Затрыманні і ператрусы 19 студзеня: прыйшлі да актывістаў БСДП і Магілёўскага праваабарончага цэнтру


Беларускія палітыкі і праваабаронцы паведамляюць пра чарговую хвалю затрыманняў і ператрусаў.

19 студзеня была затрыманая сябра прэзідыума Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада), адна з адміністратараў партыйнага тэлеграм-каналу «БСДП» Людміла Волкава. Як паведаміў у Facebook кіраўнік партыі Ігар Барысаў, да яе на працу прыйшлі праваахоўнікі, пасля разам з ёй яны накіраваліся да Людмілы дамоў, дзе зладзілі ператрус.

Таксама ў партыйным тэлеграм-канале сімволіка БСДП была замененая на дзяржаўны герб, а ўсе падпісчыкі былі выдаленыя. Зараз яго праца адноўленая.

Актывістку абвінавачваюць паводле арт. 342 КК («Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх»).

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: АК / Белсат

Між тым «Беларуская рада культуры» паведамляе, што затрыманы пісьменнік і журналіст Севярын Квяткоўскі. Высвятляем акалічнасці.

А «Mayday Team» паведамляе пра ператрусы ў сябраў грамадскай арганізацыі «Магілёўскі праваабарончы цэнтр» – адзінай у Беларусі рэгіянальнай арганізацыі праваабаронцаў, зарэгістраванай уладамі.

18 студзеня сілавікі ў цывільным заявіліся да сябра праўлення МПЦ Аляксандра Паўловіча, аднак нічога не канфіскоўвалі.

Раніцай 19 студзеня яны ўварваліся да чальца кантрольна-пагаджальнай камісіі 82-гадовай Яўгеніі Цюркінай, у якой канфіскавалі сістэмны блок камп’ютара.

У гэты ж дзень з працы забралі яшчэ аднаго сябра МПЦ Васіля Ліпскага. Яго завезлі ў ягоную кватэру, якую таксама абшукалі, але нічога не канфіскавалі.

Абноўлена
У офісе «А1» прайшлі ператрусы
2022.01.19 18:17

МГ belsat.eu

Стужка навінаў