Эксперты: Перспектывы Беларусі пры Лукашэнку – рост беднасці, эміграцыі, залежнасці ад Масквы


Адмова рэжыму Аляксандра Лукашэнкі прызнаць перамогу Святланы Ціханоўскай на прэзідэнцкіх выбарах у 2020 годзе прывяла да хвалі беззаконня з боку ўладаў, палітычнага крызісу ды аслаблення пазіцыяў краіны на міжнароднай арэне – распавялі эксперты падчас публічнай дыскусіі.

Пакуль Лукашэнка будзе заставацца пры ўладзе, сітуацыя для Беларусі і беларусаў будзе толькі пагаршацца, мяркуюць адмыслоўцы.

Імпрэзу зарганізавала міжнародная ініцыятыва «iSANS» супольна з «Black Sea Trust» (Нямецкі фонд Маршала ў ЗША) і «Visegrad Insight» (Польшча).

Дыпламатычны тупік сіняпальцых

Палітыка, скіраваная на тое, каб любымі спосабамі захаваць уладу Лукашэнкі, прывяла да вельмі вялікага росту залежнасці Беларусі ад Расеі і расейскіх грошай. У кіроўнай групоўкі не засталося ніякіх вялікіх замежных партнёраў акрамя Масквы.

«Фактычна замежная палітыка Беларусі развалілася, ад яе нічога значнага не засталося», – адзначыў Валер Кавалеўскі, кіраўнік кабінету Святланы Ціханоўскай.

Валер Кавалеўскі і Крыст’ян Штрогаль, былы амбасадар Аўстрыі пры АБСЕ.
Фота: тэлеграм-канал @tsikhanouskaya

Не толькі Захад, але і Кітай не надта задаволеныя сітуацыяй у Беларусі, бо Лукашэнка не выканаў сваіх абавязкаў перад Пекінам. Праз палітыку Лукашэнкі Кітай не можа праз Беларусь развіваць сваю прысутнасць на рынках Усходняй Еўропы.

«Лукашэнку таксама не ўдаецца аднавіць кантроль над сітуацыяй у краіне. Для Кітаю гэта мала прывабна», – дадаў Кавалеўскі.

Эканамічны аналітык Сяргей Чалы адзначыў, што Беларусь фактычна цалкам залежыць ад расейскіх крэдытаў, і адмова РФ даваць іх практычна аўтаматычна будзе азначаць дэфолт. Гэта стварае новыя пагрозы для жыхароў нашай краіны, адзначаюць адмыслоўцы.

«Беларускае грамадства ніколі не збіралася браць удзел у крамлёўскай геапалітыцы, але хада гісторыі, тое, што Лукашэнка застаўся пры ўладзе, зацягвае Беларусь у гэты канфлікту, які Крэмль стварае адносна Захаду», – заявіў Аляксандр Марозаў, навуковы працаўнік Акадэмічнага цэнтру Барыса Нямцова ў вывучэнні Расеі пры Карлавым універсітэце (Прага).

Калі Крэмль будзе імкнуцца да большай канфрантацыі з Захадам, то ўзрастае верагоднасць таго, што Беларусь уцягнецца ў непатрэбнае ёй ваенна-палітычнае супрацьстаянне.

Эканамічная і прававая прорва

Палітычны крызіс і эканамічная палітыка ўладаў прывялі да немагчымасці нешта надзейна планаваць.

«Цяпер далягляд планавання моцна звузіўся праз вельмі высокі ўзровень невядомасці. Доўгатэрміновая перспектыва – гэта год, можа, два. Далей нешта прагназаваць немагчыма. Крыніцаў эканамічнага росту няма… Цяпер гаворка не пра тое, будзе маштабны эканамічны крызіс цягам года ці двух, а якім чынам ён пройдзе», – мяркуе Сяргей Чалы.

Эканаміст лічыць верагодным сцэнаром – у выпадку захавання Лукашэнкі пры ўладзе – масавую эміграцыю якаснай беларускай працоўнай сілы за мяжу, за кошт грашовых пераводаў ад якіх будуць выжываць тыя, хто застаўся ў краіне. Для эканамічнага адраджэння Беларусі спатрэбіцца аднаўленне правасуддзя і законнасці, без якіх магчымая толькі бандыцкая эканоміка, кажа Чалы:

«Я баюся, што мы можам убачыць не класічны механізм з’яўлення мафіі, а сітуацыю, калі выкананне функцыяў мафіі станецца дадатковым бізнесам сілавых структураў».

РЛ, belsat.eu

Стужка навінаў