыму тэксты, але нават вонкава гэты рафінаваны інтэлектуал (дарэчы, чалавек зусім не зайздроснага здароўя) ніяк не асацыюецца з Джэймзам Бондам.

Аляксандр Фядута.
Фота: Александр Федута / Facebook

Рыгор Кастусёў – старшыня Партыі БНФ, 64-гадовы вусаты дзядзька з вобразам лагоднага лубачнага беларуса. Гэты апазіцыйны дзеяч з вялікім стажам заўсёды быў асцярожны. Яго нават запрашалі часам для дыскусіяў на дзяржаўнае тэлебачанне. Партыя БНФ адносіцца да старой апазіцыі, якая падчас леташніх пратэстаў была мала заўважная. Тон у супрацьстаянні з рэжымам сталі задаваць зусім іншыя фігуры.

Наагул пасля бурных леташніх падзеяў давер беларускага грамадства да ўладаў ды іх СМІ моцна прасеў. Шмат хто ці наагул не глядзіць казённае тэлебачанне, ці апрыёры ўспрымае яго мэсіджы як локшыну на вушы.

Рыгор Кастусёў.
Фота: ІА / Белсат

У плане раскрыцця розных змоваў супраць рэжыму бэкграўнд не надта і ў беларускіх спецслужбаў. Ім да гэтага часу ўспамінаюць, напрыклад, гісторыю з дохлым пацуком. Перад прэзідэнцкімі выбарамі 2006 года чэкісты, заявіўшы пра раскрытыя планы тэрактаў, прэзентавалі публіцы відэа з прызнаннямі нейкага прыцемненага персанажа, якога замежныя інструктары нібыта навучылі цкаваць небарак-беларусаў з дапамогаю кінутага ў водаправод гнілога пацука. Але потым гэтая справа заглухла, ніякага суда над тэрарыстамі не было, так што відэа палічылі інсцэнаваннем.

А ў 2017 годзе бясслаўна рассыпалася «справа «Белага легіёну», якую таксама спачатку істэрычна раскручвала прапаганда. Тады на піку дармаедскіх пратэстаў Лукашэнка заявіў, што затрыманыя некалькі дзясяткаў баевікоў, якія «трэнаваліся ў лагерах са зброяй». Потым затрыманых ціха выпусцілі, спыніўшы супраць іх крымінальны пераслед.

ЗАВАБІЛІ Ў МАСКВУ І ЗЛАВІЛІ НА ЖЫЎЦА?

Цяпер, аднак, справа выглядае больш сур’ёзна, чым гісторыя з дохлым пацуком. У сюжэце, паказаным беларускім тэлеканалам ОНТ, фігуруюць сем чалавек (уключаючы Фядуту, Зянковіча, Кастусёва), якія нібыта планавалі замах на Лукашэнку і дзяржаўны пераварот. Паказана, як гэтыя людзі, некаторыя з якіх жывуць за мяжой, у тым ліку ў ЗША, размаўлялі праз «Zoom».

Фота: vot-tak.tv

Падобна на тое, што гэтыя палітызаваныя грамадзяне, якія зусім не палаюць любоўю да рэжыму Лукашэнкі, сапраўды абмяркоўвалі розныя, у тым ліку і вельмі рашучыя, варыянты змены сітуацыі ў Беларусі. Але ці азначае гэта, што за іхнымі спінамі стаяла CIA і яны сапраўды мелі магчымасці зрэалізаваць нейкі радыкальны сцэнар?

Заакіянскія ўдзельнікі тых «Zoom»-канферэнцыяў ужо патлумачылі СМІ, што гэта былі адкрытыя дыскусіі, іх запісы рассылаліся шмат каму.

«На нашай дыскусійнай пляцоўцы абмяркоўвалася ўсё тое, што абмяркоўваецца на кухнях кожны вечар у любой беларускай сям’і: як паскорыць сыход Лукашэнкі», – растлумачыў TUT.by беларус Павел Кулажанка, які жыве ў Нью-Ёрку.

