«Гэта не ператрус, гэта пагром!» Да магілёўскага праваабаронцы Алеся Буракова – старэйшага прыйшоў ГУБАЗіК


Ператрус у праваабаронцы і журналіста Алеся Буракова – старэйшага правялі 18 лютага, бо 16-га, калі ператрусы праходзілі па ўсёй краіне, Алеся не было ўдома. «Адчыніце, міліцыя!» – пасля гэтых словаў Алесь Буракоў паспеў паведаміць сваім калегам, што да яго прыйшлі, і адчыніў дзверы. У ягоную кватэру ўвайшлі тры працаўнікі ГУБАЗіК і два панятыя, якія прыйшлі разам.

«Дзеля таго каб забраць адзін маленькі пакунак рэчаў, яны перавярнулі ўсю маю кватэру. Глядзелі на ўсіх палічках, у стуле, у абшыўцы канапы, у падушках. Але па выніку забралі толькі ноўтбук, дыктафон, тэлефон і 3 флэшкі», – распавядае Алесь Буракоў пра наступствы ператрусу.

Журналіст кажа, што ў яго не было і не можа быць нічога забароненага, уся ягоная дзейнасць адкрытая і галосная. Ператрус у ягонай кватэры доўжыўся 1,5 гадзіны, усе дакументы перагледзелі і раскідалі, але з друкаванай прадукцыі забралі толькі альманах БСДП «Грамада». Грошы таксама знайшлі, але не забіралі, бо Буракоў паказаў свой валютны рахунак, на які афіцыйна атрымлівае ганарары з-за мяжы.

Ператрус у магілёўскага праваабаронцы і журналіста Алеся Буракова – старэйшага.
Фота: Белсат
Ператрус у магілёўскага праваабаронцы і журналіста Алеся Буракова – старэйшага.
Фота: Белсат

Раскіданыя рэчы ляжаць па ўсёй кватэры журналіста. У прыбіральні здымалі рашотку, каб паглядзець на трубы, у ванным пакоі вымалі бялізну з пральнай машыны, на кухні высыпалі гарбату, цікавіліся слоікам з варэннем, перастаўлялі празрысты шкляны посуд, адсоўвалі лядоўню, зазіралі ў сметніцу.

«Яны дакладна ведалі, хто я і чым займаюся. Ім было дастаткова забраць проста ноўтбук і тэлефон, навошта было пераглядаць усе рэчы і раскідваць іх па кватэры? Пагром і быў іхняй мэтай? Усім зразумела, што яны шукаюць доказы па арт. 342 Крымінальнага кодэксу, але ніяк не могуць іх знайсці. Дарэчы, яны мне сказалі, што выходзяць пратэставаць тысячы, а кіруюць імі ўсяго некалькі дзясяткаў чалавек. Вось і шукаюць гэтых некалькіх лялькаводаў», – патлумачыў Буракоў.

Ператрус у магілёўскага праваабаронцы і журналіста Алеся Буракова – старэйшага.
Фота: Белсат
Ператрус у магілёўскага праваабаронцы і журналіста Алеся Буракова – старэйшага.
Фота: Белсат

16 лютага ператрус прайшоў удома ўва ўсіх праваабаронцаў магілёўскай «Вясны» і ў самім офісе. Алеся Буракова – старэйшага ў той дзень удома не было, тады сілавікі рушылі да ягоных бацькоў. 16 лютага пасля ператрусу ў бацькоў Буракова забралі іхны ноўтбук, тэлефон, а таксама выразкі з газеты «Народная воля».

Hавiны
Рэпрэсіі працягваюцца. У журналістаў і праваабаронцаў у розных гарадах праводзяць ператрусы
2021.02.16 08:23

Вольга Васільева belsat.eu

Стужка навінаў