Як дапамагчы ўцекачам з Украіны, якія прыбылі ў Беларусь?


Паводле звестак Агенцтва ААН у справах уцекачоў, больш за 3 мільёны чалавек пакінулі Украіну пасля расейскага ўварвання. Сярод іх прыблізна 57 тысячаў грамадзян трэціх краінаў. У ААН падкрэсліваюць: колькасць уцекачоў будзе расці.

Уцекачы з Украіны на цэнтральным вакзале ў Варшаве, Польшча. 5 сакавіка 2022 года.
Фота: КК / Белсат

Бальшыня ўцекачоў пакуль застаецца ў суседніх краінах – Польшчы, Славаччыне, Вугоршчыне, Румыніі ды Малдове. Прычым у Польшчы цяпер больш за 2 мільёны ўцекачоў.

У параўнанні з еўрапейскімі краінамі, у Беларусь уцякаюць няшмат украінцаў. Гэтак, на дзень 14 сакавіка іхная колькасць складала 1475 чалавек, у асноўным гэта жанчыны і дзеці.

У Беларусі немагчымая праца дабрачынных грамадскіх фондаў ды ініцыятываў для дапамогі ўкраінцам, як у суседзяў, бо ўсё было цалкам зачышчана і стала «па-за законам» цягам апошніх двух гадоў, а за краты можна трапіць проста за жоўта-блакітную стужку ў валасах. Але калі вы жывяце ў Беларусі і хочаце дапамагчы ўкраінцам, якія трапілі ў нашую краіну, спосабы існуюць.

Часовае жытло

Напрыклад, можна дапамагчы з часовым жытлом. Для гэтага скарыстайцеся афіцыйнаю прапановай ад амбасады Украіны ў Беларусі. Яна просіць ахвочых зарэгістравацца на афіцыйным сайце «Прытулак» («Прихисток»).

Гэты рэсурс дазваляе размясціць інфармацыю пра кантакты, з дапамогай якіх можна прапанаваць або знайсці свабоднае жытло.

«Мы прапануем беларусам карыстацца сайтам «Прытулак», калі вы хочаце дапамагчы жытлом жанчынам і дзецям, якія вымушана прыбылі ў Беларусь, ратуючыся ад вайны», – паведамілі ў амбасадзе.

Гэта найбольш надзейны варыянт, якому будуць давяраць самыя ўкраінцы.

Таксама можна скарыстацца сайтам mapahelp.me: гэта рэсурс экстранай дапамогі ўкраінскім уцекачам, створаны Цэнтрам беларускай салідарнасці. Усе, хто хоча дапамагчы з размяшчэннем, ежаю, лекамі, транспартам, вопраткаю, паслугамі, могуць апублікаваць свае аб’явы на мапе. Там ёсць прапановы і з Беларусі. Тыя, каму трэба дапамога, дзякуючы мапе лёгка яе знойдуць.

Фота
«Сама сплю ў гатэлі». Беларуска з Любліна аддала свой дом пад прытулак для ўцекачоў
2022.03.13 11:29

Яшчэ адзін варыянт – сайт ICanHelp.Host для пошуку часовага жытла для ўкраінскіх уцекачоў, створаны групай айцішнікаў і актывістаў з Беларусі. Тут можна ўбачыць мапу з прапановамі жытла па ўсёй Еўропе і кантакты гаспадароў. Калі вы жадаеце прытуліць у сябе ўцекачоў, запоўніце адмысловую форму.

Украінцам у Беларусі не трэба рэгістравацца 30 дзён. Пасля іх можна зарэгістраваць у сябе. Для гэтага трэба схадзіць у Аддзел грамадзянства і міграцыі паводле месца жыхарства.

