«Мітусня каля Купалаўскага»: Лукашэнка наведае закрытую прэмʼеру «Паўлінкі»

Тэатр імя Янкі Купалы. Фота: Ірына Арахоўская / «Белсат»

Каля Купалаўскага тэатру з самай раніцы шмат аўтамабіляў міліцыі і бусаў. Насупраць уваходу ў тэатр стаіць сапёрна-піратэхнічная машына. Шмат людзей у цывільным, у тым ліку на выхадах з метро.

«Увесь перыметр павінен быць чыстым», – з размовы міліцыянтаў. Між тым каля сямі дворнікаў узмоцнена прыбіраюць рэшткі снегу з ходнікаў каля тэатру.

Уся гэтая мітусня выкліканая тым, што тэатр сёння наведае Аляксандр Лукашэнка. Пра ягоны візіт паведаміў тэлеграм-канал «Пул Первого».

Паводле TUT.by, у тэатры мае адбыцца закрытая прэм’ера спектаклю «Паўлінка».

На сайце Купалаўскага тэатру няма інфармацыі аб прэм’еры «Паўлінкі», квіткоў у продажы таксама няма.

Закрытыя перадпрэм’ерныя паказы інсцэнізацыі адбыліся напрыканцы снежня 2020 года. Прэм’ера была планаваная на першую дэкаду студзеня 2021-га, затым пераносілася. Хто будзе выконваць ролі ў пастаноўцы, невядома.

Асноўная частка трупы сышла з тэатру ў жніўні мінулага года на знак пратэсту супраць звальнення дырэктара Паўла Латушкі і агульнай сітуацыі ў краіне. Праслухоўванні ў новую трупу пачаліся ў лістападзе мінулага года.

Пратэст каля Купалаўскага тэатру. Дырэктар Павел Латушка. Фота: ТК / Vot-tak.tv / Belsat.eu

«Лукашэнка сабраўся прыехаць у Купалаўскі тэатр – тэатр, які ў жніўні пазбавілі сэрцаў артыстаў і гледачоў. Ён едзе глядзець «Паўлінку» – спектакль, прызнаны гісторыка-культурнай каштоўнасцю Беларусі. Хто будзе выконваць ролі? У асноўным студэнты. Гэта іx выбар: упісаць сябе ў гісторыю беларускай культуры ці пакінуць у сваёй біяграфіі чорны след. Нелегітымны ператварыў у тэатр абсурду ўсю краіну, але гэтага яму недастаткова.

Прысутнасць неабранага ў тэатры, які ёсць сімвалам i скарбам нацыянальнай культуры, прагі ды свабоды і незалежнасці, стане здзекам са святой сцэны Купалаўскага», – пракаментаваў у сваім тэлеграм-канале былы дырэктар Купалаўскага тэатру Павел Латушка.

МГМ belsat.eu

Hавiны