«Я быў адзінай крыніцай падтрымкі для бацькоў і брата-інваліда». Апошняе слова Аляксандра Івуліна


У судзе Савецкага раёну Менску 19 студзеня агучаць прысуд спартоваму журналісту Аляксандру Івуліну. Пракурор запытаў для яго 2 гады пазбаўлення волі.

Падчас паседжання Івулін выступіў з апошнім словам, тэкст якога размясціла ў сябе ў Фэйсбуку праваабаронца Таццяна Гацура. Даем цалкам выступ журналіста:

«Мне хочацца зазначыць, што апошнія сем месяцаў я не мог дапамагаць не толькі свайму футбольнаму клубу, але і галоўным заўзатарам у маім жыцці – маім бацькам. Мае бацькі – мама-пенсіянерка і бацька – інвалід трэцяй групы. Але, акрамя іх, у мяне яшчэ ёсць вельмі важны балельшчык. Для мяне гэта максімальна асабістая гісторыя.

Рэч у тым, што ў мяне ёсць брат, ён інвалід з дзяцінства. Яго клічуць Сяргей, і яму сёлета споўніцца 39 гадоў. Гэта мой старэйшы брат, але з-за спецыфікі ягонага псіхічнага развіцця ягоная сацыялізацыя не прайшла, як трэба. І ў 39 гадоў ён не можа забяспечваць сябе, ён не можа працаваць. Фактычна, увесь круг камунікацыі чалавека – гэта тры чалавекі, адзін з якіх я. У яго няма сяброў, няма знаёмых.

І, каб вы разумелі, калі я сядзеў у СІЗА, у яго быў дзень народзінаў. І самым значным падарункам для яго было б, «каб Сашу адпусцілі дамоў». Але гэтага не здарылася, і рэч у тым, што з-за спецыфікі ягонага развіцця мы можам камунікаваць толькі ўжывую, таму я стараўся як мага часцей ездзіць да бацькоў, стараўся яго наведваць.

Мы цяпер не можам камунікаваць праз мэсэнджары па тэлефоне, мы можам камунікаваць толькі пры асабістай сустрэчы. І мяне вельмі непакоіць, што калі маё ўтрыманне пад вартаю працягнецца яшчэ доўга, то ягоная сацыялізацыя… Яму будзе вельмі цяжка прызвычаіцца да мяне.

Вельмі важны момант, што мае бацькі – людзі не маладыя. І калі з імі, крый Бог, нешта здарыцца, то адзіным чалавекам, які можа ўзяць апеку над маім братам, буду я. Справа ў тым, што памер пенсіі ў жанчыны, якая ўсё жыццё адпрацавала ў дзіцячым садку, і памер пенсіі мужчыны-інваліда не высокі. Таму для маіх бацькоў у апошнія гады адзінай крыніцай не толькі маральнай, але і матэрыяльнай падтрымкі быў я.

Таму мне б вельмі хацелася папрасіць высокі суд улічваць гэтыя абставіны пры вынясенні прысуду. І на заканчэнне мне б хацелася сказаць, што, нягледзячы на ўсё, што адбываецца, я па-ранейшаму працягваю верыць у вяршэнства закону, я працягваю верыць у нормы чалавечай маралі, і я працягваю верыць у людзей».

ГГ, belsat.eu

 

Стужка навінаў