Збор гуманітарнай дапамогі і сродкаў (калі ў вас беларуская картка)

Беларускі Чырвоны Крыж запусціў збор гуманітарнай дапамогі для ўцекачоў з Украіны. На сёння найбольшае запатрабаванне – у наступным:

  • харчы (пюрэ/кашы/макарона хуткага прыгатавання, печыва, пакетаваная гарбата, кава ды інш.);
  • дзіцячае харчаванне: кашы, дзіцячыя сумесі;
  • дзіцячыя падгузкі любых памераў;
  • сродкі гігіены;
  • цёплае адзенне (куртка, швэдар, штаны) і абутак;
  • ніжняя бялізна;
  • коўдры і пледы.

Рэчы можна прынесці ў найбліжэйшае аддзяленне Беларускага Чырвонага Крыжа. Там жа можна даведацца, ці ёсць патрэба ў валанцёрскай дапамозе. Па спасылцы можна знайсці адрасы і кантакты ўсіх аддзяленняў: Беларускае таварыства Чырвонага Крыжа.

Таксама абвесцілі дабрачынны збор сродкаў. Ахвяраванне можна зрабіць праз сістэму АРІП:

  • Выбраць пункт «Дабрачыннасць, грамадскія абʼяднанні»
  • Выбраць пункт «Дапамога дзецям, дарослым»
  • Выбраць пункт «Беларускі Чырвоны Крыж»
  • Выбраць пункт «Дабрачынныя ўзносы»
  • Выбраць пункт «Сакратарыят Чырвонага Крыжа»
  • Выбраць пункт «Дабрачынны ўнёсак»
  • Увесці нумар дабрачыннай акцыі 9000
  • Увесці звесткі і суму плацяжу
  • Праверыць карэктнасць інфармацыі, здзейсніць плацеж.

Праз вайну і санкцыі аперацыі з банкаўскімі карткамі беларусаў для падтрымання фондаў, што дапамагаюць украінцам, моцна абмежаваныя, а часта і проста немагчымыя, прынамсі ў самой Украіне. Але і тут можна знайсці магчымасць пералічыць грошы на гуманітарныя патрэбы.

Львоў, Украіна. 13 сакавіка 2022 года.
Фота: АК / Белсат

Напрыклад, фонду «Галасы дзяцей»: Донат – Голоси дітей. Арганізацыя дапамагае ўкраінскім дзецям і семʼям, пацярпелым у вайне, у тым ліку з працэсам эвакуацыі. Праз «Patreon» ахвяраванні з беларускіх картак пройдуць без праблемаў.

Дапамагаюць украінскім уцекачам буйныя міжнародныя арганізацыі – ЮНІСЭФ і Міжнародны Чырвоны Крыж.

Паводле звестак ЮНІСЭФ, кожную секунду адно ўкраінскае дзіця робіцца ўцекачом (Ukraine war creating a child refugee almost every second: UNICEF | | UN News). Арганізацыя запусціла збор для дапамогі ўкраінскім дзецям: Ukraine crisis: donate now to protect children – Unicef UK.

Мэтавы збор сродкаў на дапамогу Украіне адкрыў і Чырвоны Крыж: Donation – International Federation of Red Cross and Red Crescent Societies (ifrc.org). Ахвяраванне можна зрабіць на сайце арганізацыі ў тым ліку і з беларускай карткі.

Фота
Як выглядаюць украінскія гарады, «вызваляць» якія прыйшлі расейскія войскі
2022.03.19 09:00

У ноч на 24 лютага Уладзімір Пуцін абвясціў пачатак вайны (у Расеі яе называюць «спецыяльнай вайсковай аперацыяй») з мэтаю «дэнацыфікацыі і дэмілітарызацыі» Украіны. 27 лютага Украіна афіцыйна накіравала пазоў супраць Расеі ў Міжнародны суд ААН. У ім Кіеў просіць прыцягнуць Расею да адказнасці, у тым ліку за скажэнне панятку «генацыд» дзеля апраўдання агрэсіі супраць Украіны.

СП belsat.eu

Стужка навінаў