«Мне б не хацелася думаць, што гэта атака на мяне». Румас пра затрыманні знаёмых і свае планы


Былы прэм’ер-міністр Сяргей Румас даў невялікае інтэрвʼю TUT.by. Банкір распавёў, што магло зрабіцца нагодаю для затрымання ягоных партнёраў, і агучыў свае планы на бліжэйшы час.

Паводле інфармацыі Сяргея Румаса, прэтэнзіі сілавікоў датычаць 2011–2012 гадоў, калі «Белаграпрамбанк» адкрываў фінансаванне паводле праграмы развіцця Прыпяцкага Палесся, у прыватнасці – сваіх даччыных прадпрыемстваў «Тураўшчына» і «Тураўскі малочны камбінат». У межах гэтай праграмы прадугледжвалася ў тым ліку магчымасць атрымаць ільготнае фінансаванне, якое, відаць, і стала прадметам інтарэсу правяральнікаў.

Пры гэтым дакладныя прычыны пераследу Румас назваць не здолеў. Наколькі ён чуў, пад неправамерным выкарыстаннем сродкаў правяральнікі разумеюць будаўніцтва малочнага камбінату замест малочнага заводу, як тое прадугледжвала праграма. Былы прэмʼер не ўпэўнены, што гэта мэтанакіраваная атака менавіта на яго.

«Мне б не хацелася так думаць. Я сапраўды ведаю іх усіх [затрыманых людзей. – Заўвага Belsat.eu] дастаткова добра, як прафесіяналаў і прыстойных людзей. І спадзяюся, што ўва ўсёй гэтай сітуацыі, як і ў выпадку з дрэваапрацоўкай, бліжэйшым часам разбяруцца, і ўсе прэтэнзіі будуць знятыя».

Што датычыць самога Румаса, то цяпер ён кантактуе з некалькімі фінансавымі інстытутамі і фондамі. У некаторых з іх ёсць патэнцыял прыходу ў Беларусь, аднак пакуль гэта стрымліваюць негатыўныя інвестыцыйныя настроі. Праекты фінансава-інвестыцыйныя, і ўдзел у любым з іх не прадугледжвае палітычнай актыўнасці, што абгаворваюць ужо ў пачатку. Цяпер экс-прэмʼер не мае палітычных планаў і хоча акунуцца ў звычайнае для сябе эканамічнае асяроддзе.

3 лютага тэлеграм-каналы распаўсюдзілі інфармацыю пра затрыманне Сяргея Румаса. Пасля выявілася, што былы прэмʼер-міністр на волі, а вось людзі з ягонага атачэння, магчыма, затрыманыя. Паводле інфармацыі «Нашай нівы», некалькіх банкіраў 2 лютага былі выкліканыя ў Дэпартамент фінансавых расследаванняў. Пасля допыту выйшлі не ўсе. Згодна з непацверджанымі пакуль сведчаннямі, затрымалі былога старшыню кіравання «Белінвестбанку» Генадзя Сысоева – блізкага сябра Румаса, разам яны ішлі і ў працы, і ў жыцці. Сысоеў некалі быў намеснікам Румаса ў «Белаграпрамбанку», апошні час узначальваў праблемны «Барысаўдрэў». Румас асабіста паручаўся за яго ў складаныя моманты жыцця, калі Сысоева знялі з пасады кіраўніка «Белінвестбанку» і ледзь не пасадзілі.

Hавiны
«Наша Ніва»: Румас за мяжою, а вось ягоных сяброў маглі затрымаць
2021.02.03 15:31

Выглядае, што прычынаю лютаўскіх падзеяў стаўся яшчэ адзін блізкі Румасу чалавек – бізнесовец Ігар Чарняўскі. Ён кіраўнік і сузаснавальнік Тураўскага малочнага камбінату, а Тураў – малая радзіма былога прэмʼера. Гэты камбінат пабудавалі ў чыстым полі, першую прадукцыю – сыры – ён выпусціў у 2013 годзе.

ЯП belsat.eu

Стужка навінаў