«Было б непрафесійна не абмяркоўваць розныя сцэнары змены рэжыму ў Беларусі. Але паўтараю: усё можна абмеркаваць. А вось атрымаць грошы ды займацца планаваннем – зусім іншае», – заяўляе іншы ўдзельнік онлайн-дыскусіяў, які таксама даўно пераехаў у ЗША з Беларусі, навуковец Аляксандр Перапечка.

Лейтматыў каментароў на гэтую тэму ў беларускіх незалежных СМІ і сацсетках такі: маўляў, улады і спецслужбы нацягваюць саву на глобус. Каментатары робяць выснову, што Фядуту і Зянковіча (гэты былы беларускі апазіцыянер таксама даўно жыў за акіянам, атрымаў амерыканскае грамадзянства, працаваў адвакатам) завабілі ў Маскву і злавілі там на жыўца, прапанаваўшы сустрэчу ў рэстаране з нібыта настроенымі супраць Лукашэнкі беларускімі генераламі.

Слова «правакацыя» – мабыць, самае папулярнае ў гэтым кантэксце. Так, у прыватнасці, пракаментавала гэты сюжэт прэс-служба суперніцы Лукашэнкі на леташніх выбарах Святланы Ціханоўскай.

НЯЎЖО CIA ЗВЯЗВАЛАСЯ Б З ТАКІМІ ДЫЛЕТАНТАМІ?

Пры гэтым у шмат каго з аглядальнікаў склалася ўражанне, што беларускія спецслужбы свабодна праводзілі гэтую спецаперацыю ў Маскве, ФСБ жа постфактум толькі зрабіла добрую міну.

Аналітыкі заўважылі відавочную нестыкоўку ў версіях: у ОНТ заявілі, што «пераварот змоўцы запланавалі на лета гэтага года, чэрвень ці ліпень», у той час як прэс-служба ФСБ запэўнівае, што «датай ажыццяўлення вайсковага перавароту апазіцыянеры абралі дзень правядзення параду Перамогі ў Менску 9 траўня сёлета». Мабыць, маскоўскія таварышы не ў курсе, што ў Беларусі звычайна праводзяцца парады на Дзень незалежнасці 3 ліпеня.

9 траўня 2020 года. Аляксандр Лукашэнка прымае парад.
Фота: VASILY FEDOSENKO / Reuters / Forum

Таксама паводле версіі ФСБ, нібыта рыхтавалася поўнае адключэнне энергасістэмы Беларусі для ўскладнення дзеянняў сілавых і праваахоўных структураў. Так, але як тады змоўцы разлічвалі звярнуцца да народу праз захопленыя радыё і ТБ?

Ці вось яшчэ:

«Меркавалася, што актыўную фазу пачнуць нейкія ўзброеныя фармаванні («партызаны»), якія цяпер на г. зв. схаваных базах». Бог ты мой, ну якія схаваныя базы ў Беларусі, дзе кожны квадратны метр пад кантролем шматлікіх спецслужбаў?!

Згадка ж у заяве ФСБ мясцовых і асабліва ўкраінскіх нацыяналістаў вельмі нагадвае стэрэатыпы расейскай прапаганды. Роўна як і спроба ўставіць тэзіс пра каляровую рэвалюцыю. Бо вайсковы пераварот і каляровая рэвалюцыя (гэта значыць, шырокі мірны пратэст) – гэта зусім розныя жанры. Як можна было планаваць іх у адным флаконе?

Нарэшце, заявы пра датычнасць CIA і нават кіраўніцтва ЗША да меркаванай змовы таксама, мякка кажучы, выклікаюць пытанні. Няўжо CIA звязвалася б з відавочнымі дылетантамі, якія так лёгка «паляцца» ў мэсэнджары і сацыяльных сетках, ловяцца на грубую прынаду?

ПРАВАДЫР АБЯЦАЕ, ШТО ВОРАГАМ МАЛА НЕ ПАДАСЦА

Так ці інакш, уся гэтая гісторыя аказалася вельмі зручнаю беларускай кіроўнай верхавіне, якая з мінулага года ўпарта паўтарала пра падкопы замежжа супраць сінявокай рэспублікі, тэрарыстычныя планы ворагаў. Прычым пікантна тое, што да дня выбараў 9 жніўня ўлады і прапаганда ківалі на расейскі след (успомнім гісторыю з затрыманнем «баевікоў Вагнэра»), а потым, калі кан’юнктура змянілася і тэрмінова спатрэбілася падтрыманне Крамля, рэзка загаварылі пра заходніх лялькаводаў.

