254-ы дзень пратэстаў. Пуцін размаўляў з Байдэнам пра «замах» на Лукашэнку, палітвязняў у калоніях пазначаюць колерам


Паслявыбарчыя пратэсты ў Беларусі працягваюцца 254 дні. Палітычны крызіс не вырашаецца, паколькі рэжым не мае ніякага жадання распачаць перамовы з грамадствам. Вынікі гэтага дня ў аглядзе «Белсату».

Пра што Пуцін размаўляў з Байдэнам

Тэму «замаху» Уладзімір Пуцін і Джо Байдэн абмяркоўвалі падчас тэлефонных перамоваў. У суботу пра гэта ж казаў Аляксандр Лукашэнка.

Як піша ТАСС, прэс-сакратар Пуціна Дзмітрый Пяскоў у размове з журналістамі пацвердзіў, што гэтае пытанне сапраўды абмяркоўвалася. Пры гэтым Пяскоў пакінуў без каментароў заяву Лукашэнкі аб датычнасці да рыхтавання «замаху» адміністрацыі прэзідэнта ЗША, адзначыўшы, што «ўсю інфармацыю, якую можна выдаваць, выдаюць спецыяльныя службы на сваё меркаванне».

Прэс-сакратар Пуціна заявіў, што ў дачыненні Лукашэнкі з боку затрыманых абмяркоўваліся «абсалютна канкрэтныя і абсалютна дэструктыўныя планы».

«Таму, вядома, гэта кажа аб вялікай небяспецы», – дадаў Пяскоў.

Hавiны
Пяскоў паведаміў, што Пуцін размаўляў з Байдэнам пра рыхтаванне «замаху» на Лукашэнку
2021.04.19 16:03

Лукашэнка жыве фобіямі, што яго хтосьці павінен забіць

Belsat.eu сабраў меркаванні экспертаў наконт арышту ў Маскве Аляксандра Фядуты і Юрася Зянковіча, якіх спецслужбы абвінавачваюць у рыхтаванні «вайсковага перавароту» ў Беларусі і замаху на Аляксандра Лукашэнку.

Палітолаг Дзмітрый Балкунец у сваім тэлеграм-канале называе гісторыю з рыхтаваннем вайсковага перавароту пастаноўкай спецслужбаў, якія выстаўляюць Лукашэнку ў ролі блазна.

«Грамадзянін Лукашэнка хоча выставіць сябе ахвярай сусветнай змовы, перайсці да больш радыкальных дзеянняў супраць грамадзянскай супольнасці, дыскрэдытаваць апазіцыю і выставіць сваіх апанентаў тэрарыстамі. Лукашэнка ўцягвае Пуціна ў сваю гульню, паказвае, што ў іх адзін вораг – Захад. Лукашэнка хоча даказаць Пуціну, што ён цяпер з ім разам у адной лодцы.

Лукашэнку не дае спакою лёс Нікалае Чаўшэску, Муамара Кадафі ды іхных дзяцей. Ён жыве фобіямі, што яго хтосьці павінен забіць. У гэтым выпадку трэба звяртацца ў спецыялізаваныя медычныя ўстановы», – адзначае палітолаг.

Іншыя меркаванні ў матэрыяле «Белсату».

Hавiны
Што кажуць эксперты пра «вайсковы пераварот» і наступствы спецаперацыі КДБ-ФСБ
2021.04.19 11:43

Затрымалі былога следчага Яўгена Юшкевіча

Былы следчы Яўген Юшкевіч у СІЗА КДБ, у яго кватэры правялі ператрус на падставе пастановы, у якой указаны 289-ы артыкул Крымінальнага кодэксу – «Акт тэрарызму», паведаміла яго адвакатка Марыя Колесава-Гудзіліна.

Яўген Юшкевіч – былы следчы, ён звольніўся са Следчага камітэту некалькі гадоў таму. Летась ён удзельнічаў у праекце ByChange, які дапамагаў былым сілавікам уладкавацца ў грамадзянскім жыцці.

Стваральнік праекту ByChange Яўген Юшкевіч.
Фота: архіў героя

Палітвязняў пазначаюць колерам

Сваякі вязняў паведамляюць, што ў калоніях асуджаным паводле палітычных матываў на вопратку вешаюць біркі іншых колераў, чым астатнім зняволеным. Раней такая практыка распаўсюджвалася на асуджаных за распаўсюд наркотыкаў, піша «Наша Ніва».

У месцах зняволення на вопратку вязняў нашываюцца біркі з прозвішчам і тэрмінам зняволення. Звычайна гэтая бірка белага колеру. Але родныя зняволеных, якія адбываюць пакаранне ў Магілёўскай вобласці, звярнулі ўвагу, што ў палітвязняў біркі чырвонага колеру.

