Дзяржаўны дэпартамент ЗША ўвёў санкцыі супраць 43 асобаў з Беларусі

Сцяг ЗША. Фота: pixabay.com

Апублікаваная на партале Дзяржаўнага дэпартаменту заява тлумачыць прычыны ўвядзення санкцыяў у дачыненні асобаў, якія падтрымліваюць улады, што парушаюць правы чалавека і чыняць гвалт.

«Злучаныя Штаты па-ранейшаму ўстрывожаныя жорсткімі рэпрэсіямі рэжыму Лукашэнкі супраць мірных дэманстрантаў, дэмакратычных актывістаў і журналістаў. Асабліва турбуюць напады 16 лютага на праваабарончую арганізацыю «Вясна», Беларускую асацыяцыю журналістаў і незалежных прафсаюзных работнікаў, а таксама непакоіць вынясенне прысудаў журналісткам Кацярыне Андрэевай і Дар’і Чульцовай 18 лютага.

Чацвёрты дзень суда над журналісткамі «Белсату». Кацярыне Андрэевай і Дар’і Чульцовай агучылі вырак. Ім прысудзілі два гады ў калоніі агульнага рэжыму. Менск, Беларусь. 18 лютага 2021 года. Фота: АВ / «Белсат»

Дзяржаўны дэпартамент ЗША зрабіў захады, згодна з Дэкларацыяй прэзідэнта аб увядзенні візавых абмежаванняў, адносна 43 грамадзянаў Беларусі, адказных за парушэнне правоў чалавека ў Беларусі. Асобам, імёны якіх не называюць, забаронены ўезду ў ЗША. Пад санкцыі патрапляюць: высокапастаўленыя службовыя асобы сектару юстыцыі; кіраўнікі праваахоўных органаў і шараговы персанал, якія затрымлівалі мірных дэманстрантаў і здзекаваліся з іх; суддзі і пракуроры, якія бяруць удзел у асуджэнні мірных дэманстрантаў і журналістаў на турэмныя тэрміны; акадэмічныя адміністратары, якія пагражалі студэнтам за ўдзел у мірных акцыях пратэсту.

Раней ЗША ўвялі візавыя абмежаванні для 66 асобаў. Сярод іх былі высокапастаўленыя чыноўнікі рэжыму Лукашэнкі, а таксама грамадзяне Расеі і Беларусі, якія садзейнічалі перашкодзе ў працы незалежных СМІ ды іншым чынам падрывалі прынцыпы свабоды слова ў Беларусі.

Злучаныя Штаты працягваюць падтрымліваць міжнародныя намаганні ў незалежным расследаванні выбарчых парушэнняў у Беларусі, парушэнняў правоў чалавека, звязаных з выбарамі, і наступных рэпрэсіяў».

МГМ belsat.eu

Hавiны