У Віцебску ўжо прадаюць муку, расфасаваную ў поліэтыленавыя пакеты. Соль і цукар на месцы?


Чытач «Белсату» пабачыў на паліцы аднаго з віцебскіх «Еўраоптаў» пшанічную муку, расфасаваную ў пластыкавыя пакеты. Прызнаецца, што бачыў такое апошні раз хіба ў 1990-ыя. Фота даслаў у рэдакцыю.

Пшанічная мука ў поліэтыленавым пакеце, якую прадаюць у «Еўраопце» ў Віцебску. 19 сакавіка 2022 года. Фота чытача «Белсату»

Віцяблянін таксама паведаміў, што прынамсі ў той краме, дзе ён рабіў набыткі, соль і цукар былі ў наяўнасці. Пры гэтым заўважае, што ў цэнтры Віцебску вельмі шмат аўтамабіляў з расейскімі нумарамі: прыблізна кожная 15-ая–20-ая машына.

Чытач мяркуе, што вялікія крамы загадзя падрыхтаваліся да наплыву пакупнікоў з Расеі, якія пасля ўвядзення жорсткіх санкцыяў супраць іхнай краіны едуць па тавары ў Беларусь:

«Таму нейкага ажыятажу я пакуль не бачу, але мука ў пакетах вось з’явілася. Трэба будзе паглядзець, што застанецца на прылаўках пасля выходных».

Некалькі дзён таму жыхары Віцебску паведамлялі, што мелі праблемы з набыццём солі і цукру. Адзін з чытачоў звязваў гэта з ажыятажам сярод беларусаў, а таксама з наплывам у горад расейцаў.

«Віцебск цяпер перапоўнены смаленскімі аўтамі. Расейцы кажуць, што ў нас танней і кошты моцна не змяніліся. Мяркую, што ў будучым сітуацыя пагоршыцца. Вывозіць адсюль будуць сапраўды ўсё», – папярэджваў віцяблянін.

«Белсат» паведамляў раней, што ажыятаж вакол некаторых тавараў назіраецца і ў Менску. З паліцаў знікала мука беларускай вытворчасці (яе спрабавалі замяніць расейскаю). Назіраецца падвышаны попыт на соль, цукар, алей, грэчку і г. д. У некаторых крамах паліцы з гэтымі таварамі стаялі паўпустыя.

Hавiны
Ажыятаж, паўпустыя паліцы, рост цэнаў. Што адбываецца ў харчовых крамах Беларусі
2022.03.17 10:00

ЗК belsat.eu

Стужка навінаў