Менчука арыштавалі на 15 содняў за сардэчкі на акне


Беларусы ўпрыгожваюць свае балконы и вокны ў народныя колеры. Студзень 2021 году.
Фота: АК / Беласт

Савецкі раённы суд Менску арыштаваў 52-гадовага Ігара Лемяшава, бацьку дваіх няпоўнагадовых дзяцей, на 15 содняў праз бел-чырвона-белыя сардэчкі, якія мужчына павесіў на акне, піша тэлеграм-канал ««Вясна» назірае».

18 сакавіка Ігара Лемяшава з дому забралі ў Савецкае РУУС. «Неабыякавая грамадзянка» нібыта паведаміла ў міліцыю, што на дошцы аб’яваў яна ўбачыла палітычныя ўлёткі, а на дзясятым паверсе хтосьці вывесіў БЧБ-сардэчкі. На мужчыну склалі пратакол па артыкуле 24.23 КаАП («Парушэнне парадку арганізацыі ці правядзення масавых мерапрыемстваў») і адвезлі ў ІЧУ на Акрэсціна.

У судзе Ігар Лемешаў растлумачыў, што напярэдадні Новага году ён разам з дзецьмі павесіў сняжынкі і сардэчкі ў дзіцячым пакоі. Пасля сняжынкі знялі, а сардэчкі пакінулі. Суддзя Сяргей Шаціла цікавіўся іхнай расфарбоўкай.

– А чаму зялёныя сардэчкі не выразалі?

– Чырвонае сардэчка – гэта нармальна.

Суддзя Шаціла палічыў гэта пікетам і арыштаваў мужчыну на 15 содняў. Сардэчкі памерам 20 сантыметраў канфіскавалі.

ЯП belsat.eu

Стужка навінаў