Нядаўна ў тэрарысты запісалі нават выціснутую ў Літву маці дваіх дзяцей, былую хатнюю гаспадыню Ціханоўскую, звязаўшы з ейным імем цёмную гісторыю са знойдзеным падабенствам выбуховага прыстасавання ў сметніцы на ўскраіне Менску. Але той наратыў выглядаў зусім ужо непераканаўчым для шырокай публікі.

Hавiны
Што кажуць эксперты пра «вайсковы пераварот» і наступствы спецаперацыі КДБ-ФСБ
2021.04.19 11:43

Цяпер жа – вось вам і «Zoom» – заявы ворагаў і кадры з адкрыццямі з маскоўскага рэстарану (хтосьці з каментатараў з іроніяй заўважыў: мабыць, Фядута відэльцам збіраўся зрынаць Лукашэнку).

Сам Лукашэнка, які сцвярджае, што змоўцы планавалі нават выкрасці і пасадзіць у нейкі склеп у Гомельскай вобласці ягоных дзяцей, ужо выкарыстаў гэты гучны сюжэт для пагрозлівых заяваў:

«Разумееце, я трываў, усё чакаў, «чырвоныя лініі» маляваў для сябе, адсоўваў. А цяпер мы іх будзем мачыць так, што ім мала не падасца».

Хто гэтыя «яны», у гэтым кантэксце не вельмі зразумела (доля злоўленых фігурантаў гэтай справы апрыёры ўяўляецца незайздроснай), але звычайна для беларускага правадыра «яны» – гэта зборная назва ўсіх ягоных палітычных апанентаў.

Рэпрэсіі ў Беларусі і так зашкальваюць, аднак цяпер шмат хто чакае, што пачнецца існае пекла, прадракаюць ператварэнне краіны ў адну вялікую турму.

АНАНСАВАНЫ ТАЯМНІЧЫ ДЭКРЭТ

Там жа, на суботніку, Лукашэнка заявіў, што збіраецца прыняць і аформіць дэкрэтам адно з самых прынцыповых сваіх рашэнняў за чвэрць стагоддзя прэзідэнцтва. Пры гэтым прагучала з інтрыгаю:

«Нават калі мяне не будзе, у іх нічога не атрымаецца».

Зноў, як бачым, гэтыя «яны», то бок людзі, якія, калі разабрацца, патрабуюць усяго толькі сумленных выбараў і з якімі правадыр вядзе нястомны бой. У сацсетках напалову сур’ёзна, напалову іранічна варожаць: няўжо ўвядзе манархію ці далучыць Беларусь да Расеі?

Лукашэнка.
Фота: president.gov.by

У любым выпадку, рыхтуецца, мяркуючы з усяго, нейкае рашэнне, закліканае наглуха заблакаваць дэмакратычныя пераўтварэнні ў Беларусі і на перспектыву. Праўда, цяжка сабе ўявіць, які дэкрэт здольны цалкам спыніць час, перадухіліць даўно наспелыя перамены ў асобна ўзятай краіне.

Ну а пакуль беларуская ўладная верхавіна пастараецца выціснуць максімум у піяраўскім і практычным (закручванне гаек) планах з гісторыі з Фядутам і ягонымі «Zoom»-кампаньёнамі.

Прыкметныя і спробы прывязаць да гэтага сюжэту ледзь не самога Джо Байдэна. Менску вельмі выгадна апынуцца ў адным антызаходнім, антыамерыканскім акопе з Крамлём.

Hавiны
Пяскоў паведаміў, што Пуцін размаўляў з Байдэнам пра рыхтаванне «замаху» на Лукашэнку
2021.04.19 16:03

Аляксандр Класкоўскі, палітычны аглядальнік – для «Вот Так»

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў