«Прыходжу на акцыі, каб пабачыцца са знаёмымі». Георгій Сайкоўскі пра жыццё пасля пратэстаў, выгаранне і мары


З Георгіем Сайкоўскім, менчуком, які ў выніку аскепкавага ранення ля станцыі метро «Пушкінская» ў жніўні 2020 года страціў частку ступні, сустракаемся ў невялікім здымным пакоі ў варшаўскай кватэры. Ужо паўтара года мужчына жыве ў Польшчы. Сюды ён прыехаў на рэабілітацыю пасля трагічных падзеяў у Беларусі. Belsat.eu даведаўся, як змянілася жыццё беларуса за гэты час.

Георгий Сайковский, ранение осолком светошумовой гранаты, протез на ногу, реабилитация в Польше
Георгій Сайкоўскі.
Фота: ЮШ / Белсат

«Куды ехаць? Што там чакае? Цяпер саджаюць за што заўгодна!»

З Георгіем мы пазнаёміліся паўгода таму. Тады мужчына распавядаў, што абдумвае вяртацца дадому, таму не просіць статус уцекача. Цяпер жа сітуацыя ў Беларусі змянілася.

– У краіне – 1937 год, з’язджае хто можа. З маіх сяброў і знаёмых прыкладна палова зʼехала ў Расею – самую бяспечную краіну для беларусаў [смяецца]. Але я разумею іхны выбар: там ёсць праца, шмат каму ментальна бліжэй.

– Не думалі вярнуцца пасля рэабілітацыі? Цяпер вы маеце пратэз, можаце без праблемаў перасоўвацца.

– Па Менску, вядома, сумую, але куды ехаць? Што мяне там чакае? Цяпер саджаюць за што заўгодна… Бывалі сумневы, што Польшча адмовіць мне ў [міжнароднай] абароне. Вельмі шмат людзей падаваліся ў той перыяд. Я разглядаў варыянт пераехаць ва Украіну, Грузію ці нават Малдову.

Георгий Сайковский, ранение осолком светошумовой гранаты, протез на ногу, реабилитация в Польше
Фота: ЮШ / Белсат

– Як справы з працаю, на што вы жывяце?

– І сам шукаў, і ў агенцтва звяртаўся. Але з беларускай інваліднасцю на працу не бяруць. Калі б была аформленая польская інваліднасць, мяне б з рукамі забралі! Тут фірмы атрымліваюць падатковыя льготы за працаўладкаванне людзей з інваліднасцю. Таму я спрабаваў аформіць дакументы там, дзе падаваўся на абарону. Але медсястра мяне адкрыта зліла, а я не адважыўся далей з ёю размаўляць. Тэарэтычна можна платна прайсці агляд, але на гэта няма рэсурсаў. Ашчаджэнняў амаль не засталося, нешта атрымліваю паводле міжнароднай абароны, але ў асноўным моцна ашчаджаю. Давялося перайсці на тытунь замест цыгарэтаў, танней удвая. А паліць пасля тых падзеяў я стаў шмат…

«На апошнія купіў «Citroën»

– Нейкі час таму нам у рэдакцыю напісалі, што вы марыце аб правах, каб пачаць свой бізнес. Памятаю, падчас нашай размовы паўгода таму вы прызналіся, што даўно хочаце заняцца дробнаю камерцыяй. Падрабязней раскажаце?

– Пад канец 2021 года практычна на апошнія ашчаджэнні купіў «Citroën C5». Думаў, думаў і зразумеў, што трэба браць, як трапіўся танны варыянт. Можна пачаць працаваць кур’ерам або дастаўнікам, заўсёды мабільны… Толькі праблема ў тым, што ў мяне няма правоў. Цяпер думаю, як развязаць гэтае пытанне.

Фота: ЮШ / Белсат

– Ужо прызвычаіліся да пратэза?

– Адзінае, чаго не магу рабіць, – бегаць, а так нага прызвычаілася, я ў пратэзе і ўдома хаджу. Галоўнае – роўна надзець гетры адмысловыя, каб не было зморшчынаў, тады нідзе не цісне. Шмат хто крытыкуе Беларускі дом, а я ім вельмі ўдзячны. Яны зарганізавалі ўвесь працэс дапамогі ў Варшаве. Вялікі дзякуй беларускай дыяспары ў Францыі, якая сабрала на пратэз блізу пяці тысяч долараў, і валанцёру з Цэнтру беларускай салідарнасці, які вазіў мяне і дапамагаў з перакладам падчас размовы з пратэзістам ды артапедам.