Гомельская жаночая калонія. Гомель, Беларусь. 8 красавіка 2021 года.
Фота: АВ / Белсат

«Павесілі бірку чырвонага колеру. Гэта значыць, ён схільны да экстрэмізму. Што стала падставай, ён ні праз тэлефон, ні ў лісце сказаць не можа – такія тэмы забаронена абмяркоўваць. Але такі статус ён атрымаў амаль адразу, як апынуўся ў лагеры. Як нам патлумачылі, гэта можа паўплываць на скарачэнне колькасці перадач і спатканняў з роднымі», – распавяла сваячка палітвязня.

Hавiны
У калоніях палітвязняў пазначаюць колерам
2021.04.19 17:15

Улады зачыняюць Imaguru Startup HUB

Холдынг «Гарызонт» скасоўвае дамову арэнды ў аднабаковым парадку без тлумачэння прычынаў, спасылаючыся на загад звыш. Дзяржава закрывае Imaguru у Менску, пляцоўку нараджэння велізарнай колькасці стартапаў, гаворыцца ў заяве Imaguru Startup HUB.

Imaguru Startup HUB працаваў у Менску апошнія 7 гадоў і месціўся на вуліцы Фабрыцыуса. Рашэнне ўладаў пракаментавала заснавальніца Imaguru Таццяна Марыніч у сябе ў сацыяльных сетках.

Канферэнцыя па альтэрнатыўным навучанні ў школе. Стартап хаб Імагуру.
Фота: Дзіяна Раткевіч / belsat.eu

«Беларускі рэжым зачыняе Imaguru Startup Hub, ключавы элемент IT экасістэмы ў Беларусі. Imaguru звязваў Беларусь, сусветную экасістэму стартапаў і тэхналагічную супольнасць. Тысячы заснавальнікаў прайшлі праз нашыя дзверы. Нам пашанцавала стварыць супольнасць свабодных, творчых і амбіцыйных прадпрымальнікаў, якія змяняюць наша грамадства. 7 гадоў напружанай працы, запалу і любові да тэхналогіяў і стартапаў», – напісала ў «Фэйсбуку» заснавальніца Imaguru Таццяна Марыніч.

У Берасці ліквідавалі «Польскую школу»

Эканамічны суд Берасцейшчыны разгледзеў позву пракурора гораду ў дачыненні да «Польскай школы» і некаторых грамадзянаў аб ліквідацыі юрыдычнай асобы, паведамляе прэсавая служба Вярхоўнага суда.

Падчас разгляду позвы пракурора Берасця, эканамічны суд Берасцейшчыны пастанавіў ліквідаваць ТАА «Польская школа». Фармальна пракурор Берасця выступіў «у мэтах абароны дзяржаўных і грамадскіх інтарэсаў адміністрацыі Ленінскага раёна гораду Берасця».

10 сакавіка, пракуратура распачала крымінальную справу паводле ч. 3 арт. 130 КК па факце здзяйснення групай асобаў наўмысных дзеянняў, накіраваных на распальванне нацыянальнай і рэлігійнай варожасці паводле прыкметы нацыянальнай, рэлігійнай, моўнай і іншай сацыяльнай прыналежнасці, а таксама наўмысных дзеянняў для рэабілітацыі нацызму.

Дзеці з польскай грамадскай школы Стэфана Баторыя ў Горадні.
Фота: Саюз палякаў Беларусі.
Hавiны
У Берасці зачынілі «Польскую школу», яе дырэктарка палітзняволеная
2021.04.19 19:28

Міністэрства фінансаў ЗША адклікала генеральную ліцэнзію, якая прыпыняла санкцыі у дачыненні да дзевяці беларускіх прадпрыемстваў, паведамляе Мінфін ЗША.

Паводле пастановы Мінфіна ЗША з 3 чэрвеня 2021, ЗША аднаўляюць санкцыі ў дачыненні да беларускіх прадпрыемстваў. У чорны спіс Злучаных Штатаў уключаныя «Беларускі Дом гандлю нафтай», «Белнафтахім», «Белнафтахім ЗША, Inc», ААТ «Белшына», ААТ «Горадня Азот», ААТ «Горадня Хімвалакно», ААТ «Лакакраска», ААТ «Нафтан», ААТ «Полацк Сцякловалакно».

Працаўнікі ААТ «Горадня Азот».Горадня, Беларусь. 19 жніўня 2020 года.
Фота: Васіль Малчанаў / Белсат

Санкцыі ЗША прадугледжваюць блакаванне маёмасці гэтых прадпрыемстваў, забарону на любыя трансакцыі. Санкцыі ўводзяцца па прычыне сістэматычнага парушэння правоў чалавека ў Беларусі. ЗША заклікаюць рэжым Лукашэнкі неадкладна вызваліць усіх палітычных вязняў.

Раней агучвалася, што санкцыі ЗША будуць размарожаныя з 26 красавіка, калі беларускія ўлады не вызваляць палітзняволеных.

Акрамя ЗША чарговы, чацвёрты пакет санкцыяў, рыхтуе і Еўразвяз.

Аб’ектыў
Новыя і абноўленыя санкцыі супраць беларускіх чыноўнікаў
2021.04.19 23:28

СК belsat.eu

Стужка навінаў