На гарызонце поўная ізаляцыя. Як перадухіліць катастрофу для Беларусі?

Лукашэнка як мага хутчэй мусіць пайсці шляхам свайго сябра Мадуры і пачаць працэс перамоваў з апазіцыяй, напрыклад, у Фінляндыі ці Швецыі.

Людзі каля аднаго з выбарчых участкаў у Менску. У дзень галасавання Святлана Ціханоўская заклікала ўзяць удзел у антываенных акцыях. 27 лютага 2022 года.
Фота: Белсат

Ад яго шмат разоў можна было пачуць, што Беларусь не адчувае наступстваў заходніх санкцыяў. Маўляў у кааперацыі з Расеяй «ніякія санкцыі не страшныя». Натуральна, у Менску ніхто не скажа, што праз месяц ці два з паліцаў беларускіх крамаў можа знікнуць уся еўрапейская прадукцыя і паслугі. Ніхто таксама не будзе папярэджваць звязаных з еўрапейскім рынкам беларускіх вытворцаў. Дзяржава ім не дапаможа, але звольненых працаўнікоў «падтрымае» чарговай дозай моцнай прапаганды. Усё будзе паводле Оруэла – вайна гэта мір, свабода гэта няволя, няведанне – сіла…

Але лічбы, узятыя з афіцыйных адкрытых крыніцаў, кажуць пра іншае. Тавараабарот Беларусі са светам склаў летась $ 82 млрд (экспарт склаў $ 40 млрд), з чаго амаль палова – гэта гандаль з краінамі Еўразійскага эканамічнага саюзу (пераважна з Расеяй). Але ж экспарт беларускіх тавараў у краіны ЕАЭС – $ 17,5 млрд, імпарт – $ 23,9 млрд.

А цяпер зірнем на структуру гандлю з Еўрапейскім Звязам. Тавараабарот – $ 18,8 млрд, з яго $ 10,5 млрд – экспарт тавараў з Беларусі, імпарт – $ 8,3 млрд. Тавараабарот з Украінай (была другім гандлёвым партнёрам Беларусі на свеце) больш за $ 6 млрд, з яго $ 4,5 млрд – экспарт з Беларусі. Варта прыгадаць і пра экспарт беларускіх тавараў у ЗША, Афрыку і Азію – больш за $ 5 млрд.

Аналітыка
«На гандлі з Кіевам будзе пастаўлены крыж». Колькі Беларусь страціць ад вайны ва Украіне
2022.03.08 07:30

Не трэба быць матэматыкам, каб палічыць, што больш за палову ўсёй беларускай вытворчасці ідзе не ў краіны ЕАЭС, а пераважна ва Украіну і Еўразвяз. Украінскі рынак Беларусь ужо страціла. Не сёння дык заўтра заходняя мяжа цалкам можа быць зачыненая. Украінскія і польскія актывісты ўжо некалькі дзён пратэстуюць на мяжы з Беларуссю і націскаюць на ўрад у Варшаве. Калі расейская агрэсія ва Украіне не скончыцца хутка, з гандлем з ЕЗ давядзецца развітацца. Выглядае, што поўнае адключэнне Расеі (і Беларусі як краіны-саўдзельніцы) ад SWIFT – пытанне толькі часу. Калі сітуацыя ва Украіне будзе пагаршацца, ніякія Шольцы не вытрымаюць прэсінгу з боку ўласных грамадзянаў і медыяў.

І гэта яшчэ не ўсё. На днях я размаўляў з вельмі добра паінфармаванымі экспертамі з Казахстану і Арменіі. Відаць, Маскве і Менску не варта спадзявацца на тое, што гэтыя краіны падставяцца пад санкцыі і дапусцяць да сваёй банкаўскай і фінансавай сістэмаў Пуціна і Лукашэнку. Не дапусцяць і фірмаў з санкцыйных спісаў. «Еўразійскі саюз для нас ужо таксічная структура», – кажа мне аналітык з Казахстану. Нядаўнія выказванні Лукашэнкі пра тое, каб сесці ўсім краінам ЕАЭСза стол і вызначаць, што рабіць далей, там ніхто сур’ёзна не ўспрымае. Гэта праблема Пуціна і Лукашэнкі, іншыя думаюць, як ад іх адцурацца, толькі не хочуць пра гэта гучна гаварыць. Варта звярнуць увагу прынамсі на нармалізацыю стасункаў Арменіі з Турцыяй.

Кветкі ля амбасады Украіны ў Менску. 27 лютага 2022 года.
Фота: чытачы / Белсат

Што ж застаецца Лукашэнку? Сёння ягоная ўлада цалкам залежыць ад таго, як скончыцца вайна ва Украіне. Бо калі скончыцца не так, як запланаваў Пуцін (а да гэтага ўсё ідзе), гэта абумовіць сур’ёзныя турбуленцыі ўнутры Расеі. Пуцін будзе таксічнай фігурай не толькі для алігархаў, але і для прадстаўнікоў палітычнай эліты. А давайце ўявім, што адбываецца пераварот, выходзіць з турмы Навальны… Бо толькі такі шлях выведзе Расею з міжнароднай ізаляцыі. Але не Беларусь пад дыктатурай Лукашэнкі. Таму яшчэ не позна зрабіць крок наперад і пайсці дарогай Нікаласа Мадуры, які некалькі гадоў вядзе перамовы з апазіцыяй пры пасярэдніцтве Нарвегіі. Гэта можа быць Фінляндыя, Швецыя, Швейцарыя або іншая нейтральная дзяржава. Але толькі так Лукашэнка мае шанц захаваць краіну, перадухіліць эканамічную катастрофу, поўную гандлёвую ізаляцыю і атрымаць для сябе гарантыі бяспекі. Хутчэй за ўсё, гэта ўжо апошні шанц.

Руслан Шошын для belsat.eu

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў