Што кажуць эксперты пра «вайсковы пераварот» і наступствы спецаперацыі КДБ-ФСБ


Belsat.eu сабраў меркаванні экспертаў наконт арышту ў Маскве Аляксандра Фядуты і Юрася Зянковіча, якіх спецслужбы абвінавачваюць у рыхтаванні «вайсковага перавароту» ў Беларусі і замаху на Аляксандра Лукашэнку.

Дзмітрый Балкунец: Лукашэнка жыве фобіямі, што яго хтосьці павінен забіць

Палітолаг Дзмітрый Балкунец у сваім тэлеграм-канале называе гісторыю з рыхтаваннем вайсковага перавароту пастаноўкай спецслужбаў, якія выстаўляюць Лукашэнку ў ролі блазна.

«Грамадзянін Лукашэнка хоча выставіць сябе ахвярай сусветнай змовы, перайсці да больш радыкальных дзеянняў супраць грамадзянскай супольнасці, дыскрэдытаваць апазіцыю і выставіць сваіх апанентаў тэрарыстамі. Лукашэнка ўцягвае Пуціна ў сваю гульню, паказвае, што ў іх адзін вораг – Захад. Лукашэнка хоча даказаць Пуціну, што ён цяпер з ім разам у адной лодцы.

Лукашэнку не дае спакою лёс Нікалае Чаўшэску, Муамара Кадафі ды іхных дзяцей. Ён жыве фобіямі, што яго хтосьці павінен забіць. У гэтым выпадку трэба звяртацца ў спецыялізаваныя медычныя ўстановы», – адзначае ён.

Балкунец мяркуе, што дата 9 траўня ў гісторыі з «пераваротам» усплыла не выпадкова.

«Беларускія ўлады баяцца праводзіць масавае мерапрыемства ў Менску праз страх масавых апазіцыйных акцыяў. У Менску адмовіліся ад правядзення вайсковага параду, а цяпер зʼявіўся добрая нагода адмяніць усе ўрачыстасці, спаслаўшыся на ўяўную «тэрарыстычную пагрозу».

Hавiны
ЗША абвяргаюць датычнасць да «замаху» на Лукашэнку
2021.04.18 18:59
Аляксандр Фядута.
Фота: Марыя Вайтовіч / Еўрарадыё​

Юрый Дракахруст: «Беларускія генералы», з якімі сустракаліся Зянковіч і Фядута, былі проста «падставай»

Аглядальнік беларускай службы радыё «Свабода» Юрый Дракахруст параўноўвае арышт Фядуты і Зянковіча з аперацыямі савецкіх спецслужба ў 1920-я гады – «Трэст» ці «Сіндыкат-2».

«На першым этапе розныя людзі абмяркоўвалі ў Zoom усякія планы. Груба кажучы, балбаталі: а што, а як, а калі. Людзі гэта абмяркоўвалі, не маючы ніякіх механізмаў рэалізацыі сваіх праектаў. Паколькі, мяркуючы па ўсім, яны гэтым займаліся нейкі час, пра гэтыя размовах стала вядома іншым людзям – з КДБ….

Вось і тут з’явіўся хтосьці, хто паведаміў гэтым гаваркім людзям пра існаванне нейкага падполля, супраціву, далей іх выманілі ў Маскву. Мяркуючы па ўсім, гэтыя «беларускія генералы», з якімі сустракаліся Зянковіч і Фядута, былі проста «падставай» – яны выконвалі сваю прафесійную працу», – цытуе Дракахруста TUT.by.

На думку Дракахруста, ФСБ падыграла КДБ:

«Яны пераследавалі дзве мэты. Асноўная мэта – гэта дыскрэдытаваць беларускую апазіцыю, у чым яны зацікаўлены, другарадная – трошкі мазнуць Захад. Калі беларускі бок заяўляе, што Лукашэнка хацеў забіць ці ледзь не асабіста Байдэн, то расейская спецслужба ў сваёй заяве гэтую тэму закранула мякка. Яны таксама заявілі пра змову, але расставілі свае акцэнты. Там у іх фігуруюць і беларускія нацыяналісты, і ўкраінскія нацыяналісты, і нейкія людзі з ЗША і Польшчы. У гэтым сэнсе кіраўнік БНФ Рыгор Кастусёў патрэбен быў у «змову» як «страшны беларускі нацыяналіст». Вось такая атрымалася гульня ў чатыры рукі. Усе апынуліся ў выйгрышы».

Hавiны
«Супольная аперацыя з ФСБ». У КДБ распавялі новыя дэталі справы пра «замах» на Лукашэнку
2021.04.18 21:37

Віталь Цыганкоў: Прагіб перад Пуціным

Палітычны аналітык і публіцыст Віталь Цыганкоў лічыць гісторыю пра рыхтаванне «вайсковага мяцяжу» спектаклем, які дэманструе, што ва ўладзе «няма ніякага адчування, што яны «перамаглі» і цяпер могуць спаць спакойна».

«Я нядаўна напісаў, што зараз сілавікі, калі хапаюць цалкам выпадковых людзей на любой вуліцы, могуць быць упэўненыя, што 80 % з іх будуць праціўнікамі ўлады, не трэба шукаць ніякіх доказаў. Прыблізна тое самае са «змоўшчыкамі», выберы 10 выпадковых беларусаў, пачні сачыць за імі і праслухоўваць, і акажацца, што палова з іх абавязкова ў нейкай непарламенцкай форме абмяркоўвалі, «калі ўжо гэтага»… Так што галоўная задача ў выкрыцці «змоўшчыкаў» – гэта стварыць такі інфашум, каб людзі баяліся нават абмяркоўваць магчымасці і варыянты змены ўлады», – піша ён у сваім тэлеграм-канале.

Іншы аспект справы – вонкавапалітычны. Паводле Цыганкова, Лукашэнка падкінуў козыраў Пуціну для перамоваў з Джо Байдэнам: «Прэзідэнт ЗША нядаўна назваў Пуціна забойцам, а вось, аказваецца, сам тым часам рыхтаваў замах на Лукашэнку, набраўшы крутых баевікоў для гэтага: Кастусёва, Фядуту і Зяньковіча».

«Так што гэта яўны прагіб перад Пуціным – «глядзі, Валодзя, я з амерыканцамі больш не заігрываю, я ўсім заявіў, што яны на мяне замах рыхтавалі, я цалкам твой». Ясна, што менш за ўсё Лукашэнку хочацца быць у пазіцыі «я цалкам твой», – але відаць, пэўныя абставіны вымушаюць».

Беларускага адваката з ЗША Юрася Зянковіча затрымалі ў Маскве. Цяпер ён у СІЗА КДБ у Менску. Адвакат Юрась Зянковіч. Крыніца: скрыншот / Белсат
Hавiны
Захарава заявіла, што ўлады Чэхіі высылаюць расейскіх дыпламатаў, каб схаваць «замах» на Лукашэнку
2021.04.18 18:23

Андрэй Елісееў: Страхоўка ад палацавага перавароту

Дырэктар аналітычнага цэнтру EAST Андрэй Елісееў у сваім допісу ў «Фэйсбуку» разважае пра тое, якое рашэнне рыхтуе Лукашэнка на фоне гісторыі з арыштамі ў Маскве. Нагадаем, 17 красавіка Лукашэнка заявіў, што неўзабаве прыме адно з самых прынцыповых рашэнняў за чвэрць стагоддзя.

«Гаворка можа ісці нават аб наступным: у выпадку гвалтоўнага адхілення Лукашэнкі ад выканання абавязкаў, аўтаматычна ўводзіцца ваеннае становішча і па запыце Савету бяспекі (або нейкай іншай канфігурацыі лаяльных асобаў) санкцыянуецца прыцягненне Расеі да «аднаўлення правапарадку і законнасці на перыяд пераходнага перыяду». Вельмі рызыкоўная прысяга на вернасць Крамлю, крайняе ўвасабленне лозунгу «Лукашэнка = суверэнітэт» і радыкальная страхоўка ад палацавага перавароту і ўнутранага бунту сілавікоў (пры ўмове, што такія спробы не будуць зыходзіць з Крамля, натуральна)», – піша Елісееў.

Аднак пакуль Лукашэнка актыўна ўпісваецца ў «паглыбленую інтэграцыю» з Расеяй, то і здымаць яго для Масквы няма сэнсу.

Hавiны
Што кажуць людзі, якіх у эфіры БТ абвінавацілі ў замаху на Лукашэнку
2021.04.18 13:06

Павел Усаў: ідэалагічнае прыкрыццём для поўнага «інтэгравання»

Палітолаг Павел Усаў лічыць, што заявы пра рыхтаванне «вайсковага перавароту» могуць быць проста ідэалагічным прыкрыццём для поўнага «інтэгравання» Беларусі з Расеяй.

«Падпісанне ўсіх інтэграцыйных мапаў, магчыма, размяшчэнне расейскіх вайсковых базаў або вайсковага кантынгенту (поўны разрыў дыпламатычных стасункаў з Захадам) павінна выглядаць не як здача суверэнітэту Расеі і поўная капітуляцыя Лукашэнкі, а як выратаванне Беларусі ад «фашысцкай акупацыі». Як ажыццяўленне глабальнага супрацьстаяння», – піша ён у сваім тэлеграм-канале.

«Больш за тое, Лукашэнка будзе цяпер заяўляць, што гэта ён настойваў на падпісанні ўсіх мапаў, што менавіта ён пераконваў Пуціна абʼяднацца, каб даць адпор «фашыстам». Зацвярджаючы «саюз», ён ратуе саму Расею ад гібелі, ён герой, яго гістарычная місія выкананая. Удзел Расеі ў гэтай містыфікацыі мае сваю мэту, узмацненне ўнутрыпалітычнай ваяўнічай істэрыі і мабілізацыі для далейшых вонкавых і ўнутраных перамог», – адзначае Усаў.

Аналітыка
«Для чаго Пуцін падыгрывае Лукашэнку?» Разважае аналітык Ігар Ільяш
2021.04.18 16:47

ІІ belsat.eu

Стужка навінаў