«Невядома дзе і невядома што»: галоўныя пытанні пра ядравы магільнік БелАЭС

14 красавіка на прэс-канферэнцыі першы намеснік начальніка «Дзяржатамнагляду» Леанід Дзядуль паведаміў, што ў Беларусі пабудуюць першую чаргу сховішча адкідаў Беларускай АЭС. Што гэта будзе за аб’ект і за чые грошы яго збіраюцца пабудаваць – ні на канферэнцыі, ні на сайце «Дзяржатамнагляду» не патлумачылі. «Белсат» паразмаўляў з экспертамі, каб даведацца, якія бываюць адкіды, з якімі праблемамі мы сутыкнёмся і як з імі спраўляюцца іншыя краіны.

Чаму месца магільніку трымаюць у сакрэце?

Фізік і эколаг Георгій Лепін мяркуе, што ў Беларусі ўся праца, звязаная з АЭС, з самага пачатку пакрытая таямніцамі.

– Месца палігону трымаецца ў сакрэце, каб людзі не выступалі супраць будаўніцтва ў тым ці іншым месцы, – мяркуе Георгій. – Бо жыхары наваколля ў такім выпадку становяцца закладнікамі: зямля навокал можа быць забруджаная радыеактыўнымі адкідамі, лес, вадаёмы.

1-ы энергаблок Беларускай АЭС. 11 кастрычніка 2019 года. Фота: Наталля Фядосенка / ТАСС / Forum

Эколаг Ірына Сухій думае, што з месцам размяшчэння яшчэ не вызначыліся, хоць і павінны былі гэта зрабіць да будаўніцтва станцыі. Некалькі гадоў таму ўдзельнікі антыядравай кампаніі, у лік якіх уваходзіць і Ірына, задавалі ўладам пытанне пра тое, дзе плануюцца гэтыя магільнікі. Але тады ўцямнага адказу атрымаць не ўдалося.

– Я магу сказаць, што, як правіла, такія палігоны робяць або на самой пляцоўцы АЭС, або дзесьці недалёка, каб не было дадатковых расходаў і рызыкаў пры транспартаванні небяспечных адкідаў, – кажа Ірына Сухій. – Зразумела, што месца, дзе будзе размешчаны палігон адкідаў, павінна быць бяспечным: не мусіць месціцца на тэрыторыі, дзе могуць быць нейкія землятрусы, навадненні і іншыя прыродныя катаклізмы. Але станцыі звычайна і будуюць у найбольш сейсмапрыдатных пунктах, чаго не скажаш пра нашую станцыю, бо астравецкая пляцоўка ў савецкі час была ацэненая як непрыдатная для будаўніцтва АЭС праз Гудагайскі землятрус, які адбыўся непадалёк у ХІХ ст.

Якія адкіды там будуць захоўваць?

Удзельнік Беларускай антыядравай кампаніі Андрэй Ажароўскі вывучае працу атамных электрастанцыяў. Ён патлумачыў, якія віды адкідаў і тэхналогіі іх захоўвання існуюць.

– З моманту энергетычнага пуску атамная станцыя пачала напрацоўваць радыеактыўныя адкіды. Гэта непазбежны працэс – любы рэактар выпрацоўвае радыеактыўныя адкіды, шмат розных тыпаў. Вельмі шкада, што на сайце ведамства няма інфармацыі з гэтай нагоды, якую можна было б каментаваць. Наколькі я разумею, было заяўлена, што Беларусь пабудуе невядома дзе невядома што. Велізарная колькасць і разнастайнасць адкідаў патрабуе розных падыходаў да абыходжання з імі. І з публікацыяў у СМІ я бачу, што адбываецца спрашчэнне, вольнае-міжвольнае змешванне і блытаніна.

Андрэй Ажароўскі тлумачыць, што ад працы АЭС узнікаюць некалькі відаў адкідаў, якія патрабуюць розных падыходаў да ўтылізацыі.

Газападобныя радыеактыўныя адкіды. Яны не патрабуюць ніякага сховішча – атамнікі атрымалі дазвол праз вентыляцыйныя трубы атамнай станцыі скідаць у навакольнае асяроддзе радыенукліды. Іх не могуць цалкам улоўліваць. Так робяць усе – гэта непазбежна і ёсць праблемай атамнай энергетыкі. У газападобных адкідах канцэнтрацыі радыеактыўных рэчываў не такія велізарныя, як у цвёрдых і вадкіх.

Вадкія радыеактыўныя адкіды. Ёсць тэхналогіі, якія пры пэўных выдатках дазваляюць перавесці вадкія адкіды ў цвёрдую фазу. Наколькі мне вядома, такія тэхналогіі будуць ужытыя на АЭС у Беларусі.

Цвёрдыя радыеактыўныя адкіды. Існуе вялікая разнастайнасць такіх адкідаў. Бываюць нізкаактыўныя, высокаактыўныя, сярэднеактыўныя. І для ўсіх адкідаў важна ўлічваць нават не іх удзельную актыўнасць, а абʼёмы і ізатопны склад. У радыеактыўных адкідах адбываецца альфа- ці бэта-распад, пры якім колькасць радыеактыўнага рэчыва натуральным чынам памяншаецца. Кароткачасовыя рэчывы звычайна распадаюцца пры часовым захоўванні. Але не ўсе – часам у ланцужку даччыных прадуктаў распаду зʼяўляюцца даўгавечныя ізатопы. Для даўгавечных патрэбныя даўгавечныя сховішчы.

