Сімвалічная пакорнасць. Пра што дамаўляліся Пуцін і Лукашэнка ў Маскве


Аляксандр Лукашэнка і Уладзімір Пуцін упершыню ў 2022 годзе сустрэліся асабіста. Іх перамовы ў Маскве супалі з рэзкім абвастрэннем сітуацыі на Данбасе, а скончыўся візіт сумесным назіраннем за запускам міжкантынентальных балістычных ракет. Разабраліся, што гэта значыць.

Уладзімір Пуцін і Аляксандр Лукашэнка ў сітуацыйным цэнтры ў Крамлі, яны назіраюць за вучэннямі і запускам балістычных і крылатых ракет.
Фота: Alexei Nikolsky / TASS / Forum

Сам фармат перамоваў Лукашэнкі і Пуціна 18 лютага быў даволі незвычайны. Афіцыйная частка працягвалася нядоўга – усяго каля двух гадзінаў (для параўнання: у ліпені 2021 года перамовы цягнуліся больш за 5 гадзінаў). Пасля гэтага адбыўся выхад да прэсы (далёка не кожная іх сустрэча гэтым сканчаецца), а затым Лукашэнка і Пуцін накіраваліся ў загарадны комплекс, дзе ўжо прайшла нефармальная частка перамоваў. Колькі працягвалася нефармальная частка і што там абмяркоўвалася – невядома. Але на гэтым візіт Лукашэнкі ў Расею не скончыўся. На наступны дзень, 19 лютага, Лукашэнка і Пуцін назіралі за вучэннямі сілаў стратэгічнага ядравага стрымлівання.

Пра крэдыты забыліся

Ваенная тэматыка адсунула на другі план традыцыйна важныя для расейска-беларускіх стасункаў тэмы: інтэграцыю і крэдыты.

У снежні 2021 года афіцыйны Менск заявіў, што разлічвае атрымаць расейскі крэдыт на $ 3,5 млрд. Аднак за два дні да сустрэчы ў Маскве міністр фінансаў РФ Антон Сілуанаў заявіў, што расейскі бок не мае магчымасці выдаць такія грошы. Максімум на што можа разлічваць рэжым Лукашэнкі – гэта рэфінансаванне беларускіх пазыкаў перад Масквой і ЕФСР у памеры $ 1 млрд. Калі гэта можа адбыцца, міністр не патлумачыў. Варта дадаць, што яшчэ летась у верасні Пуцін падчас перамоваў у Маскве паабяцаў Лукашэнку да канца 2021 года выдаць новы крэдыт $ 630-640 млн, але Беларусь так нічога і не атрымала.

Аналітыка
Што Лукашэнка прапануе Пуціну за крэдыт, падтрыманне і зброю?
2022.02.18 07:30

18 лютага Пуцін і Лукашэнка падчас публічных заяваў тэму крэдытаў і фінансавай дапамогі наогул не закраналі. Гэта зусім не значыць, што яны не абмяркоўвалі гэтае пытанне за зачыненымі дзвярыма. Але прынамсі ніякіх канкрэтных дамоўленасцяў дасягнута не было – інакш пра гэта было б заяўлена падчас прэс-канферэнцыі.

Тое, што падчас перамоваў абмяркоўвалася тэма інтэграцыі, Пуцін і Лукашэнка не хавалі. Але не выпадае казаць пра тое, што і тут былі прынятыя нейкія новыя рашэнні ці скарэктаваны інтэграцыйны план. Выказванні Пуціна і Лукашэнкі на гэты наконт мелі абсалютна фармальны характар: яны проста заявілі, што бакі «наладзілі прадуктыўную сумесную працу», у некаторых сферах назіраецца пазітыўная дынаміка і наогул яны трымаюць гэтыя пытанні на кантролі.

Абноўлена
На Данбасе абвясцілі аб масавай эвакуацыі насельніцтва «ДНР» і «ЛНР» у Расею
2022.02.18 19:04

Кантынентальная вайна

Тэмай №1 на перамовах, безумоўна, быў украінскі крызіс і вайсковая супраца дзвюх краінаў або, як выказаўся Пуцін, «умацаванне адзінай абароннай прасторы». Наўрад ці было выпадковасцю, што сустрэча адбылася на фоне рэзкай эскалацыі сітуацыі на Данбасе, калі ўзмацніліся абстрэлы, а групоўкі «ДНР» і «ЛНР» абвесцілі аб эвакуацыі цывільнага насельніцтва. Хутчэй за ўсё, па меры эскалацыі сітуацыі вакол Украіны Масква і Менск аказаліся перад неабходнасцю ўзгадніць і скаардынаваць свае далейшыя дзеянні.