– Колькі часу заняў выраб пратэза?

– З першага прыезду да пратэзіста да ўстаноўкі 14 ліпеня 2021 года прайшоў месяц. Як доктар і абяцаў. Сам выраб пратэза заняў содні, на другі дзень мы яго толькі тэставалі, каб нага не завальвалася, каб усё было сіметрычна.

Георгий Сайковский, ранение осолком светошумовой гранаты, протез на ногу, реабилитация в Польше
Фота: ЮШ / Белсат

«Я перагарэў»

– Думалі, што затрымаецеся тут так надоўга?

– Не думаў, таму адчуваю сябе прыгнечаным. Нават пасля таго, што адбылося на «Пушкінскай», мяне цягнула на пратэсты, хадзіў да самага ад’езду. А цяпер толькі ўспамінаю ўсё і перажываю. Часам суцяшаю сябе, але слаба працуе.

– У Варшаве на акцыі ходзіце?

– Так, але я пасіўны ўдзельнік. Мне здаюцца дурнымі ўсе гэтыя лозунгі ў стылі «Лукашэнка сыходзь!» – як быццам ён паслухае і адразу ж пабяжыць, напіша заяву аб адстаўцы! Таму прыходжу, каб пабачыцца са знаёмымі. Перад выбарамі я быў поўны энергіі, а цяпер усё перагарэла ўнутры. У 2020 годзе для мяне было важна захаваць запал, я нават быў гатовы да беларускага майдану – да рэальнага доўгатэрміновага супрацьстаяння і магчымай канфрантацыі з сілавікамі на вуліцах. Але ўвесь сілавы блок стаў на абарону рэжыму, а цяпер я ў Варшаве…

Георгій Сайкоўскі на акцыі ў Варшаве. 29 траўня 2021 года.
Фота: СФ / Белсат

– Вы падтрымліваеце сувязь з Таццянай і Віктарам, якія дапамаглі вам дабрацца да БХМД у Менску?

– Не, нават не ведаю, як іх знайсці. Але размаўляю з жанчынай, якая была са мною на маршы перад ад’ездам.

– Апошнім часам шмат кажуць пра дзівосную салідарнасць беларусаў. Згодныя?

– Вядома! Беларусы – самы салідарны са славянскіх народаў.

10 жніўня 2020 года Георгій Сайкоўскі быў сярод мірных пратэстоўцаў ля станцыі метро «Пушкінская», якую сілавікі пачалі разганяць пры дапамозе святлошумавых гранатаў. У гэты вечар у працэсе разгону быў забіты Аляксандр Тарайкоўскі, а Георгій атрымаў сурʼёзнае раненне, у выніку якога дактарам давялося ампутаваць значную частку правай ступні. Мужчына правёў у шпіталі 51 дзень, а ў лістападзе 2020 года зʼехаў на рэабілітацыю ў Польшчу, дзе застаецца дасюль.

  • Падтрымаць Георгія Сайкоўскага можна праз перавод на рахунак у польскім банку:
  • 20 1020 5112 0000 7902 0167 9299 для Heorhi Saikouski
  • або праз PayPal на адрас электроннай пошты George.saikow8787@gmail.com
Георгий Сайковский, ранение осолком светошумовой гранаты, протез на ногу, реабилитация в Польше
Фота: ЮШ / Белсат

Гэтая размова адбылася да пачатку вайны ва Украіне.

Чытайте таксама:

Вайна ва Украіне: куды ўцякаць і дзе ратавацца?

Як дапамагчы сабе і дзецям, калі вельмі страшна? Парады псіхатэрапеўта

Калектыўная адказнасць: ці мусяць беларусы адчуваць віну і сорам перад украінцамі?

«Ужо ўсе слёзы выплакала». Як працуе цэнтр дапамогі ўкраінцам у цэнтры Варшавы

Саша Альтэр/ММ belsat.eu

Стужка навінаў