У Менску жанчыну судзілі за нядзельныя маршы. Яе адправілі на «хімію»

Святлана Брацянкова, якую пакаралі «хіміяй» за нядзельныя маршы. Фота: Belsat.eu

У судзе Кастрычніцкага раёну Менску 19 сакавіка агучылі вырак у справе Святланы Брацянковай. За ўдзел у леташніх нядзельных маршах жанчыну пакаралі двума гадамі «хіміі».

Святлану Брацянкову вінавацілі паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэксу («Актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак»). Усё ейнае злачынства было ў тым, што яна брала ўдзел у нядзельных маршах 16 і 23 жніўня ды 6 верасня. Пры гэтым абвінавачаная нібыта пляскала ў далоні, выходзіла на праезную частку і «перашкаджала руху грамадскага транспарту на вуліцах Няміга, Валадарскага, Леніна і праспекце Незалежнасці».

Сваю віну спадарыня Святлана не прызнала, абараняла сябе без адваката. Пад варту яе не бралі. 6 верасня жанчыну затрымалі на маршы і пасля арыштавалі на 8 содняў.

Пракурор Віктар Завадзіч папрасіў прызнаць Святлану Брацянкову вінаватай і прызначыць ёй 2 гады абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу («хімію»). Менавіта так і пакарала жанчыну суддзя Вольга Няборская.

Справу пачалі разглядаць 18 сакавіка, а ўжо сёння агучылі вырак.

ЯП belsat.eu

Hавiны