У мястэчку пад Кіевам украінцаў папрасілі напісаць лісты беларускім палітвязням


Беларускія дыяспары ёсць не толькі ў буйных замежных гарадах. І яны па-ранейшаму ладзяць акцыі і пішуць лісты ў беларускія турмы.

Беларусы заклікаюць украінцаў пісаць лісты беларускім палітвязням у мястэчку пад Кіевам. Ірпінь, Украіна. 19 лютага 2022 года.
Фота: Белсат
Даведка

Ірпінь – мястэчка пад Кіевам, у нечым падобнае да Бараўлянаў пад Менскам, толькі з насельніцтвам, большым у чатыры разы: там жыве пад 70 тысяч чалавек. Там цяпер жыве свая беларуская дыяспара, і ірпіньскія беларусы не толькі ездзяць на акцыі ў сталіцу, але і ў сваім мястэчку ладзяць ланцугі салідарнасці і акцыі памяці.

17 лютага беларусы выходзілі на адну з цэнтральных плошчаў Ірпіня з акцыяй за вызваленне з беларускага следчага ізалятару філосафа Уладзіміра Мацкевіча. А 19-га на той жа плошчы пісалі лісты і паштоўкі беларускім палітычным зняволеным – і заклікалі далучыцца да гэтага ўкраінцаў.

Адны мінакі проста пагаджаліся напісаць, іншыя ж распытвалі, што за сцяг на пікеце, што робяць у Беларусі расейскія войскі, ці завершылася гісторыя з мігрантамі з Блізкага Усходу. У аднаго мясцовага аказаліся знаёмыя з Шатландыі, якія падтрымліваюць беларуску, якая ўцякла ад рэпрэсіяў у Кіеў.

Беларусы заклікаюць украінцаў пісаць лісты беларускім палітвязням у мястэчку пад Кіевам. Ірпінь, Украіна. 19 лютага 2022 года.
Фота: Белсат

Мясцовы жыхар Сашко так тлумачыць «Белсату», чаму падпісаў паштоўку беларускаму зняволенаму:

«Я за дэмакратыю, супраць таталітарызму, супраць дыктатуры Лукашэнкі».

Маўляў, памятае часы Шушкевіча, памятае, што як Лукашэнку выбралі, дык «спачатку добра было, а потым ён сваю дыктатуру ўсталяваў».

Беларусы заклікаюць украінцаў пісаць лісты беларускім палітвязням у мястэчку пад Кіевам. Ірпінь, Украіна. 19 лютага 2022 года.
Фота: Белсат

Жыхарка Ірпіня Ірына, напісала беларускаму зняволенаму, бо проста спачувае людзям:

«Такі я чалавек: мне шкада людзей. Пісала, каб ён трымаўся, што я буду за яго маліцца, за ягоную свабоду. Што ён правы».

Беларусы заклікаюць украінцаў пісаць лісты беларускім палітвязням у мястэчку пад Кіевам. Ірпінь, Украіна. 19 лютага 2022 года.
Фота: Белсат

Наста з мужам прыехала ў Ірпінь з Кіева, каб прагуляцца з сабакам: мястэчка вядомае шматлікімі паркамі. Жанчына кажа, што напісала ліст, каб падтрымаць беларускага зняволенага:

«Вядома, ім там несалодка, скажам так. Усё, што мы можам цяпер зрабіць, гэта прынамсі лістамі іх так падтрымаць.

Я даўно хацела напісаць, але ўсё рукі не даходзілі. То адно, то другое, як заўсёды. Класна, што такая акцыя якраз трапілася. Пісала падзяку і словы падтрымкі».

Арганізатарка акцыі, беларуска Кацярына, расказвае: менавіта такую акцыю робяць у другі раз. У першы раз збіраліся на пачатку снежня – і тады шмат украінцаў таксама падпісвалі паштоўкі, пісалі віншаванні з Калядамі і Новым годам.

Парады
Што трэба ведаць пра псіхалогію міграцыі і як не ўпасці ў дэпрэсію
2021.09.01 08:30

На цяперашняй акцыі пісалі жанчынам віншаванні з 8 сакавіка і віншаванні тым, у каго ў бліжэйшы час будзе дзень народзінаў.

«Хтосьці падыходзіў, бо вельмі спачувае беларускаму народу, хтосьці сочыць за навінамі і ведае, што адбываецца ў нас у Беларусі, – згадвае Кацярына мінулую акцыю напісання лістоў. – Падыходзіў адзін мужчына, ён быў заступнікам камандзіра УНСО, з 2001 па 2004 год таксама быў палітвязнем, сядзеў за кратамі. Ён распавядаў, што калі яму хтосьці пісаў паштоўкі ці лісты, то гэта было такое маленькае свята: як ён казаў, нібы за цябе трымаюць сцяг вольнай барацьбы, што ўсё недарэмна».

Беларусы заклікаюць украінцаў пісаць лісты беларускім палітвязням у мястэчку пад Кіевам. Ірпінь, Украіна. 19 лютага 2022 года.
Фота: Белсат

Асабіста ёй такая акцыя патрэбная, каб сказаць: беларусы, якія з’ехалі за мяжу, не забыліся пра тых, хто ў беларускай няволі, і працягваюць барацьбу. Ёй важна і расказаць украінцам, што адбываецца ў Беларусі, «каб не паўтаралі нашых памылак». У Ірпіні, дадае яна, вялікая беларуская дыяспара, «тусоўка» вельмі актыўная, таму акцыі можна ладзіць і проста ў мястэчку, а не ў Кіеве.

Ідэя акцыі ў яе нарадзілася пасля таго, як яна напісала ліст Сяргею Ціханоўскаму – і той нечакана адказаў. Кацярына прыгадвае, што гэта «было такое свята» для яе і для ўсіх беларусаў Ірпіня, каму яна расказала пра ліст. Потым яна зачытала ліст Ціханоўскага на акцыі ў Кіеве на Майдане незалежнасці (там беларусы збіраюцца штонядзелю). Сталі пытаць, як даслаць ліст, каб атрымаць адказ.

Беларусы заклікаюць украінцаў пісаць лісты беларускім палітвязням у мястэчку пад Кіевам. Ірпінь, Украіна. 19 лютага 2022 года.
Фота: Белсат

Паводле ейных назіранняў, сітуацыя з цэнзурай лістоў палітвязням складаная і незразумелая: камусьці даходзяць, камусьці не даходзяць, і некаторыя адказы зняволеных не выпускаюць. У калоніях усё зусім строга: зусім нельга пісаць туды пра палітыку, нельга нават пісаць смайлікі ў лістах. Расейскамоўныя лісты прапускаюць, на іншых мовах «могуць быць пытанні».

Ад Ціханоўскага ёй не дайшоў адзін ліст, а ўсе лісты Кацярыны яму даходзяць, хоць яна наўпрост піша падзякі за ягоную пазіцыю. Ад іншых зняволеных яна не атрымала ніводнага адказу: ці то ейныя паштоўкі не прапускаюць, ці то не выпускаюць адказы з няволі.

Беларусы заклікаюць украінцаў пісаць лісты беларускім палітвязням у мястэчку пад Кіевам. Ірпінь, Украіна. 19 лютага 2022 года.
Фота: Белсат

***

Напісаць лісты беларускім зняволеным можна з любога месца на Зямлі. Спісы зняволеных можна знайсці на сайце «Белсата», а таксама на сайтах Dissidentby.com, Politzek.me, Spring96.org і Vkletochku.org, там жа можна знайсці парады аб тым, што і як пісаць.

Праваабарончая супольнасць Беларусі на момант публікацыі прызнала палітычнымі зняволенымі 1060 чалавек, праверыўшы іхныя справы на адпаведнасць азначэнню «палітвязень». Шэраг супольнасцяў лічыць, што працэдуру прызнання палітвязнем трэба спрасціць, а крытэры азначэння трэба абнавіць з улікам беспрэцэдэнтных рэпрэсіяў. У спісе згаданага Dissidentby.com ужо амаль 1300 зняволеных.

Артыкулы
Актывісты распрацавалі Майстэрню паштовак салідарнасці, каб пісаць палітвязням было прасцей
2021.10.28 18:51

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў