Вярнуўся да старой гульні. Што Лукашэнку трэба ад Пуціна, а што – ад Захаду?


Лукашэнка і Пуцін сустрэнуцца ў Сочы 22 лютага. Незаконны кіраўнік Беларусі спадзяецца прывезці $ 3 млрд расейскага крэдыту, каб традыцыйна аплаціць старыя, расейскія ж, пазыкі. Аднак Лукашэнка заявіў, што не будзе прасіць гэтых грошай. І наагул, паводле яго, гэта не самае важнае. Выглядае на тое, што заклікі Крамля аб рэформе Канстытуцыі і дыялогу з апанентамі былі пачутыя. Ці так гэта і ці гатовы рэжым развітацца са шматвектарнасцю? Каментуюць палітолагі Вольга Харламава і Аляксандр Дудчак, а таксама Робэрт Бедрань, кіраўнік дэлегацыі Еўрапарламенту ў справе дачыненняў з Беларуссю.

Дзяржаўныя СМІ, праўладныя блогеры трыумфуюць. Не паспеў адгрымець Усебеларускі сход, што меўся стаць сімвалам канчатковай легітымізацыі ўлады, як у Крамлі пацвердзілі: Пуцін з Лукашэнкам сустрэнуцца. Яшчэ да канца лютага, у Сочы. Дык яшчэ і крэдыт тры мільярды долараў дадуць, каб з папярэднімі пазыкамі расплаціцца і дацягнуць да канца года. Недарма на сходзе фактычна абвесцілі пра заканчэнне эпохі шматвектарнасці ў беларускай палітыцы.

Аляксандр Лукашэнка:

«Дапамога Расейскай Федэрацыі мела для нас найважнейшае значэнне! І пакуль мы стаім поруч, плячо да пляча, або спінаю да спіны, ніхто нас на калені не паставіць і не нахіліць!»

У Маскве, вядома, ухваляюць геапалітычны выбар Менску. Гадамі мясцовыя адмыслоўцы наракалі на нелаяльнага Лукашэнку, што толькі просіць і абяцае, а наўзамен нічога не дае. Выглядае, што сёння старыя прэтэнзіі забытыя.

Аляксандр Дудчак, палітолаг, Масква:

«Шматвектарнасць – гэта ўсё ад нячысціка. Пра гэта заяўлялі шмат хто з лідараў постсавецкіх краінаў. І ва Украіне гэта было нормаю, што, маўляў, мы не бяром удзелу ні ў якіх блоках, вядзём шматвектарную пазіцыю… Насамрэч гэта адным задам на ўсіх крэслах. Шматвектарнасць – гэта насамрэч азначае «ўбок ад Расеі».

Акрамя абяцання супольнага вектару, Лукашэнка зноў выкарыстоўвае сваё палітычнае шанцаванне: пратэсты ў Расеі, якімі б кароткімі яны ні былі, паводле яго, акурат тое, пра што Менск папярэджваў братнюю Маскву.

Аляксандр Лукашэнка:

«Памятаеце, я неяк казаў: вельмі лібералы ўзбудзіліся ў Расеі на тэму таго, што прыйдзе час – і нам з прэзідэнтам Расеі давядзецца стаяць спіна да спіны і адстрэльвацца? Што, не так? Так!»

Hавiны
Валерыя Касцюгова: Ніякага рэферэндуму ў прынцыпе быць не можа
2021.02.12 19:24

У адрозненне ад самога Лукашэнкі, Пуціну не тое што за аўтамат брацца, а са свайго палацу выходзіць не давялося. А расейскае народнае абурэнне выглядае не тое каб здушаным, а проста вычарпаным. Няўжо канспіралагічная рыторыка беларускага хаўрусніка трапляе на ўдзячную глебу?

Палітычная каментатарка Вольга Харламава:

«Гэта проста гульня на публіку. Прычым гульня нават не на беларускую публіку, а збольшага на расейскую, якой чарговы раз спрабуюць прадаць пацалункі… Ну, сёння гэта ўжо не пацалункі за нафту з газам. Сёння гэта ўжо пацалункі за падтрымку».

Крэмль вуснамі Дзмітрыя Мядзведзева, які яшчэ ў 2019 годзе настойліва раіў Беларусі прыняць «мужнае рашэнне» аб інтэграцыі, намякае: папярэднія пяшчоты скончыліся. Экс-прэзідэнт і экс-прэм’ер, а цяпер намеснік старшыні расейскага Савету бяспекі трэцяга лютага казаў наўпрост: трэба інтэгравацца цясней і збліжацца ажно да адзінай валюты. То бок Лукашэнка свае тры мільярды долараў атрымае, але што ўзамен?

