Суд над Кацяй і Дашай як праверка на дарогах

Дзяўчынкі судзілі дзяўчынак. Двое хлопцаў, якія маглі – чыста тэарэтычна – заляцацца да падсудных, бо пасавалі ўзростам, «сшылі» справу, першая дзяўчынка агучыла абвінавачанне, другая вынесла прысуд. Усё.

Чаму тут здзіўляцца?

У п’есе Яўгена Шварца «Цмок» вандроўны рыцар Ланцэлот пераконвае сына бургамістра, Генрыха, што той паводзіў сябе як мярзотнік. Генрых апраўдваецца:

– Мяне так вучылі.

– Усіх так вучылі, – не адступае Ланцэлот, – але чаму менавіта ты аказаўся першым вучнем?

«Першым» – у значэнні «найлепшым».

Генрых не адказвае. Але адказ просты: яму хацелася стаць найлепшым – у той сістэме каардынатаў, якую пабудаваў Цмок. І сам цмок добра разумеў гэта. Нездарма, паміраючы, адна з галоваў кажа пераможцу:

– Мяне суцяшае, што я пакідаю табе прапаленыя душы, дзіравыя душы, мёртвыя душы.

Hавiны
Кацярыне Андрэевай і Дар’і Чульцовай далі па 2 гады зняволення
2021.02.18 10:11

Цмок пакідае пасля сябе вучняў, гатовых змяніць ідэалогію і правадыра дакладна так жа, як сам Цмок мяняў абліччы і галовы. Проста. Без прымусу. Але для Дракона гэта было часткай яго існасці, а для першых вучняў – набытым навыкам. Іх так вучылі.

Уся сістэма вучыла. Усё грамадства. Пачынаючы ад бацькоў і настаўнікаў, журналістаў і ўніверсітэцкіх педагогаў – і заканчваючы старэйшымі таварышамі паводле роду дзейнасці. Таму калі ў сувязі з біяграфіяй адной з удзельніц працэсу – не памятаю цяпер, суддзі або дзяржаўнага абвінаваўцы – згадваюць Ліцэй БДУ, я б проста не стаў гэтага рабіць. Ліцэй – усяго толькі адна старонка ў кнізе жыцця. Дзяўчынка перагарнула яе ці проста вырвала, каб працерці запэцканыя чырвоныя туфлікі, і пайшла пісаць сваю біяграфію далей. Толькі і ўсяго.

Чацвёрты дзень суда над журналісткамі «Белсату». Кацярыне Андрэевай і Дар’і Чульцовай агучылі вырак. Ім прысудзілі два гады ў калоніі агульнага рэжыму. Менск, Беларусь. 18 лютага 2021 года.
Фота: АВ / «Белсат»

І на ўзрост не варта асабліва звяртаць увагі. Прайшла ініцыяцыя. Памятаеце, у аповесці Юрыя Германа, бліскуча экранізаванай ягоным сынам Аляксеем, які трапіў у палон і супрацоўнічаў з фашыстамі, але потым уцёк у партызанскі атрад, ладзяць правяранне: ён павінен пайсці з бывалымі партызанамі і скрасці эшалон з харчаваннем са станцыі, кантраляванай немцамі. Тут усё роўна, колькі табе гадоў і якая твая адукацыя. Хочаш застацца і не загінуць? Ідзі, вось табе зброя. Ідзі і выканай загад. Якою цаною – не нашая справа.

Зброяй можа быць усё, што заўгодна. У Берасці стралялі з сапраўднай агнявой зброі, прычым страляў армейскі, як я разумею, афіцэр, а не амапавец, і загад выдаць баявыя патроны аддаў канкрэтны генерал, імя якога вядомае. А можа зброяй стаць і асадка або клавіятура камп’ютара, якія ўвекавечаць ганебны і несправядлівы прысуд. Галоўнае – цябе праверылі, з кім ты і як далёка гатовая зайсці ў часе гэтага правярання. Ці гатовы. Гендар у гэтым выпадку ролі не грае.

Меркаванні
Агнешка Рамашэўская-Гузы: Гэта чорны дзень у гісторыі Беларусі і «Белсату»
2021.02.18 18:40

Таму ўспомніце, пра што кажа – прычым настойліва, літаральна ўдзёўбваючы ў кожную галаву тых, хто шчыра імкнецца стаць першым вучнем у ягонай школе жыцця, – Аляксандр Лукашэнка. Для яго не існуе адзінага народу. Ёсць «мы», а ёсць «яны». На прыналежнасць да ягонага «мы» праверка цяпер і праходзіць.

І мы нічога не можам з гэтым зрабіць. Мы не можам іх ні сароміць, ні ўгаварыць, ні пераканаць. Мы можам толькі заставацца сабою, супрацьпаставіўшы ягонаму «мы» сябе.

Каця і Даша гэта зразумелі. І таму не здаліся.

Дзякую, дзяўчынкі. Ланцэлот усё роўна пераможа, верце.

Аляксандр Фядута, belsat.eu

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў