195-ы дзень пратэсту: суд па справе «нуль праміле», 10 гадоў для сведкі забойства Шутава


Паслявыбарчыя пратэсты ў Беларусі доўжацца 195 дзён. На судовыя лавы працягваюць саджаць новых беларусаў, а ў гэты час забойцаў называюць пацярпелымі.

Пачаўся суд па справе «нуль праміле»

Першы дзень суда над журналісткай ТUT.BY Кацярынай Барысевіч і лекарам Арцёмам Сарокіным. У судзе Маскоўскага раёну Менску. 19 лютага 2021 года.
Фота: TUT.BY

19 лютага ў судзе Маскоўскага раёну Менску распачаўся суд над журналісткаю TUT.by Кацярынаю Барысевіч і доктарам БХМД Арцёмам Сарокіным. Журналістку і доктара вінавацяць паводле ч. 3 арт. 178 КК («Раскрыццё медычнай таямніцы»). Артыкул прадугледжвае да трох гадоў пазбаўлення волі.

Кацярыну Барысевіч і Арцёма Сарокіна затрымалі 19 лістапада ў сувязі з крымінальнаю справай аб нібыта раскрыцці медычнай таямніцы збітага да смерці Рамана Бандарэнкі.

Hавiны
За што судзяць Кацярыну Барысевіч і Арцёма Сарокіна
2021.02.19 09:00

Працэс закрылі ад прэсы. Аб закрыты фармат працэсу хадайнічала пракурор Людміла Іваненка. Паводле яе, будуць абвяшчацца матэрыялы, якія яшчэ не асвятляліся.

«Каб пазбегнуць раскрыцця медычнай таямніцы, што пад аховаю закону, і звестак папярэдняга расследавання. Матэрыялы справы ўтрымліваюць медычныя дакументы, у тым ліку тыя, што раней не публікаваліся».

Алену Бандарэнку, маці Рамана, выдалілі з залі, але запрасілі на час допыту. Яна жадала, каб працэс быў адкрыты. Адвакаты Андрэй Мачалоў, Міхаіл Баднарчук (абараняюць Кацярыну Барысевіч) і Вольга Бацюк (абараняе Арцёма Сарокіна) коратка пракаментавалі пачатак судовага працэсу. Паводле абаронцаў, Кацярына Барысевіч і Арцём Сарокін чулі людзей, якія прыйшлі іх падтрымаць: «Абвінавачаныя хацелі, каб працэс быў адкрытым, на жаль, суд вырашыў інакш».

Сведка забойства Шутава можа атрымаць 10 гадоў, справы за Тарайкоўскага не будзе

Сведка забойства Генадзя Шутава Аляксандр Кардзюкоў у судзе.
Фота: Белсат

У судзе Берасцейскай вобласці працягваецца працэс над Аляксандрам Кардзюковым, сведкам забойства Генадзя Шутава. Пракурор Генадзь Буры запатрабаваў для вязня 10 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Вінаватым патрабуюць вызнаць і нябожчыка, але без прызначэння пакарання.

Першапачаткова Аляксандра Кардзюкова вінавацілі ў супраціве працаўніку органаў унутраных справаў (ч. 2 арт. 363 КК РБ). Мужчыну пагражала да пяці гадоў пазбаўлення волі. Пазней абвінавачванне перакваліфікавалі ў замах на забойства (ч. 2 арт. 139 КК РБ).

11 жніўня падчас пратэстаў у Берасці спецназавец з Мар’інай Горкі Раман Гаўрылаў застрэліў мінака Генадзя Шутава. Аляксандр Кардзюкоў быў сведкам гэтага эпізоду. Яго затрымалі праз некалькі дзён. Пацярпелыя не Шутаў і Кардзюкоў а Гаўарылаў і ягоны напарнік – прапаршчык Арсеній Галіцкі.

Hавiны
Сведку забойства Генадзя Шутава хочуць пасадзіць на 10 гадоў
2021.02.19 16:45

А следства па першым паслявыбарчым забойстве не будзе. Следчы камітэт па Менску пастанавіў не распачынаць крымінальнай справы па факце смерці Аляксандра Тарайкоўскага. Пра гэта заявіў старшыня Следчага камітэту Беларусі Іван Наскевіч.

Hавiны
Аляксандра Тарайкоўскага забілі сілавікі. У СК патлумачылі, чаму не будзе крымінальнай справы
2021.02.19 14:22

Аляксандру Тарайкоўскаму было 34 гады, яго забілі каля метро «Пушкінская» ў Менску позна ўвечары 10 жніўня 2020 г. Ён стаў першай ахвярай паслявыбарчых сутыкненняў у Беларусі. Пра ягоную смерць МУС паведаміла ўжо праз некалькі хвілінаў. Пры гэтым адзначалі, што мужчына загінуў ад выбуховай прылады, якую трымаў у руках. Аднак з сённяшняй заявы СК вынікае, што яго ўсё ж такі забілі сілавікі.

«Сваймі дзеяннямі Тарайкоўскі правакаваў праваахоўнікаў, яны не ведалі ягоных апраўдальных намераў і мэты дзеянняў. А з улікам аператыўнай інфармацыі пра мажлівыя тэракты, наяўнасці ў пратэстоўцаў выбухных рэчываў, зброі ўспрынялі яго як рэальную пагрозу жыццю і здароўю як працаўнікоў, так і самых пратэстоўцаў.

У сувязі з гэтым работнікі праваахоўных органаў дзеялі выключна ў межах інструкцыяў і выкарысталі ў дачыненні Тарайкоўскага несмяротную зброю, дзеянне якой накіраванае не на паражэнне, а на фізічнае спыненне, з бяспечнай адлегласці, якая выключае смяротны вынік. Праз шэраг трагічных абставінаў адно з раненняў аказалася пранікальным, у выніку якога смерць Тарайкоўскага наступіла на месцы здарэння», – заявіў Іван Наскевіч.

Улады атрымалі новыя санкцыі

Аляксандр Лукашэнка падчас УНС. 12 лютага 2021 года.
Фота: president.gov.by

Дзяржаўны дэпартамент ЗША ўвёў санкцыі супраць 43 асобаў з Беларусі. Апублікаваная на партале Дзярждэпу заява тлумачыць прычыны ўвядзення санкцыяў у дачыненні асобаў, якія падтрымліваюць улады, што парушаюць правы чалавека і чыняць гвалт.

«Злучаныя Штаты па-ранейшаму ўстрывожаныя жорсткімі рэпрэсіямі рэжыму Лукашэнкі супраць мірных дэманстрантаў, дэмакратычных актывістаў і журналістаў. Асабліва турбуюць напады 16 лютага на праваабарончую арганізацыю «Вясна», Беларускую асацыяцыю журналістаў і незалежных прафсаюзных работнікаў, а таксама непакоіць вынясенне прысудаў журналісткам Кацярыне Андрэевай і Дар’і Чульцовай 18 лютага».

Дзяржаўны дэпартамент ЗША зрабіў захады, згодна з Дэкларацыяй прэзідэнта аб увядзенні візавых абмежаванняў, адносна 43 грамадзянаў Беларусі, адказных за парушэнне правоў чалавека ў Беларусі. Асобам, імёны якіх не называюць, забаронены ўезду ў ЗША. Пад санкцыі трапляюць высокапастаўленыя службовыя асобы сектару юстыцыі; кіраўнікі праваахоўных органаў і шараговы персанал, якія затрымлівалі мірных дэманстрантаў і здзекаваліся з іх; суддзі і пракуроры, якія бяруць удзел у асуджэнні мірных дэманстрантаў і журналістаў на турэмныя тэрміны; акадэмічныя адміністратары, якія пагражалі студэнтам за ўдзел у мірных акцыях пратэсту.

Hавiны
Дзяржаўны дэпартамент ЗША ўвёў санкцыі супраць 43 асобаў з Беларусі
2021.02.19 13:56

Вялікая Брытанія на сваім сайце ўраду абнавіла спіс беларускіх чыноўнікаў, суддзяў і сілавікоў, да якіх ужытыя санкцыі.

У спісе кіраўнік Белтэлерадыёкампаніі Іван Эйсмант, міністр інфармацыі Ігар Луцкі, кіраўнік Гарадзенскай вобласці Уладзімір Каранік, старшыня Савету Рэспублікі Наталля Качанава, генпракурор Андрэй Швед, кіраўнік Менскай вобласці Аляксандр Турчын, віцэ-прэм’ер Анатоль Сівак, суддзя Алена Жывіца ды іншыя. Усяго 27 чалавек.

ЯП belsat.eu

Стужка навінаў