«Абсалютна не рухаўся: сілы маглі знянацку скончыцца». Банцэр растлумачыў, як вытрымаў галадаванне


У Горадні Ігару Банцэру далі паўтара года «хіміі» і вызвалілі пад падпіску аб нявыездзе. Тэрмін адлічваецца з 20 кастрычніка, адзін дзень пад вартаю роўны двум дням «хіміі». 19 сакавіка 2021 года.
Фота: ВК / Белсат

Гарадзенскі панк-музыка Ігар Банцэр, якому сёння прысудзілі 1,5 года «хіміі», у інтэрв’ю «Нашай ніве» распавёў, як здолеў пратрымацца без ежы і вады з 3 сакавіка.

«Я разумеў, што для мяне пачаўся фінальны рывок, таму эканоміў увесь час сілы, пастаянна седзячы ў камеры ў прамым сэнсе на дупе – з 6:00 да 22:00. Абсалютна не рухаўся: сілы маглі знянацку скончыцца. Але ўжо сёння было цяжка.

З суда я выйшаў на адрэналіне, бо хоць на ўмоўнай, але ўсё ж пакуль на волі. Калі адрэналін спадзе, не ведаю, як усё станецца. Але ўжо пачынаюць адгукацца ўнутраныя органы – ныркі і падстраўнікавая залоза баляць. Ногі таксама, цяжка перасоўвацца», – прызнаўся Ігар Банцэр.

Абноўлена
На 16-ы дзень сухога галадавання Ігару Банцэру вынеслі прысуд: 1,5 года «хіміі»
2021.03.19 11:08

Музыка адказаў тым, хто не верыць, што ён столькі часу мог працягваць сухое галадаванне і выглядаць так бадзёра:

«Я ж сядзеў у турме, там няма магчымасці схавацца. Калі б нешта спрабаваў есці, то гэта ўжо б даўно стала вядома. Мне кожны дзень прыносілі ежу і гарбату па графіку – думалі, што я спакушуся, але я да яе не дакранаўся».

Банцэр кажа, што ўжо 13 гадоў не ўжываў алкаголю, займаўся спортам, прытрымліваўся вегетарыянства і ўжо галадаў раней. Гэта дапамагло яму цяпер. Музыка спадзяецца, што здолее аднавіцца за два тыдні, але не ведае, як гэтае галадаванне адаб’ецца на ягоным здароўі.

ЯП belsat.eu

Стужка навінаў