– Я мяркую, што ў Беларусі гаворка ідзе пра сховішча адкідаў, перыяд паўраспаду якіх вельмі вялікі. Задача такога сховішча – ізаляваць небяспечныя рэчывы ад навакольнага асяроддзя на ўвесь перыяд, пакуль яны ёсць небяспечнымі, – кажа Андрэй Ажароўскі. – Сховішчы для нізка- і сярэднеактыўных адкідаў звычайна ўяўляюць сабой прыпаверхневыя, злёгку заглыбленыя пункты размяшчэння. Ёсць тэрмін «магільнік» – гэта пункт захоўвання радыеактыўных адкідаў. А ёсць рэпазіторый – месца размяшчэння адкідаў. Гэта па сутнасці тое, што спрабуюць выдаць за магільнік, але яно такім не ёсць.

Фота Natalia Fedosenko / TASS / Forum

Андрэй Ажароўскі таксама звяртае ўвагу на кошт якаснага глыбіннага пахавання. Ён можа складаць ад 5 да 10 млрд долараў, мяркуючы паводле праектаў-аналагаў, для якіх была праведзеная ацэнка.

– Агучаны 1 млрд – гэта вельмі заніжаная цана і можа быць апраўданая пры будаўніцтве прыпаверхневага сховішча. Таму трэба пачакаць грамадскіх слуханняў і публікацыі праекту, каб зразумець, што канкрэтна за абʼект збіраюцца будаваць, – кажа Андрэй Ажароўскі.

Што найбольш небяспечна?

Адпрацаванае ядравае паліва – найбольш небяспечны від адкідаў. З гэтых адкідаў можна атрымаць плутоній, які выкарыстоўваецца для вытворчасці выбуховых ядравых прыладаў. Такія адкіды трымае пад кантролем Міжнароднае агенцтва атамнай энергетыкі.

У чым галоўная небяспека ядравага магільніку?

Эколаг Ірына Сухій распавяла, што ядравыя адкіды вельмі непрадказальныя: іх пакуюць у адмысловыя кантэйнеры, дзе адбываецца выпраменьванне, ад чаго з часам кантэйнеры могуць разбурацца, а гэта вельмі небяспечна.

– Я ведаю, што ў Францыі была праблема – у іх адбылася ўцечка адкідаў у ваданосныя слаі пад зямлёй, – распавядае Ірына. – І была рызыка забруджвання водаў. Калі недастаткова за гэтым сачыць і пачнуць адбывацца ўцечкі, то мы атрымаем радыеактыўную ваду.

Астравецкая АЭС. Фота Васіль Малчанаў/Белсат

Што будзе з ядравым палівам, калі АЭС закрыюць раней, чым паспеюць пабудаваць магільнік?

Фізік Георгій Лепін лічыць, што пры такім развіцці падзеяў адкіды будуць захоўвацца на самой АЭС.

– Пры будаўніцтве атамнай станцыі закладваецца магільнік для часовага захоўвання. Таму захоўваць хутчэй за ўсё будуць там, – кажа Георгій Лепін.

Эколаг Ірына Сухій мяркуе, што Беларусі так ці інакш давядзецца будаваць сховішча ядравых адкідаў.

– Утылізаваць гэта ў іншай краіне не ўдасца, бо паводле міжнародных пагадненняў гэта забаронена – кожны павінен разбірацца са сваймі адкідамі сам. Расея раней брала на перапрацоўванне адпрацаванае ядравае паліва, але цалкам яно ўсё адно не перапрацоўваецца і частку адкідаў потым вяртаюць назад.

Як з адкідамі ад атамных станцыяў даюць рады ў іншых краінах?

Паводле Георгія Лепіна, іншыя краіны пакуль ніяк не змаглі развязаць праблему з адкідамі.

Напрыклад, у ЗША знайшлі такое месца, дзе ёсць маса граніту. І ў гэтай масе спрабуюць знайсці вобласць, куды можна схаваць адкіды, каб да іх не дабіралася вада і не выносіла іх. Ужо шмат дзясяткаў гадоў гэты план існуе, але рэалізаваць яго пакуль не змаглі, як распавядае Георгій.

Мадэль палігону для захоўванні ядравых адкідаў. Фота прадстаўлена Андрэем Ажароўскім

Ірына Сухій таксама адзначае, што ніводная краіна ў свеце не знайшла абсалютна бяспечнага спосабу захоўвання адпрацаванага ядравага паліва і іншых адкідаў.

– Тэрмін захоўвання адкідаў вельмі вялікі, і ні адна карпарацыя не можа даць гарантыі на 100, 200, 1000 гадоў, таму што некаторыя элементы застаюцца небяспечнымі цягам тысячагоддзяў. Цяпер самы надзейны спосаб – наземныя сховішчы, бо, калі нешта пайшло не так, можна ўсё кантраляваць і аператыўна розныя сітуацыі гасіць. Таму будуюць наземныя сховішчы на 50 гадоў з думкай, што праз 50 гадоў сітуацыя зменіцца, і тады з гэтым можна будзе нешта далей рабіць.

Хто будзе фінансаваць праект?

Эксперты сыходзяцца ў думцы, што будаўніцтва палігону ядравых адкідаў будзе адбывацца за грошы беларускіх падаткаплатнікаў.

Нават калі гэта крэдыт, які нам дала Расея, то нам жа яго і вяртаць, як кажа Ірына Сухій.

На БелАЭС даставілі ядравае паліва для другога энергаблоку

Ганна Вашчанка belsat.eu

Hавiны