Гэты кантэкст не хаваўся. Падчас выніковай прэс-канферэнцыі большая частка прамоваў была прысвечана менавіта тэме супрацьстаяння з Захадам і крызісу на Данбасе, прычым рыторыка была даволі жорсткай «Упершыню за дзясяткі гадоў мы апынуліся на парозе канфлікту, на жаль, здольнага зацягнуць, як у варонку, практычна ўвесь кантынент», – заявіў Лукашэнка. Віну за гэта ён усклаў на заходніх палітыкаў, абвінаваціў іх ва « убостве думкі» і ў тым, што яны «паталагічна небяспечныя». «Мы не жадаем войны, але, калі камусьці не сядзіцца, адказ будзе цалкам асіметрычны», – падкрэсліў ён.

Аляксандр Лукашэнка на сумеснай прэс-канферэнцыі з Уладзімірам Пуціным у Маскве, Расея, 18 лютага 2022 г.
Фота: SPUTNIK / Reuters / Форум

Лукашэнка заявіў, што Беларусь і Расея выходзяць на «другі раўнд» супрацьстаяння з Захадам. А Пуцін распавёў журналістам, што яны дамовіліся «надалей калектыўна прымаць усе неабходныя меры для забеспячэння бяспекі дзвюх краін у святле нарастальнай вайсковай актыўнасці краін NATO».

Характар гэтых калектыўных намаганняў будзе адназначна вызначацца ў Крамлі, што вынікае з усіх апошніх заяваў Лукашэнкі. На гэтым тыдні ён ужо некалькі разоў заяўляў пра тое, што рашэнне аб вывадзе расейскіх войскаў з тэрыторыі Беларусі будзе прымацца выключна разам з Пуціным і яны як раз абмяркуюць гэта падчас перамоваў у Маскве. «Колькі трэба, столькі і будуць тут стаяць войскі Беларусі і Расеі», – падкрэсліў ён. У гэтых заявах характэрны не столькі ваяўнічы тон – атрымліваецца, што Лукашэнка проста не дапускае, што ён можа самастойна вырашыць, ці трэба тут заставацца расейскім войскам.

Фактычна гэта дэманструе новы ўзровень залежнасці рэжыму Лукашэнкі ад Расеі, які і быў зноў пацверджаны на перамовах у Маскве. Дарэчы, па выніках сустрэчы так і не было агучана канчатковае рашэнне, ці застануцца ў Беларусі расейскія войскі – магчыма, Крэмль проста яшчэ канчаткова не вызначыўся са сваімі планамі.

Салідарызацыя з шантажом

Яшчэ больш выразна беспрацэнтную залежнасць Лукашэнкі прадэманстраваў эпізод напрыканцы супольнай прэс-канферэнцыі, калі журналіст газеты «Коммерсантъ» Андрэй Калеснікаў не без іроніі пацікавіўся ў Лукашэнкі, як ён ацэньвае «шанцы беларускага народу страціць вас».

«Што тычыцца, прабачце, майго прэзідэнцтва, то вось мы зараз са старэйшым братам параімся і вырашым», – адзначыў ён.

Гэтыя словы трэба ўспрымаць як чарговую публічную дэманстрацыю лаяльнасці і пакорнасці Пуціну. Лукашэнка пераконвае расейскі бок, што без Крамля ніводнае пытанне цяпер вырашацца не будзе – нават наконт ягонай асабістай палітычнай будучыні.

Аляксандр Лукашэнка на сумеснай прэс-канферэнцыі з Уладзімірам Пуціным у Маскве, Расея, 18 лютага 2022 г.
Фота: SPUTNIK / Reuters / Форум

Хаця наўрад ці тэма транзіту ўлады ў Беларусі стаіць у парадку дня. Для Крамля сёння ёсць больш актуальныя пытанні – супрацьстаянне з Захадам і Украінай. А Лукашэнка ў сваю чаргу дэманструе Пуціну гатовасць цалкам падтрымліваць Расею ў яе ваенна-палітычных гульнях і разам з расейскім бокам ісці на павышэнне ставак. Паказальна, што на наступны дзень Пуцін і Лукашэнка разам назіралі не проста за вайсковым манеўрамі, а за вучэннямі сілаў стратэгічнага стрымлівання, у тым ліку запускам міжкантынентальных балістычных ракетаў. Як паведаміў міністр абароны Сяргей Шайгу, падчас вучэнняў адпрацоўвалася выкарыстанне менавіта ядравай зброі. Ва ўмовах абвастрэння сітуацыі вакол Украіны выглядае гэта як мэтанакіраваны ядравы шантаж Расеяй сваіх праціўнікаў, з чым Лукашэнка дэ-факта салідарызаваўся.

Цікава, што ніякіх заяваў 19 лютага Пуцін і Лукашэнка не рабілі зусім – іхныя прэс-службы проста паказалі сумесныя фотаздымкі ў Сітуацыйным цэнтры. І гэта не выпадкова: змест візіту Лукашэнкі ў Маскву меў у першую чаргу важнае сімвалічнае значэнне.

РР belsat.eu

Стужка навінаў