Суд працягнуў разгляд справы валанцёраў штабу Бабарыкі, якіх судзяць за лазерныя ўказкі


У судзе Маскоўскага раёну Менску працягваецца разгляд крымінальнай справы ў дачыненні валанцёраў штабу Віктара Бабарыкі. Пад вартай – Ігар Ярмолаў, Мікалай Сасеў, Уладзіслаў Карэцкі і Дзмітрый Канапелька. 19 красавіка суд працягнуў абвяшчэнне паказанняў Уладзіслава Карэцкага.

Палітвязняў Ігара Ярмолава, Мікалая Сасева, Уладзіслава Карэцкага і Дзмітрыя Канапельку вінавацяць паводле ч. 1 арт. 13 і ч. 2 арт. 293 КК («Рыхтаванне масавых закалотаў») і ч. 3 арт. 293 КК («Навучанне ці іншае рыхтаванне асобаў да ўдзелу ў масавых закалотах, а таксама фінансаванне ці іншае матэрыяльнае забеспячэнне такой дзейнасці»). Віну ніхто з іх не прызнаў.

Валанцёры штаба Віктара Бабарыкі ў судзе Маскоўскага раёну: Дзмітрый Канапелька, Ігар Ярмолаў, Уладзіслаў Карэцкі, Мікалай Сасеў. Менск, Беларусь. 15 красавіка 2021 года.
Фота: АК / Белсат

Суд распачаўся 12 красавіка. Справу вядзе суддзя Святлана Бандарэнка. Бок дзяржаўнага абвінаваўцы рэпрэзентуе пракурор Раман Бізюк.

19 красавіка працягваліся допыты Уладзіслава Карэцкага і распачалі допыт Дзмітрыя Канапелькі.

Уладзіслаў Карэцкі, валанцёр штаба Віктара Бабарыкі. Валанцёры штаба Віктара Бабарыкі ў судзе Маскоўскага раёну: Дзмітрый Канапелька, Ігар Ярмолаў, Уладзіслаў Карэцкі, Мікалай Сасеў. Менск, Беларусь. 15 красавіка 2021 года.
Фота: АК / Белсат

Уладзіслаў Карэцкі распавёў на судзе, што не аказваў супраціву сілавікам, паколькі не лічыць сябе вінаватым і нічога кепскага не зрабіў.

«З вашых слоў, Ярмолаў не аддаваў людзям лазерныя ўказкі, але раней вы паказвалі, што такое было пры вас асабіста. Чаму паказанні разыходзяцца? Дайце каментар на дзеянні Ігара Ярмолава», – запыталася ў Карэцкага суддзя.

Мужчына патлумачыў гэтыя разыходжанні там, што ўсё гэта пісалася ў КДБ пад вельмі моцным ціскам.

Уладзіслаў расказаў, што ў офісе сам свяціў указкамі сабе ў вочы, каб праверыць, ці з’яўляюцца яны бяспечнымі, зрок вярнуўся праз некалькіх секунд, болевых адчуванняў не было. Па словах Уладзіслава, указкамі можна было б свяціць у неба, атрымаўся б такі «open air».

Пасля гэтага суд перайшоў да допыту Дзмітрыя Канапелькі.

Дзмітрый Канапелька, валанцёр штаба Віктара Бабарыкі. Валанцёры штаба Віктара Бабарыкі ў судзе Маскоўскага раёну: Дзмітрый Канапелька, Ігар Ярмолаў, Уладзіслаў Карэцкі, Мікалай Сасеў. Менск, Беларусь. 15 красавіка 2021 года.
Фота: АК / Белсат

«Я ўсвядоміў важнасць гэтага мерапрыемства ў гэтай краіне і хацеў прыняць удзел, таму ўступіў у ініцыятыўную групу. Я быў незалежным назіральнікам на адным з участкаў. Увечары 9 жніўня ў горадзе было шмат людзей, але гэта было хаатычным, не акцыя. Крыху пазней, ля Стэлы, мы з Ігарам Ярмаловым бачылі людзей з ліхтарыкамі, побач былі ачаплення з амапаўцаў. У нейкі момант у людзей пачалі кідаць святлошумавыя гранаты, пачаліся затрыманні. 12 жніўня а 18:00 да мяне павінен быў прыехаць Ярмолаў, але гэтага не адбылося, са СМІ я даведаўся, што яго затрымалі. Я выказаў здагадку, што гэта звязана з яго працай у штабе. Далей я жыў сваім жыццём да 11 верасня, пакуль не быў затрыманы», – распавёў Дзмітрый Канапелька.

Палітвязень таксама распавёў, што лічыць неапраўданымі захады сілавікоў і гвалт міліцыянтаў у дачыненні да дэманстрантаў.

Пасяджэнне працягнецца заўтра а 10:00.

Абноўлена
Працягваецца разгляд справы валанцёраў штабу Бабарыкі. Іх судзяць за лазерныя ўказкі
2021.04.15 15:44

СК belsat.eu

Стужка навінаў