Аляксандр Дудчак:

«Акрамя прызнання Крыму, адзінай пазіцыі пра Данбас, адзінай пазіцыі адносна рэжыму ў Кіеве, я магу здагадвацца, што ў Крамлі чакаюць рэальных крокаў у інтэграцыі. Гэта насамрэч павінна быць інтэграцыя больш глыбокая».

З рэальных крокаў на карысць Крамлю вядомы адзін. Лукашэнка адобрыў праект пагаднення з Расеяй пра перавоз нафтапрадуктаў з Беларусі на экспарт – праз расейскія парты. То бок стратная для нашай краіны пагроза пераправіць грузавыя плыні з Клайпеды ў Калінінград пакрысе робіцца рэальнаю. Праўда, пакуль Лукашэнка заяўляе пра абранне расейскага вектара, Уладзімір Макей напярэдадні масавага ператрусу ў беларускіх праваабаронцаў і журналістаў у аўторак выказаў спадзеў на выпраўленне дачыненняў з Еўразвязам.

Робэрт Бедрань, старшыня дэлегацыі Еўрапарламенту ў справе дачыненняў з Беларуссю:

«Менск, вядома, будзе намагацца нармалізаваць стасункі, будзе спрабаваць рабіць выгляд, што ўсё ідзе па-старому, але так не будзе! Мы як парламентары будзем сачыць за тым, каб і камісар Жузэп Бурэль і ўся еўрапейская дыпламатыя трымалася пазіцыі, каторую мы ясна выказалі некалькі месяцаў таму: Аляксандр Лукашэнка – нелегітымны прэзідэнт. Няма ніякае магчымасці супрацы з ягоным рэжымам. Ні адно еўра не можа пайсці на падтрыманне ягонага рэжыму».

Моцныя словы. Але, выглядае, яны ўжо не адпавядаюць рэчаіснасці. Не зважаючы на ранейшыя заявы і Літва, і Латвія, і Эстонія купляюць электраэнергію з Беларускай АЭС. Абсурду сітуацыі дадае тое, што ўлады прынамсі ў Вільні і Талліне рашуча патрабуюць гэтыя закупы спыніць. Але ці можа Менск спадзявацца на большае? Уся надзея на самога Уладзіміра Макея.

Hавiны
«Коммерсантъ»: Пуцін можа вылучыць Лукашэнку да 3,5 млрд долараў
2021.02.11 12:42

Вольга Харламава:

«У Беларусі гэта хіба адзіны чалавек, які якасна і вельмі прафесійна можа гандляваць кім і чым заўгодна дзеля атрымання пэўных гарантыяў і прэферэнцыяў. І каб гэта была заява не Макея, а кагосьці іншага, я б сказала, што нічога не атрымаецца».

Менск ужо двойчы выпраўляў дачыненні з Захадам проста вызваляючы папярэдніх палітычных зняволеных. Сёння ў нашай краіне вязнямі сумлення прызнаныя 255 асобаў. Усіх вызваляць у логіцы такіх гандляванняў рана, і таму Макей у апошнім інтэрвʼю расейскаму РБК высунуў тэзіс пра тое, што Еўропе проста неабходная незалежная Беларусь, а таму, маўляў, давядзецца пайсці на супрацу з дзейным рэжымам.

Робэрт Бедрань:

«З усёю павагаю да спадара міністра, але Беларусь ужо шмат гадоў не вядзе незалежнай вонкавай палітыкі. Яна цалкам залежыць ад волі або няволі Пуціна. Таму, калі Беларусь хоча весці нейкую незалежную палітыку, трэба аддаць незаконна ўзурпаваную Лукашэнкам уладу».

Беларусь Лукашэнкі цалкам залежная ад Расеі. Улада не можа нават весці самастойнай інфармацыйнай палітыкі: у жніўні дзяржаўную прапаганду выцягвалі расейскія адмыслоўцы. Пратэстоўцаў збівалі між іншага працаўнікі ўкраінскага «Беркуту», што ўцяклі ў Расею. Калі ж Лукашэнка зноў паспрабуе падмануць Крэмль і не аддасць незалежнасці за расейскую дапамогу, хто падтрымае гэты рэжым?

Усевалад Шлыкаў для праграмы «ПраСвет» 18 лютага 2021 г.

Калаж з фота: Mikhail Metzel / TASS / Forum

Стужка навінаў