Вонкавапалітычная служба Еўразвязу асудзіла вырак журналісткам «Белсату»

Прадстаўнік вонкавапалітычнай службы Еўразвязу Пэтэр Стана выступіў з асуджэннем прысуду журналісткам «Белсату» Кацярыне Андрэевай Дар’і Чульцовай. Учора нашыя каляжанкі атрымалі па два гады пазбаўлення волі.

У сваёй заяве прадстаўнік вонкавапалітычнай службы Еўразвязу Пэтэр Стана рашуча асуджае рэпрэсіі, што чыняць беларускія ўлады пасля «сфальсіфікаваных выбараў»:

«Учора дзве журналісткі «Белсату» – Дарʼя Чульцова і Кацярына Андрэева – былі асуджаныя на два гады пазбаўлення волі паводле неабгрунтаваных абвінавачанняў. Аналагічная доля спасцігла і іншых працаўнікоў СМІ. Такія вердыкты накіраваныя на тое, каб запалохаць і прымусіць замаўчаць журналістаў і працаўнікоў СМІ, якія проста выконваюць сваю працу, а таксама, каб фактычная інфармацыя не дайшла да беларускага народа і за яго межы».

Вонкавапалітычная служба Еўразвязу настойліва заклікае беларускія ўлады спыніць парушэнні правоў чалавека, асноўных свабодаў, у тым ліку свабоды прэсы, а таксама злоўжыванні вяршэнствам закона. Замест эскалацыі гвалту яны маюць паважаць жаданні сваіх грамадзянаў і весці нацыянальны дыялог.

Чацвёрты дзень суда над журналісткамі Белсату. Кацярыне Андрэевай і Дар’і Чульцовай вынеслі прысуд. Ім прысудзілі два гады ў калоніі агульнага рэжыму. Менск, Беларусь. 18 лютага 2021 году. Фота: АВ / Белсат

Кацярына Андрэева і Дар’я Чульцова былі затрыманыя 15 лістапада за стрым, падчас якога паказалі жорсткі разгон акцыі памяці Рамана Бандарэнкі і разбурэнне сілавікамі народнага мемарыялу на плошчы Пераменаў. Спачатку на дзяўчат склалі адміністратыўныя пратаколы паводле арт. 23.34 і 23.4 КаАП: іх звінавацілі ў тым, што яны нібыта бралі ўдзел у несанкцыянаванай акцыі пратэсту і не падпарадкоўваліся пры гэтым міліцыі. 17 лістапада суд Кастрычніцкага раёну пакараў журналістак за прафесійную дзейнасць 7 соднямі адміністратыўнага арышту. У пастанове адзначалася, што складу злачынства ў іхных дзеяннях няма.

20 лістапада ім выставілі абвінавачанне паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэксу («Арганізацыя і рыхтаванне дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак»). Для дзяўчат абралі меру стрымання ў выглядзе арышту, яны былі этапаваныя ў жодзінскую турму. Там іх трымалі ў розных камерах.

Суд Фрунзенскага раёну Менску пакараў нашых каляжанак двума гадамі пазбаўлення волі.

ЯП belsat.eu

Hавiны