«Усё паводле закону»: гарадзенскі суд адмовіў у аднаўленні на працы і кампенсацыях 13 звольненым азотаўцам


Кастрычніцкі суд Горадні сёння вынес прысуд у справе аднаўлення на працы звольненых работнікаў «Азоту». На меркаванне суддзі, ніякіх доказаў незаконнасці звальненняў не было пададзена. На агучванне пастановы прыйшлі толькі палова азотаўцаў, якія падавалі пазоў. Пасля прысуду работнікі адзначылі, што гэта палітычнае рашэнне і яны збіраюцца падаваць апеляцыі ў вышэйшыя інстанцыі.

Увесь час справу вёў суддзя Сяргей Слашчоў. Цягам шматлікіх паседжанняў ён выслухваў кожнага працаўніка, пазіцыі прадстаўніка «Азоту» і незалежнага прафзвязу. Аднак яго без тлумачэння прычынаў замянілі на іншага суддзю: выніковае рашэнне выносіў Дзмітрый Шанін.

Судовае паседжанне 19 лютага 2021 г.
Фота: Белсат

На сваім апошнім судовым паседжанні Слашчоў заклікаў бакі пайсці на мірнае пагадненне. Азотаўцы былі згодныя пайсці на кампраміс і саступіць у некаторых сваіх патрабаваннях, аднак пры ўмове выканання галоўнага – аднаўленне на працы. З боку адказчыка асаблівай цікаўнасці пагадненне не выклікала.

– Дык вы гатовыя на саступкі? Пайсці на кампраміс? Ёсць перспектывы ці не варта страсаць паветра? – запытаў суддзя.

– Калі нам паступіць афіцыйная прапанова, мы яе разгледзім. Я не магу адказаць, бо я не наймальнік, – адказаў прадстаўнік «Азоту», юрыст Валерый Літвін.

– Мы не супраць, калі пазіцыі будуць абгрунтаваныя. Пагадненне магчымае, але самае галоўнае для нас – аднаўленне на працы, – сказаў юрыст Беларускага незалежнага прафсаюзу Аляксандр Парадкаў.

У Горадні 13 звольненых работнікаў «Азоту» каля двух месяцаў судзіліся за аднаўленне на працы. Яны патрабавалі прызнаць іх звальненні незаконным і скампенсаваць маральную шкоду памерам ад 3000 да 10 000 рублёў. Суд стаў на бок прадпрыемства.

Звольненыя працаўнікі «Горадні Азоту» Максім Халодны, Аляксей Сідар, Яўгенія Кузікевіч.
Фота: Белсат

«Гэта цалкам палітычнае рашэнне. Іншага яны не маглі дапусціць: як гэта, буйное дзяржаўнае прадпрыемства прайграе ў судзе працоўным, якія сышлі ў стачку. Хаця падчас судовых паседжанняў было відавочна: усіх звольнілі незаконна. Мы будзем падаваць апеляцыі ў вышэйшыя інстанцыі, аднак мяркую, выйграем суд толькі ў новай Беларусі», – пракаментаваў вырак былы працаўнік «Азоту» Аляксей Сідар.

Стачка на «Азоце»

26 кастрычніка 2020 года азотаўцы пачалі далучацца да стачкі. Ранкам гэтага дня амаль 150 работнікаў сабраліся на прахадной, калі прыехалі сілавікі: больш за 50 асобаў былі затрыманыя, астатніх сілаю загналі на працу.

Затрыманых азотаўцаў збівалі ў аўтазаку, пры гэтым сілавікі крычалі: «Што, сукі, працаваць не хочаце?» Шмат каго адпусцілі ў гэты ж дзень з пратаколамі апытання і затрымання.

Пасля гэтага на заводзе пачаліся звальненні: адміністрацыя звольніла некалькі дзясяткаў чалавек. Афіцыйная фармулёўка – за прагулы, парушэнне ўнутранага распарадку, адсутнасць на працоўным месцы больш за тры гадзіны і прычыненне матэрыяльнай шкоды прадпрыемству. Пры гэтым без згоды незалежнага прафзвязу, з ціскам на работнікаў і шматлікімі парушэннямі (напрыклад, содні арышту прыраўноўвалі да прагулаў).

Пры падтрыманні незалежнага прафзвязу азотаўцы падалі пазоў у суд з патрабаваннем аднавіць іх на працы.

Былыя азотаўцы каля будынку суду.
Фота: Белсат

Юрыст Беларускага незалежнага прафсаюзу Аляксандр Парадкаў, які рэпрэзентуе інтарэсы азотаўцаў, адзначыў, што наймальнік парушыў калектыўную дамову і тарыфнае пагадненне, не выканаў працэдуры звальнення, не ўзяў тлумачэнняў у працаўнікоў, не атрымаў згоды прафзвязу на звальненне.

Патрабаванне ўзгадніць звальненне з прафзвязам было прапісанае ў калектыўнай дамове, аднак з сакавіка гэты пункт выключаны. Гэтае патрабаванне засталося ў Тарыфным пагадненні канцэрну «Белнафтахім», у склад якога ўваходзіць «Горадня Азот».

Юрыст Валерый Літвін рэпрэзентаваў інтарэсы наймальніка. Ён адзначыў, што цяпер, паводле калектыўнай дамовы, якая дзеіць на прадпрыемстве, узгадняць звальненні з прафзвязам не трэба. Паводле яго, усе работнікі парушылі правілы ўнутранага распарадку і былі звольненыя на законных падставах.

АА belsat.eu

Стужка навінаў