Што такое атамная бомба і як пазбегчы ядравай вайны?


Пуцін, верагодна, выступіць з прамою пагрозай ядравай вайны з-за паразаў ва Украіне і эканамічнага крызісу ўнутры сваёй краіны, заявіў Пентагон. Краіны НАТО з усіх сілаў імкнуцца наўпрост не ўвязвацца ў ваенныя дзеянні. Не закрылі неба над Украінаю, каб адбіваць ракетныя ўдары і не выслалі туды свае войскі. Гэта прывяло б да сусветнай вайны і магчыма – атамнай – дапускаюць еўрапалітыкі і ваенныя эксперты.

«Белсат» вырашыў разабрацца, што такое ядравая бомба і як пазбегчы нажацця Пуціным на чырвоную кнопку.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Sputnik

Калі хутка злучыць дзве паловы субкрытычнай масы ўрану-235, то маса стане звышкрытычнаю. Гэта выклікае ланцужок імклівага дзялення ядравага рэчыва. У выніку выбуху першым чалавека паразіць светлавое выпраменьванне.

«Залежыць ад магутнасці ядравага боепрыпасу – можа быць некалькі кіламетраў, можа быць некалькі дзясяткаў кіламетраў ад месца выбуху. Тыя, хто блізка, убачаць яскравую ўспышку і адкрытыя часткі цела будуць у горшым выпадку абвугленыя. У лепшым выпадку – проста атрымаюць апёкі. Таму першае, калі бачыце яскравую ўспышку – не трэба туды глядзець. Трэба хавацца», кажа фізік-ядравік з Расеі Андрэй Ажароўскі.

Другі фактар паражэння ядравай зброяй (разнавіднасцяў якой ужо нямала) – ударная хваля, радыус дзеяння якой значна шырэйшы, але рух хвалі – з хуткасцю гуку – павольней чымся светлавая хваля.

Фізік-ядравік Андрэй Ажароўскі размаўляў з японцамі, якія выжылі пасля атамных бамбаванняў Хірасімы і Нагасакі, якія нанеслі ЗША ў канцы Другой сусветнай вайны.

«Раскажу гісторыю аднаго хлопчыка. Будучы хлапчуком 5 гадоў ён ехаў на ровары, убачыў яркую выбліск і ад страху залез у канаву пад аўтамабільнай дарогай. Бываюць такія трубы, праз якія праходзіць вада. І ён выжыў. Размаўляў са мной некалькі гадоў таму», – распавёў Ажароўскі.

У параўнанні з наступствамі выбуху мірнага атаму, як, напрыклад, рэактар Чарнобыльскай АЭС, радыеактыўнае забруджанне ад ядравых бомбаў досыць малое.

Узгадаць, што такое атамная бомба, змусіў прэзідэнт Расеі, які прывёў у баявую гатовасць зброю масавага паражэння. Вайсковы эксперт з Украіны Алег Жданаў лічыць, што Пуцін такім чынам кідае выклік ужо не Украіне, а НАТО і ЗША ў прыватнасці:

«Дзеля таго каб падняць статус гэтай вайны, трэба ўцягнуць туды як мага большую колькасць краінаў. Як гэта зрабіць? Праз НАТО. Практычна 30 краін тады б далучылася да вайны. Гэта ўжо была б сусветная вайна. Адсюль і ядравы шантаж. Маўляў, мы (Расея, – заўв. «Белсат») нанясем ядравы ўдар. Яны разумеюць, што Украіна ніколі не адкажа на гэты ўдар, бо ёй няма чым адказаць».

Сіметрычна адказаць маглі б толькі нуклеарныя краіны, якія бачым на мапе свету. Расея валодае найбольшым арсеналам – 6375 боегаловак. У ЗША – 5800. Ніжэй – Кітай (320), краіны НАТО – Францыя(290) і Вялікая Брытанія (215), Індыя (150), Ізраіль (90) і Паўночная Карэя (40). Тым не менш… Адной з прычынаў пачаць братазабойчую вайну расейскія ўлады называюць «недапушчэнне размяшчэння ядравай зброі ва Украіне». Адметна, што да канца лютага 2022 года Масква ні разу не ўздымала гэтае пытанне.

Дакументаў, якія пацвярджалі б распрацоўванне Кіевам зброі масавага знішчэння, Расея не дала.

«Калі прем’ер-міністаркаю краіны была Юлія Цімашэнка, яна хацела пабудаваць абагачальную фабрыку ў Кіраваградскай вобласці, для таго, каб узбагачаць і падаваць ужо ўзбагачаны ўран. Але гэты праект засекла на корані Расейская Федэрацыя. На сённяшні дзень Мы нават не можам узбагачаць», – каментуе Жданаў адсутнасць ва Украіне ядравых распрацовак.

У чэрвені 20-га года Расея памяняла «Асновы ядравай палітыкі». Ужыць атамную зброю цяпер можа ў адказ на «уздзеянне» нейкай сістэмы кіравання, сутнасць якой не раскрываецца. Аналітыкі мяркуюць, што гаворка можа ісці і аб кібератакі, і аб дыверсійных дзеяннях.

«Калі пад пагрозу пастаўленае само існаванне дзяржавы» – ключавая ўмова, паводле дактрыны. На гэтым этапе Масква абвінавачвае Кіеў пакуль што ў пагрозе бяспекі Расеі. Эксперт у вырашэнні міжнародных спрэчак універсітэту Норт-Даму Мэры Элен Оʼконэл перасцерагае:

«Калі Пуцін дзейнічае не зусім рацыянальна, няма сэнсу хаваць мяч у надзеі, што ён паступіць разумна і не нападзе, не прыменіць хімічную зброю і гэтак далей. Думаю, Джо Байдэн зрабіў правільна, паменшыўшы рэальную пагрозу прамой канфрантацыі паміж Злучанымі Штатамі і Расеяй, якая магла б прывесці да ўжывання ядравай зброі».

Мэры Элен Оʼконэл лічыць, што, каб пазбегчы горшых сцэнароў, варта ў нечым саступіць Пуціну: НАТО, напрыклад, можа прыпыніць пашырэнне на ўсход у замен на спыненне ваенных дзеянняў ва Украіне.

Юлія Цяльпук, «Белсат»

Стужка навінаў